epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Што з табой, свеце мой любы..."

Што з табой, свеце мой любы,—

Нашто ты гадуеш бяду?

Зубы скрыгочуць аб зубы,

Сэрцы на сэрцы ідуць.

 

Бачыш, як мятлушка б’ецца

На жудна-нейтроннай вярсце,

І часам напраўду здаецца,

Свеце, што ты звар’яцеў.

 

Стаім мы на ўздыбленай глебе,

Пад намі вулканіцца жвір.

Кажуць, чым горай, тым лепей,

Кажуць, вайна — гэта мір.

 

Не чуюць надзеі вушы,

І вочы не бачаць змен,

Нібы заблудзіліся душы

У лесе жалезным антэн.

 

Замежжа, Замор’е, Загінне...

Спыніце вашу гайню!

Хто любіць людзей, той павінен

Насмерць ненавідзець вайну.

 

Нараджаецца атамны вецер,

Ён хаты, бы гнёзды, змяце.

А ў гняздзе, што Зямлёй завецца,

Кормяць матулі дзяцей.

 

І рукі набраклі работай,

Сэрцы пульсуюць дабром...

Навошта ж атрутная слота,

Навошта ядзерны гром?!