epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Стаю абдожджаны..."

Стаю абдожджаны.

З маіх галін сцякаюць кроплі —

Ціхія і спавольныя.

З маіх лістоў выпараюцца дажджыны —

Я нават чую, як промні

Адрываюць іх ад зялёнай маёй скуры.

І сонца над самаю кронаю.

І над табою — таксама сонца.

І ты, уся абмытая ліўнем,

Такая чыстая, зялёная і юная.

Мне хочацца падысці да цябе,

Абняць цябе

І расчулена пагладзіць па тваіх зялёных

лістах.

Але ж карэнне!

Карэнне замінае І не дае падысці да цябе,

Хоць ты і стаіш гэтак блізка!

І ўсё ж я вырвуся з абдымкаў зямлі!

І атрасаючы дзёран з карэння,

І распырскваючы цёплую дажджавую ваду ў

лужынах,

Наўскач, як хлапчук, пабягу да цябе.

І мае галіны сплятуцца з тваімі,

І я прыгарнуся да цябе так шчыра,

Што нават не буду чуць,

Як скочваюцца з тваіх лістоў

За кару мне кроплі

І як трывожна абсыхае

Маё, разлучанае з зямлёю,

Карэнне...