epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Спачуванне

Ты, Сальвадор, і нам баліш,

Як наша колішняя рана:

І мы караныя былі

За спачуванне партызанам.

 

За спачуванне цішыні,

За спачуванне сонцу, ранню,

Цябе караюць дзень пры дні

За спачуванне, спачуванне.

 

Распяты на крыжах вайны

Бацькі твае, і іх караюць

За тое толькі, што яны

Сваім жа дзецям спачуваюць.

 

Дзяцей расстрэльваюць звяры —

І дзеці зноў жа вінаваты,

Што бацькам сваім наўзрыд

Спачуваюць, немаўляты.

 

За спачуванне да зямлі,

За спачуванне да радзімы

Людзей спяшаюцца спаліць,

Надзею, волю — разам з імі.

 

Караюць смерцю гарады,

Гараць лясы, палаюць вёскі.

За тое, што далі вады,—

Калодзежы і хаты ўроскід.

 

І паляць у дамах жанчын,

І топчуць немаўлят у іле,

І мы ад болю іх крычым —

Нас так тапталі, так палілі.

 

Мы помнім звар’яцелы час,

Калі ў агонь людзей зганяюць...

Матулі гэтак, як і ў нас,

Дзяцей сабою засланяюць.

 

А іх — галоўкаю... насмерць...

А іх, падкінуўшы,— мачэтэ...

Скажыце, як не звар’яцець

Матулям, бачачы ўсё гэта?!

 

Як пераносіш гэты жуд,

Далёкі, блізкі нам народзе?!

Крывава найміты і тут

Рукой тваіх забойцаў водзяць.

 

Ты, Сальвадор, і нам спаўна

Баліш, нібыта наша рана:

Яны страляюць і па нас —

Мы ж спачуваем партызанам!