epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Стамілася сэрца. Спынілася..."

Стамілася сэрца. Спынілася.

Маленькі такі кулачок.

А колькі крывёй нахадзілася

Па цесных сцяжынах праток.

 

Такое не дзіва намарыць,

Каб гэтак, малечы, жывіць

Сто тысяч сцяжын-капіляраў,

Сто тысяч дарог для крыві.

 

За нейкае там паўхвіліны

Сцяжынкі усе аббяжыць,

Бо кожная клетка павінна

Жыць,

жыць,

жыць...

 

Стамілася сэрца. Досыць.

Замоўкла, як кінуты пуць.

А цела жывое просіць

Хоць кроплю крыві удыхнуць.

 

А новыя сэрцы, што з клеткі

Гадуюць у цемры ячэй,

Яшчэ пачуваюцца летка —

Банк сэрцаў пустуе яшчэ.

 

І толькі штучнае сэрца —

Самаробна-гулкі працяг —

І ў мёртвым старанна б’ецца,

Грымотна грукоча ў грудзях.

 

Здаецца, чуваць між абвалаў,

Чуваць — між лясоў, між муроў:

Яно як ні ў чым не бывала

Пампуе ў аорту кроў.

 

І нават сэрца жывое

Сціскаецца ў камячок —

Нібы чуе побач з сабою

Пластмасавы халадок.