epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Сонечны дождж

Ён паліўся... Спорны, шчодры.

Церабнуў па промнях коса,

Зазваніў са стрэх у вёдры,

На дварэ абмыў калёсы.

 

Падстаўляюць чашкі кветкі —

Хочуць піць пасля спякоты,

А ільнам, бы нам, няўседкі —

Ліўнем мыюцца з ахвотай.

 

Веццем-прыгаршчамі клёны

Дажджавыя кроплі ловяць;

Як жаніх, стаіць зялёны,

Чыста вымыты ядловец.

 

А пасля дажджовай працы

Прыгажосць зямля прыдбала,

Нават сонца прыбірацца

У вясёлку спешна стала.