epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Спёка

Духата... Цішыня захрасла.

Як мёд, яе рэж, цягучую...

Глыбока ў званочку краскі пчала ўздыхае сасмаглая,

Жаўранак песню ўпусціў, і тая аб поле разбілася,

Стомлены бусел падскоквае

на патэльні сухога балота,

Камбайны па жыце сноўдаюць —

шукаюць свайго вадапою,

А калі іх з вядра пояць людзі,

без страху сюды збіраюцца

Птушкі, звяры паручнелыя, і кожны глыток яны

лічаць.

А зямля, як гаршчок гліняны, патрэскалася на

кавалкі,

Сама берагамі, як вуснамі,

прыпала да рэк перасохлых

І з прагнасцю з дна высмоктвае

апошнія цёплыя кроплі...

А громаадводаў антэны

ў небакрай углядаюцца пільна —

Кожную хмарку гатовы затрымаць на сваіх

іголках.

І толькі чуваць, як стукае

чалавечае сэрца ўзрушана —

Бы кроплі

буйнога

дажджу.