epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Спатыкнешся аб чэрвень, бывае..."

Спатыкнешся аб чэрвень, бывае —

І зімою захочацца піць...

Быццам спёка, як смага, даймае,

Быццам сонца, як задуш, вісіць.

 

Разамлееш сярод завірухі,

І травою запахнуць снягі.

І сняжынкі, як лёткія мухі,

І сумёты, нібы мурагі.

 

І, здаецца, як летам — успомні!—

Ты пад сонцам на лузе ляжыш.

А цябе паказытваюць промні,

Бы нядократкі ці мурашы.

 

Спатыкнешся аб чэрвень зімою —

І забудзеш на ўсе халады...

Ты пабудзь, маё лета, са мною...

Ну, куды ж ты па гурбах, куды?