epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Споведзь

1
2
3
4


Пасівелы мой лес,

Я твой вечны палоннік,

Я твой вечны даўжнік,

Прад табой на каленях стаю.

Я спяшаў да цябе,

Як спяшае стамлёны паломнік,

Каб паспець, каб данесці

Няхітрую споведзь сваю.

 

 

1

Я люблю цябе, лес,

За тваю чалавечую шчодрасць,

Калі ты накрываеш

Абрусам паляны-сталы,

А на іх высыпаеш

Зялёныя поўныя вёдры

І суніц, і чарніц,

І грыбкоў — карапузаў малых.

 

А калі на рабіну

Наніжаш пляцёнкі караляў,

Журавінныя лямпачкі

У імхах пазапальваеш ты —

Аглядае вавёрка арэхі.

Што ў цябе панакрала,

А барсук для пасцелі

Тралюе сухія лісты.

 

2

Не люблю цябе, лес,

Калі многа няшчасцяў прарочыць

Усім тваім жыхарам

Твая сонцам напятая ціш.

Ты ж зялёную шапку

Насунуў на самыя вочы,

Каб нічога не бачыць,

І гэтак зацята маўчыш.

Ты схаваў у галлі

Дзюбу ястраба злога,

Што цікуе за зайцам —

Нявіннай лясною душой.

Сук падставіў пад стрэльбу,

Каб зноў ад ласінага рога

Не бярозкаю пахла,

А порахам пахла ужо.

 

3

Мне шкада цябе, лес,

Пашчапаны вайною,

Тваіх ран, што на непагадзь

Шчэ і сёння гудуць...

Мне шкада тых бярозак,

Якіх раняць кожнай вясною,

А людзі іх слёзы

Збіраюць у жбан, бы ваду.

 

Мне шкада, калі сосны

Паміраюць заўчасна,

Расстраляныя вострай

Падсочнай стралой;

За цябе мне, мой лесе,

Неяк робіцца страшна,

Калі кожны твой пень

Выглядае магільнай плітой...

 

4

Я люблю цябе, лес,

Як зямлю перад кветам,

І злую на цябе,

Бы на восеньскі сум,

І шкада мне цябе,

Быццам зжатага лета,

Ты патрэбен мне, лес,

Як спачынак касцу.