epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Там, дзе Сібір...

Белая карова
Чацвёртая частка віны
Уцёкі з суда
Ядры яго ў корань


І вось ён, той зімны край, які не ўяўляецца без марозу і снегу. Я думаў, што сустрэнуся з яго холадам, а стрэўся з утомнай спёкаю: як не ад самай вясны над Сібірам гаспадараць апалы, гарачыня.

Аўтобус, весела пафыркваючы, выбягае з Мінусінска. У аўтобусе душна. І ціха — каму ахвота ў такую задуху язык варочаць!

Не спяшаючыся, перабегла дарогу спакойная, задумёная Оя. Колькі я наслухаўся пра гэтую раку — кажуць, што ў вытоках яна можа ўразіць самага раўнадушнага чалавека.

Удалечыні, дзіўнавата выгінаючыся, блішчыць танюсенькі Енісей. Адсюль ён здаецца невялічкаю, гэткай, як Оя, рэчкаю. Над самым небакраем у блакітнай смузе грувасцяцца тасхылы — снежныя вяршыні Саянаў.

Шушанскае... Тысяча дзён сібірскай ссылкі Уладзіміра Ільіча Леніна. Тысяча дзён, як ён сам казаў, змушанага сядзення.

Ён прыехаў сюды маладым чалавекам. Яму было тады ўсяго толькі 27 год. Ён яшчэ не правадыр. Ён — проста ссыльны рэвалюцыянер. Але ў «Саюзе барацьбы за вызваленне рабочага класа» яго ўжо ведаюць як вопытнага кіраўніка. Для ўсіх ён пакуль што яшчэ Уладзімір Ульянаў — псеўданімам «Ленін», які пазней будзе ведаць увесь свет, ён падпішацца ўпершыню толькі пасля гэтай ссылкі, у 1901 годзе.

Ганна Сямёнаўна Сяродкіна, дачка сялянкі Пятровай, дзе Ленін жыў на кватэры, калі яе сёння распытваюць пра Уладзіміра Ільіча, гаворыць:

— Каб жа я ведала, што ён такі вялікі чалавек, дык я б за ім увесь час хадзіла, кожнае слова яго запамінала б. А нам тады ён быў проста ссыльны, проста Ульянаў.

А што ж я змагу напісаць пра Леніна? Што новае, невядомае пра Ільіча змагу я расказаць, калі пра яго ўжо столькі напісана да мяне?

Я ж выдумляць тут нічога не збіраюся. Паспрабую толькі па пісьмах, успамінах, гутарках з людзьмі, якія ведалі ссыльнага Ульянава, узнавіць, як жыў і чым займаўся ў Шушанскім Ленін.

Геніі — часцей за ўсё простыя і сціплыя людзі. Геніяльнымі яны робяцца ў сваіх творах, у сваіх адкрыццях, у сваёй рабоце. А ў жыцці — гэта звычайныя, як і ўсе мы, людзі. Але ад іх кожную секунду — ці яны вячэраюць, ці разборсваюць чаравікі, ці дурэюць з дзецьмі — чакаюць толькі геніяльных думак. Леў Талстой у час свае найвялікшае сусветнае славы, разумеючы, што многія дзівакі глядзяць яму ледзь не ў самы рот, чакаючы геніяльных думак ці высноў, знарок іншы раз гаварыў нейкае безнадзейнае глупства і потым смяяўся ў душы, назіраючы збоку, як гэта дзівіць яго інтэлектуальных субяседнікаў. Ды і звычайныя чалавечыя размовы і клопаты іх не задавальнялі — такое здавалася ім завельмі простым для генія...

Ленін таксама быў вельмі просты. Пра гэта напісана многа — ленінская прастата стала ўжо сёння легендарнай. Уладзімір Ільіч хутка сыходзіўся з людзьмі. «Калі я ўпершыню сустрэўся з Ільічом,— успамінае Лепяшынскі,— то ўсе мае ўяўленні аб ім як аб «генерале», аб насмешлівым і жорсткім чалавеку (а менавіта так гаварылі пра яго некаторыя сябры) развеяліся ўшчэнт пасля першых жа хвілін знаёмства з ім».

Сярод шматлікіх ленінскіх здымкаў мяне больш за ўсё кранае той, дзе ён сарамліва ўзняў руку — ці то для прывітання, ці то для развітання,— а ў яго ласкавым паглядзе, ля маршчынак, што праменяцца ад вачэй, столькі цеплыні, шчырасці, дабрыні...

Вось я і хачу як льга болей даведацца, распытаць пра Чалавека — адміністрацыйна-ссыльнага Ульянава, які вясною 1897 года ўпершыню, не па сваёй ахвоце, прыехаў у Шушанскае.

«...Я адчуваю... сябе вельмі спакойна: сваю нервознасць пакінуў у Маскве. Прычынай яе была няпэўнасць становішча, больш нічога. Цяпер жа няпэўнасці значна менш, і таму я адчуваю сябе добра»,— пісаў Ленін яшчэ з дарогі.

Цяпер сапраўды становішча ў яго было пэўнае.

Недзе там, далёка ў Еўропе, у настылым Пецярбурзе, астаўся яго халодны пакойчык, дзе за тоненькай, як мембрана, сценкаю брынькае на балалайцы сусед. Адсюль за чатыры дні да арышту, у снежні, ён пісаў пісьмо маці і супакойваў яе: маўляў, пакуль што надвор’е тут добрае, і таму яго лёгкае паліто якраз па сезоне... Яго пакойчык, мусіць, гаспадары здалі ўжо некаму іншаму, і той, іншы, можа, во цяпер раззлавана слухае брыньканне непаслухмянай балалайкі... А можа яму, іншаму, гэта якраз падабаецца...

Недзе таксама там асталіся цэлыя плоймы вымуштраваных шпегаў, якія добра ўмеюць прыкідвацца — яны могуць цэлымі гадзінамі вельмі ж уважліва разглядаць нешта ў выпадковай вітрыне альбо цэлага паўдня, не гартаючы, спакойна чытаць адну і тую ж газету. А як яны заварушацца, як замітусяцца (акурат — мурашнік, у які ўторкнулі палку), калі зразумеюць, што Ульянаў, той, хто павінен быў, не падазраючы гэтага, прывесці на канспіратыўную кватэру, перахітрыў іх і незаўважна знік.

Там асталіся пецярбургскія дворнікі, якія амаль усе тайна служылі ў паліцыі і, прыжмурыўшы адно вока, хітравата сачылі, хто да цябе ідзе і куды ходзіш ты. Там асталіся цяпер ужо, мусіць, задобраныя ўладамі правакатары, якія, прыкідваючыся рэвалюцыянерамі, выкарыстоўваючы даверлівасць рабочых, прыжываліся ў іх гуртках.

Недзе там асталіся арышты, турма, цэля, дзівакаваты наглядчык, які, зазіраючы ў акенца, усё дзівіўся і ніяк не мог даўмецца, чаму гэта арыштант Ульянаў, які ніводнага разу не пабываў у турэмнай царкве, зрабіўся такі набожны — адбівае столькі зямных паклонаў. Наглядчык, мусіць, так і не зразумеў, што ў самыя моцныя маразы, калі цэля выстывала, як ваўкаўня, такія гімнастычныя практыкаванні сагравалі і памагалі хутчэй заснуць.

Хваляванне і чаканне, чым скончыцца суд, таксама ўжо былі далёка ззаду. Цяпер усё ўжо было зразумела, усё ясна: перад ім была тысяча аднастайных дзён у глухім сібірскім сяле — уся Шушанская воласць выпісвала тады толькі сем газет... І гэтыя дні трэба было нечым запоўніць.

Якім убачыў Шушанскае Ленін?

«Шу-шу-шу,— так ласкава называў яго Уладзімір Ільіч,— сяло нядрэннае. Праўда, знаходзіцца яно на досыць голым месцы, але непадалёку (вярсты паўтары — дзве) ёсць лес, хоць і вельмі высечаны. Да Енісея праходу няма, але рака Шуш цячэ каля самага сяла, а затым досыць вялікі прыток Енісея недалёка (адна — паўтары вярсты), і там можна будзе купацца. На небакраі Саянскія горы або адгор’і іх; некаторыя зусім белыя, і снег на іх наўрад ці растае калі-небудзь. Значыць, і ў галіне мастацкай сёе-тое ёсць, і я нездарма складаў яшчэ ў Краснаярску вершы: «У Шушы, ля падножжа Саяна...», але далей першага верша нічога, на жаль, не прыдумаў!»

І яшчэ:

«Сяло вялікае, у некалькі вуліц, досыць брудных, пыльных — усё як мае быць! Стаіць у стэпе — садоў і наогул расліннасці няма».

Зялёнае, чыстае Шушанскае! Я хаджу па тваіх прыгожых вуліцах і любуюся, радуюся, як ты змянілася. Хоць зразумець і адчуць твае змены я не магу: я ж не бачыў цябе іншым, такім, якім ты было да рэвалюцыі. А вось той, хто, нягледзячы на прымусовае знаёмства, палюбіў цябе назаўсёды, той бы наўрад ці пазнаў гэтае новае сібірскае сяло. Ён бы, мне здаецца, доўга ўглядаўся ў твае вуліцы, нібы ў твар харошага свайго сябра, якога даўно не бачыў, каб адшукаць хоць якія ранейшыя рысы. Але наўрад ці ўдалося б нават яму знайсці іх. Ты, Шушанскае, сёння зусім іншае сяло.

Вось адміністрацыйны цэнтр. Прыгожыя, сціплыя будынкі райкома партыі, Дома культуры, пошты, гасцініцы. А вось яшчэ навейшае Шушанскае — новыя, сучасныя, пяціпавярховыя дамы, вялізная школа, новая гасцініца. Усё новае. Гэта падарунак шушанцаў стагоддзю з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча — горад-помнік.

А гэта — таксама своеасаблівы юбілейны падарунак. Валасная ўправа, кутузка, карчма...

Гэтая карчма ніколі не чула п’яных песень шушанскіх мужыкоў і адчайнага плачу іх жонак, якія, што ўсё роўна па нябожчыку, галасілі некалі па кожным рублі, пакінутым тут, на мокрым ад разлітай гарэлкі драўляным стале.

Кутузка таксама не будзе ведаць бунтарскага духу сібірскіх мужыкоў, якія на пасланай саломе, да болю сціснуўшы кулакі, доўга варочаюцца і ніяк не могуць звесці вачэй ад крыўды і бездапаможнасці.

Не бойцеся, шаноўныя экскурсанты, смялей заходзьце і сюды... Грозная валасная ўправа толькі спрабуе напусціць на сябе сур’ёзнасць і злосць — гэта ж ад яе патрабуецца, як кажуць, па штату. Тут вас ніхто не абразіць, як гэта было раней, не прымусіць таптацца ў парозе, ніякавата ламаючы ў руках шапку. Нават самы маленькі пісарчучок, які некалі любіў паказаць сябе дужа вялікім начальнікам, сёння ўжо не зможа вас зняважыць — яго тут проста няма. Няма тут і самой яго светласці — валасной лысіны. Даўно ўжо няма. А што на яго стале ляжыць ручка з пяром, толькі што памакнутым у чарніла,— не звяртайце ўвагі. У музеях, паверце, так заўсёды бывае.

А гэта сапраўдны музей. Мемарыяльная зона «Сібірская ссылка У. І. Леніна», дзе ўзнаўляецца ў пачатковым выглядзе частка сяла,— яна будзе выглядаць менавіта так, як выглядала ў той далёкі час.

Лёс сялу выпаў шчаслівы — яно нараджалася другі раз. Улетку, калі мне давялося там быць, старое Шушанскае сама будавалася. Навокал грукалі сякеры, звінелі пілы. Рытм зладжанай працы радаваў кожнага. Такі радасны і ўзнёслы настрой панаваў некалі пасля вайны ў нашых беларускіх вёсках, спаленых фашыстамі, калі нядаўнія салдаты ў палінялых на вайне гімнасцёрках, засумаваўшы па звычайнай рабоце, нанава рубілі цэлыя вёскі...

З Пракопам Тарбаковым, брыгадзірам цесляроў, якія будуюць валасную ўправу, стаім ля новага зруба. Пахне свежымі трэскамі, стружкамі, пілавіннем, смалою — мусіць, кожны зможа сабе ўявіць, які водар дрэва стаіць навокал, калі адразу ставіцца столькі новых зрубаў! Нам не даюць размаўляць: то бібікае «Беларусь» — вязе свежанапілаваныя дошкі; то нас просяць адысціся троху ўбок — сюды трэба прыкаціць толькі што абчасанае бервяно; то прыходзяць параіцца з брыгадзірам, дзе заразаць кроквы.

Пракоп Аляксеевіч, невялікі, прысадзісты мужчына, ссунуўшы шапку як не на самую патыліцу, выцірае рукавом спатнелы твар і гаворыць:

— Многа ў нас работы для сякеры. Гэта ж старое сяло, зрублена яно было толькі сякераю. А сёння ўжо моладзь не дужа ўмее цяслярыць. Старых жа, умелых цесляроў малавата і ўсё меншае і меншае...

Руцэ трэба добра любіць сякеру, рука адразу павінна пазнаваць тапарышча, каб рубіць свае Кіжы. Руцэ цесляра трэба практыка. Тады ў ёй сякера — гэты цяжкі інструмент — стане лёгкай і паслухмянай, як пінцэцік гадзіннікавага майстра.

І тады я зразумеў турботу шушанскай раённай газеты, яе клопаты, якія напачатку мяне здзівілі. Газета, рупячыся пра Ленінскі мемарыял, пісала:

«Цесляры тых далёкіх гадоў працавалі бездакорна.

І трэба вытрымаць дакладнасць, зберагчы іх майстэрства».

І будаўнікі Шушанскага мемарыяла, не саромеючыся таго, што ім многа даводзіцца працаваць, каб не ўступіць цяслярнаму майстэрству сваіх напрактыкаваных продкаў, не спяшаючыся, выпястоўваюць кожны новы вянец, кожны новы будынак — хай сабе гэта будзе карчма ці хата бедняка Ракунова.

Ляскаюць, гахкаюць сякеры ў ІІІушанскім. І ў зоне мемарыяла вырастаюць усё новыя і новыя будынкі. Некаторыя складзены, узноўлены са старых хат. У іх паўстаўляны «пратэзы» — там, дзе вугал адваліўся, дзе згніў падаконнік. Другія — жоўценькія, чысценькія, новенькія. Яны аж блішчаць пад ласкавым летнім сонцам — па бёрнах, нібы ясвы па вадзе, мітусліва скачуць сонечныя зайчыкі. Нават шкада, што праз некалькі дзён іх прымусяць пачарнець.

— Сяло павінна мець стары выгляд. Вось таму мы потым і будзем уводзіць у кожнае новае бервяно антысептыкі. Хаты адразу ж пачарнеюць. Бачыце вунь тую бядняцкую хатку? Бачыце, якая ўчарнелая стаіць? А была ж такая самая жоўценькая. Мы яе ўжо здалі. А пакуль не састарым, камісія не прымае.

Каля хаткі стаяць старыя жанчыны. Глядзяць у акно, паказваюць пальцамі, смяюцца:

— Глянь-ка, поглянь-ка, Катерина! Да ты чё — не видишь? Зыбка-то вон висит. И качается еще. Как все равно ребёночка только что взяли, чтобы мокрые пеленочки заменить. И туески на печи стоят. Чё? Знамо дело, из берёсты! Раньше в таких мы сметану да дрожжи держали. Поварёшка вон даже висит. А поглянь-ка чё на столе — ложки деревянные! Даже обгрызённые. Где они только их подобрали? А вон и скалка — утюг наш давний. Возьми, Катерина, будет чем твоего из гостей встречать...

Дом Зыранава, заможнага селяніна, дзе спачатку жыў Ленін. Узноўлены, таксама прыняты. Пакойчык Ільіча. Невялікі, але які светлы — ён глядзіць на свет аж пяццю шырокімі вокнамі!

А гэта круглы зыранаўскі двор. Менавіта такім (і колькі разоў на дзень!) бачыў яго, пэўна, і Уладзімір Ільіч.

Хатка батрака, што працаваў на Зыранава.

— Барзджэй глядзі сюды, унучак,— чую я побач.— Вуньдзека і прасніца, і кудзелька,— унук глядзіць зусім у другі бок.— А мамачкі мае, вунь жа і красёнцы, такія, як у маткі маёй былі!

«Вуньдзека», «барзджэй...» Трохі дзіўнавата чуць гэтыя глыбінныя беларускія словы тут, у Сібіры...

— Ага, сынок, з Беларусі я,— адказвае на маё пытанне бабулька, якая толькі што паказвала свайму ўнуку кросны.— Гэта ж дзевер быў тут, і ўсё піша: «Прыязджайце ды прыязджайце»... Цяпер я ў саўхозе «Сібір» жыву. Багаты саўхоз — усяго хапае... А там жа ў вас, можа, і цяпер яшчэ ў лапцёх ходзяць, га?

Цётка Хвядора даверліва слухае мой расказ пра сённяшнюю Беларусь, а потым кажа:

— Запішыце, што з вамі гаварыла цётка Хвядора, Хвядора Ягорава, якая жыла даўней у вёсцы Цітаўка Касцюковіцкага раёна. Гэта ж каб бліжэй, ды ў другі час, дык дайжа б заехалі да мяне, пасядзелі б. А то ж я тут сама ў гасцях.

Мілая наша беларуская ветлівасць і гасціннасць! Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць і ўчасціць незнаёмага чалавека, з якім толькі і паспела абмяняцца некалькімі словамі...

У Шушанскім сустрэўся я і яшчэ з адным земляком. Гэта сам дырэктар Шушанскага музея Мікалай Данілавіч Гарадзецкі. Ён ужо даўно расстаўся са сваёй Бабруйшчынай, але ж змякчаць «ч» у сваёй гаворцы так і не навучыўся.

Мікалай Данілавіч вельмі любіць дрэвы. Яшчэ студэнтам ён на сваю стыпендыю панакупляў саджанцаў яблынь і пасадзіў там, у сваёй вёсцы, вялікі сад.

— І сёння з майго саду пасылкі прысылаюць. Яблыкі даходзяць, а грушы — не: паспяваюць згнісці за дарогу.

У сваёй вёсцы ён некалі пасадзіў паабапал вуліцы ліпы, клёны, ясені, бярозы.

— Каб вы ведалі, як цяпер там у нас зелена!

Не развітаўся са сваёй радасцю ён і тут, дзе садоў няма. А ў яго ёсць!

Я зайшоў у яго агарод і здзівіўся — а дзе ж сад?

— Вось ён,— паказваючы на маленькія, як кусты агрэсту, дрэўцы, сказаў Мікалай Данілавіч.— Мой сад сланцавы: без ценю, без шырокіх зялёных крон. Яблыні я саджаю пад вуглом у 45 градусаў. Калі яны распускаюцца, прыгінаю да зямлі спецыяльнымі кручкамі. Клопатаў дужа з імі многа — на зіму трэба закрываць добра, каб не памерзлі, вясною адкопваць. Але ж затое яблыкі сібірскія нават смачнейшымі здаюцца.

І, трохі памаўчаўшы, уздыхнуў:

— Шкада, што мой сад якраз у мемарыяльнай зоне. Сёлета давядзецца з ім развітацца. Мне ўжо новую кватэру ў пяціпавярховым доме далі...

Мінаю здадзеныя ўжо камісіі старэнькія хаткі Шушанскага, спакойную Шуш, дзе весела цялёпкаюцца дзеці (вада, мусіць, цёплая, як сырадой, і трапляю на востраў, дзе любіў адпачываць Ленін. Цяпер тут турбаза, стадыён. Па вузенькай, выбітай, як ток, сцяжынцы ў траве іду да Енісея. Нібы падвешаныя на промнях, мільгацяць перад самым носам мятлушкі. Непадалёку пасвяцца каровы. Адна, мусіць самая збродлівая, з балабонам: нагне галаву, каб да травіны дастаць,— балабон звініць; падніме галаву, каб паглядзець, хто там ідзе,— таксама звініць.

Нада мною кружыць кнігаўка і ўсё дапытваецца: «Чый ты? Чый ты?» А калі ўжо я падышоў, відаць, пагрозліва блізка да яе гнязда, яна, мне здаецца, спалохалася і шпарчэй замахала крыллем, нібы спрабуючы адагнаць прыхадня: «Куды ты! Куды ты!»

І ўсё гэта мне здалося такім знаёмым, нібы я іду сваім лугам.

Уладзімір Ільіч, прабыўшы ў Шушанскім два гады, называў гэтыя мясціны сібірскай Італіяй і на лета клікаў сюды сваю маці:

«Як дача, Шуша нішто сабе, мала чым горш, я думаю (калі горш), за іншыя дачы. Справа толькі ў дарозе».

Вось як? Шушанскае — дача? Дык а што ж тады ссылка, у якую ён так нехаця ехаў? Чым жа яна ўсё-ткі страшная, гэта ссылка?

Перш за ўсё — адзінотай і цішынёю. Да гэтага ён увесь час быў заняты небяспечнай работай па стварэнні «Саюза барацьбы», і таму нават самы доўгі дзень здаваўся завельмі кароткім — як летняя ноч. А тут ён удоўжыўся, пабольшаў, разышоўся ў берагах: колькі ні глядзі, засланіўшы рукою ад сонца вочы,— з аднаго берага, які называецца Раніцай, ніяк не ўгледзіш далёкага другога, які называецца Вечарам. І табе ні сяброў, ні звыклай работы.

Царскі ўрад ведаў, што робіць: ён паспяшаўся адарваць небяспечнага рэвалюцыянера ад рабочых і такім чынам пазбавіць іх кіраўніка.

Па пісьмах Уладзіміра Ільіча адчуваеш, што ў ссылцы ён больш за ўсё асцерагаўся суму, маркоты, хандры, пустога баўлення часу. А тут яшчэ, як на грэх, да яго даходзяць непрыемныя навіны пра ссыльных сяброў: нехта з некім пасварыўся, нехта звар’яцеў, нехта застрэліўся. «Не, не жадай мне лепей сяброў з інтэлігентаў: гэтыя звадныя гісторыі — самае горшае у ссылцы»,— пісаў ён сваёй сястры Ганне Ільінічне пасля самагубства Федасеева.

З’ездзіўшы ў сяло Цесь, дзе адбывалі ссылку Базіль Старкоў і Глеб Кржыжаноўскі (перад гэтым Ільіч пісаў: «З Цесі атрымаў учора паведамленне, што там мае быць вяселле — Базіля з А. М. Завуць мяне ў шаферы»), ён убачыў, што цесінцы засумавалі: Кржыжаноўскі прыхворвае, хандрыць, Старкоў таксама выглядае кепска, сумна. І ён, з характэрнай яму адданасцю, імкнецца разварушыць сяброў, навучыць — як некалі з каменя здабывалі агонь — здабываць радасць жыцця нават з гэтага аднастайнага становішча.

А сам Ільіч стараўся быць спакойным, ураўнаважаным — ён ніколі не адпускаў далёка ад сябе смех. «Пан Ульянаў заўсёды вясёлы»,— гаварыла пра яго пані Тэкля, жонка ссыльнага польскага рэвалюцыянера Яна Прамінскага.

Ён жартуе нават і ў пісьмах. Вось як ён просіць, скажам, прыслаць яму лайкавыя пальчаткі: «Ніколі я іх не насіў ні ў Піцеры, ні ў Парыжы, а ў ІІІушушу хачу паспрабаваць — летам ад камароў. На галаву ж сетку надзенеш, а рукам дастаецца аж занадта. Глеб запэўнівае мяне, што тутэйшыя камары пракусваюць пальчаткі,— але я не веру...»

Пісьмы і кнігі... Гэта адзіная надзейная пупавіна, якая ўсе тры гады звязвала яго з далёкім светам, з усім тым, што асталося па-за Сібірам. Затрымаецца пошта, не прыйдзе паштар — і ўжо табе здаецца, што ты тонеш, нібы ў вадзе, табе не стае паветра, і ты задыхаешся, хоць побач усё тое, што было і раней: і луг у красках, і рэчка, дзе купаюцца дзеці, і лес — увесь у птушыных гнёздах.

І як радасна робіцца, як падкоціцца да сэрца ласкавы камячок, калі ўбачыш у акно, што да хаты Зыранава (а цяпер ужо і тваёй хаты) ідзе паштар, калі пачуеш, як клямкнуць веснічкі, і, мусіць, не ўседзіш, не ўцерпіш — і, пакуль ён будзе абтрасаць снег з катанак, выскачыш на ганак і забярэш з яго рук тоўсты пакунак з кнігамі і ладны пачак пісем.

Дзіва што Уладзімір Ільіч так чакаў аўторка ці пятніцы — паштовых шушанскіх дзён! Чакаў як найвялікшага свята.

Як толькі з'явіўся ў Зыранава ссыльны кватарант, у Шушанскае пайшлі кнігі. У пасылках і бандэролях, на конях, у цягніках і на параходах, нагрэтыя летнім сонцам, змочаныя талая вадою, прамерзлыя у далёкай дарозе — яны ўсё ж знаходзілі сцежку ў гэтае сібірскае сяло.

Кнігі, кнігі, кнігі... І няма ніводнага пісьма, дзе б ён пра іх не ўспомніў. У лістах толькі і чытаеш: пісьмы прыходзяць рэдка, цягнікі ідуць марудна...

«Пры надзвычайнай працягласці часу, з якою ідуць нашы пісьмы, адказы на пытанні прыходзяць так няскора, што на многае адказваць бывае лішнім»,— скардзіцца Ленін сваёй маці.

І ў выніку гэтай маруднасці здараюцца непаразуменні: маці непакоіцца пра грошы, якія яна паслала даўнавата ўжо і не ведае, ці дайшлі яны; а сын таксама даўно паслаў пісьмо (яно пакуль што не дайшло), дзе паведамляў, што атрымаў іх. Зараз ён пачынае хвалявацца, чаму да маці не дайшло пісьмо (можа яго заарыштавалі?). А маці, нарэшце атрымаўшы той запознены ліст, піша сыну супакоены адказ і намнога пазней атрымлівае ўсхваляваны ліст сына (той, які быў пасланы даўно), дзе Уладзімір Ільіч нервуецца, ці не згубілася тое пісьмо, у якім ён пісаў пра грошы.

Але ўсё ж, хоць і запознена, пісьмы прыходзілі і асцярожна, намёкамі расказвалі пра сяброў. Кнігі памагалі разнастаіць жыццё.

«З унутранага ж боку,— піша Уладзімір Ільіч,— адзін дзень ад другога адрозніваецца толькі тым, што сёння чытаеш адну кнігу, заўтра — другую; што сёння ідзеш гуляць направа з сяла, заўтра — налева; сёння пішаш адну работу, заўтра — другую».

Ад’ехаўшыся так далёка ад Пецярбурга, набітага, як бочка селядцамі, шпегамі, ён спачатку спадзяваўся, што тут можна будзе адпачыць ад іх пільнага, халоднага вока. Але гэта ўсяго толькі спадзяванні. Кум Зыранава, стражнік Заусаеў, адразу ж папярэдзіў гаспадара:

— Ты, Аполлон Долмантьевич, с ним ухо остро держи. Ты же знаешь, кто твой квартирант? Бунтовщик! Он же под гласным надзором.

Штодзень на кватэру Зыранава прыходзіў засядацель, мясцовы заможны селянін, які выконваў ролю паліцэйскага. Ён бесцырымонна, не вельмі саромеючыся, заходзіў у пакой Уладзіміра Ільіча, не пытаючы дазволу (уладам дазвол не патрэбен!), садзіўся за стол і ў тоўстай спецыяльнай кнізе непаслухмянымі пальцамі, якія не прывыклі трымаць аловак, рабіў запіс — маўляў, усё ў парадку: палітычны паднаглядны Ульянаў знаходзіцца ў Шушанскім. Гэты селянін-паліцэйскі выконваў сваю ролю вельмі ж ужо старанна: ён ніколі не спазняўся, не прапускаў ніводнага дня — запіс у кнізе рабіўся своечасова. І ўсё роўна, хоць ён гэтак стараўся, парадак часам быў толькі ўяўны. Не паспяваў яшчэ засядацель, вярнуўшыся, скінуць кажух, як Уладзімір Ільіч быў ужо на дамоўленым месцы, дзе чакаў яго Аляксей Мезін. Коні ў Аляксея былі спраўныя, хуткія, сам ён чалавек акуратны і не балбатлівы: вечарам, калі добра ўцямнее (каб, крый бог, не ўбачыў ураднік!), завязе Леніна ў Мінусінск да сяброў, а раніцаю зноў прывязе — калі ласка, правярайце, спраўнікі... Ды і сам Апалон Далмантавіч Зыранаў трымаў коней, на якіх вазіў пасажыраў у Мінусінск і Абакан.

А цёмнымі асеннімі вечарамі, калі над Шушанскім гула «пагода» — халодны і моцны, як віхор, сібірскі вецер з-за Енісея,— здаралася, пад акно Уладзіміра Ільіча, якое самотна свяцілася ў цемры вёскі, нячутна, асцярожна, прытрымліваючы рукою шаблю, каб яна выпадкам не зазвінела, падыходзіў стражнік. Ён доўга ўглядаўся ў асветлены пакойчык, дзе, як здавалася (асабліва адсюль, з асенняй золі, з вуліцы), было так цёпла і ўтульна.

Вунь ля акна невялікі стол, на ім медны падсвечнік. І нейкія паперы. Вялізная драўляная паліца з кнігамі... Цікава, а навошта аднаму чалавеку столькі кніг? Побач з паліцаю, у самым кутку — драўляная канторка. На ёй лямпа з зялёным абажурам. А гэта — ён. Вялікі лоб, задумёныя вочы...

Бач ты яго — не спіць яшчэ...

І стражнік, задаволены, адыходзіў ад акна:

«Усё піша... Ну-ну, пішы, галубок. Паглядзім, да чаго ты дапішашся...»

Стражнікі не любілі ссыльных — ім гэта быў лішні клопат. Нічым не адрозніваўся ад сваіх саслужыўцаў і гэты. Ён ніяк не мог зразумець, навошта ссыльнаму Ульянаву кожны месяц даюць 8 рублёў дапамогі — амаль столькі, колькі атрымлівае ён, верны абаронца ўлады. А гэта ж злачынца! Ссыльны выступае супроць цара, бунтуе супроць айчыны, а цар яму яшчэ грошы дае — вазьміце, маўляў, Ульянаў, ды хутчэй спіхайце мяне з трона...

Калі бунтаўшчыкоў аддавалі салдатам пад ружжо, пад іх нагляд, і калі тыя даведваліся, што за кожнага рэвалюцыянера, застрэленага пры спробе ўцячы, плацілі па 10 рублёў, знаходзіліся вылюдкі, што стралялі ў гэтых безабаронных людзей нават тады, калі яны елі ці спалі і не думалі ўцякаць...

У хаце Зыранава часцяком збіраліся павесялелыя пасля карчмы шушанскія мужыкі. Часам выпівалі і тут — сам гаспадар быў не супроць перакуліць з суседзямі чарку, другую. Тады Апалон Далмантаміч рабіўся гаваркі і ўсё дапытваўся ў свайго кватаранта:

— Слышь, Ильич, дедко мне имечко дал, язви его в бок,— сам отец Иоан в святцах никак найти не может. А ты не скажешь, что это значит?

Уладзімір Ільіч, вядома, хутка знаходзіў, што адказаць свайму гаспадару.

Ленін вельмі дружна жыў з шушанскімі сялянамі. Ён памагаў ім бараніцца ад царскіх чыноўнікаў.

«Калі я быў у Сібіры ў ссылцы,— успамінаў сам Ільіч на ХІ з’ездзе РКП(б),— мне даводзілася быць адвакатам. Быў адвакатам падпольным, таму што я быў адміністрацыйна-ссыльным і гэта забаранялася, але паколькі іншых не было, то да мяне народ ішоў і расказваў пра некаторыя справы».

У ссыльнага адваката была добрая слава. Часам варта было каму-кольвек толькі сказаць, што будзе скардзіцца Ульянаву, як крыўдзіцель спяшаўся хутчэй замірыцца.

Ленін сам складаў усе судовыя дакументы, а потым дыктаваў іх пісьменным і надзейным сялянам, а тыя перапісвалі. І строга наказваў, каб ні самі «пісары», ні тыя, хто панясе дакументы ў суд, не прагаварыліся, што складаў іх ён, ссыльны адвакат.

 

Белая карова

Неяк увечары, калі Уладзімір Ільіч стаяў за сваёй канторкаю, сарамліва зайшла немаладая ўжо сялянка. Яна дала «добры вечар» і ніякавата спынілася ў парозе. Ільіч запрасіў яе прайсці, пасадзіў на крэсла. Жанчына, не ведаючы, дзе схаваць свае рукі (яна клала іх то на фартушок, то пад яго), пачала расказваць пра сваю бяду:

— Вы прабачце ўжо мне, старой, што вас патурбавала. Гэта ж мой усё — ідзі ды ідзі. А сам не хоча. Як раней, дык усё мая матка хадзіла, а ён — ані блізка. А маці ж мая такая добрая ды такая ласкавая была.

— З ёю што-небудзь здарылася?

— Ды не, з ёю ўжо нічога не можа здарыцца: яна даўно ўжо там, дзе нас яшчэ чакаюць. А дзяцей маіх падгадавала. Во і апошняя мая замуж пайшла. Вы ж, можа, чулі, як вяселле ў нас гулялі? Дык вось дачка...

— Няшчасце з дачкою?

— Якое там няшчасце! Шчасце. Жывуць сабе мілуючыся ды цалуючыся. Ім што, маладым,— гэта ж не мы, старыя...

— Дык, а якое ж гора ў вас?

Але сялянка яшчэ доўга расказвала пра сваякоў, пра сваю хату, пахвалілася нават, што ў яе ёсць у куфры, нават суседзяў збольшага закранула, пакуль дайшла да свае бяды:

— Няма ўжо яе, мае карміцелькі. Царства ёй нябеснае. А так яна ела, так ела! Бывала — ідзе па вуліцы, дык яе толькі ціхенька паклічаш — бяжыць, родная, з усіх ног...

— Хто яна?

— А хіба я яшчэ не сказала? Белая карова мая. А столькі малака давала, царства ёй нябеснае, што мы са старым ні папіць, ні паесці не маглі — хоць ты заліся. Няма маёй радасці. Забоў яе кулак...

«Але самае цяжкае,— успамінае пра гэту гісторыю Уладзімір Ільіч,— было разабрацца, у чым справа. Прыйдзе баба, пачынае, вядома, са сваякоў, і неймаверна цяжка было дабіцца — у чым справа. Я кажу: «Прынясі копію». Яна расказвае пра белую карову. Ёй кажаш: «Прынясі копію»,— тады яна адыходзіць і кажа: «Не хоча слухаць без копіі пра белую карову...» Але маленькі прагрэс мне ўдалося ажыццявіць: прыходзячы да мяне, неслі копію, і можна было разабрацца, у чым справа, чаму скардзяцца і што баліць».

Прынесла копію і гэтая сялянка. Хоць, праўда, не абышлося без абраз, кпінаў — у царскіх судах гэта лічылася як не нормаю паводзін.

— Якую табе копію? — здзекаваўся судовы чыноўнік.— З белай каровы, ці што? Такую копію няхай бык дае. Мы не можам.

З копіі стала вядома, што справа гэтая была простая: бык мясцовага кулака «забоў» белую карову сялянкі-бяднячкі. Валасны суд прысудзіў кулаку заплаціць сялянцы ўсяго толькі 10 рублёў.

Уладзімір Ільіч склаў адпаведныя дакументы. Сялянка падала на кулака скаргу, і гэтая справа вырашылася на карысць сялянкі.

 

Чацвёртая частка віны

Быдла шушанскага кулака зламала паскоціну — загарадку, куды заганяюць кароў, і, улезшы ў шкоду, параскідала бабкі і парастрэсла па полі снапы багацея Зацэпіна. Хоць Зацэпін быў і дужа заможны чалавек, але дараваць такую шкоду ён не мог. Падаў у суд. Там завялася маленькая, як моль, судовая справа. Супроць быдла? Не! Супроць кулака? Не! Справу пачалі супроць селяніна-бедняка ІІроннікава, які гарадзіў гэты ўчастак паскоціны. Кажуць, на судзе Проннікаў, здзіўлены і разгублены, казаў:

— Паны суддзі, хоць я ў гэтай справе і не вінаваты, але згодзен сплаціць Зацэпіну чацвёртую частку шкоды. Толькі пры адной умове: калі саўдзельнікі гэтага злачынства таксама заплацяць астатнія часткі — кожны за сваю віну.

— Цікава,— заўсміхаліся суддзі,— хто ж гэта быў тваім саўдзельнікам? Расказвай, Проннікаў!

— Першым маім саўдзельнікам было жардзё. Гэта ж яно вінавата, што не ўтрымала быдла, што паддалося і зламалася. Значыць, жардзё сплачвае адну частку.

У зале нехта прыглушана засмяяўся, але, спахапіўшыся, хуценька задушыў смех у кулаку.

— Другую частку хай плаціць зямля. У тым, што пад націскам быдла павывернулася колле, я лічу, вінавата толькі яна. Хіба не магла зямля ўтрымаць нейкага звычайнага коліка?

У зале ўжо зарагаталі.

— І асноўную частку павінен усё-такі сплаціць бык. Гэта ж ён быў завадатарам, бунтаўшчыком — гэта ж бык першы пачаў ламаць паскоціну. А хіба я вінаваты, што быдла не асудзіла яго за гэта, а само палезла ў зацэпінскія снапы? Яно, калі разабрацца, дык гаспадар павінен падзяліць віну з быком — кулак жа тут сам вінаваты: навошта ж ён нагадаваў такіх быкоў-хуліганаў? Ну, а астатняе магу ўжо сплаціць і я.

Але суд не прыслухаўся да выступлення Проннікава. Суддзі абавязалі яго, невінаватага, заплаціць Зацэпіну вялікую суму грошай.

Дачуўся пра гэтую справу Ленін. Яна яго вельмі абурыла. Уладзімір Ільіч склаў доказную скаргу на рашэнне суда. У выніку Проннікава поўнасцю вызвалілі ад матэрыяльнай адказнасці.

 

Уцёкі з суда

Уладзімір Ільіч сябраваў з шушанскім бедняком Сасіпатычам — Іванам Восіпавічам Ермалаевым. Хадзіў з ім па паляванне, любіў паслухаць гэтага разважлівага селяніна. Па жонцы ён нават даводзіўся кумам гэтаму бедняку — Надзежда Канстанцінаўна была хросная маці сыну Ермалаева. А які гаварун быў гэты Сасіпатыч, які весялун! Яго запрашалі на ўсе бяседы, бо ўжо неяк аддаўна паверылася, што, калі на вяселлі ці на хрэсьбінах ёсць Сасіпатыч, такую бяседу не можа сурочыць нават самае дрэннае вока.

Ермалаеў паскардзіўся ў суд на вялікія паборы царскіх чыноўнікаў. У судзе гэтай скаргі спалохаліся: там разумелі, што яна вельмі абгрунтаваная, але вырашаць яе на карысць Ермалаева было нельга. Калі б гэтую справу выйграў бядняк — колькі б такіх скаргаў пасыпалася з усіх воласцяў! Трэба было неяк адмовіць. Але як?

У судзе вырашылі запатрабаваць у Ермалаева шматлікія судовыя дакументы, скласці якія мог толькі дужа вопытны юрыст. Яны ведалі, што такога чалавека не толькі ў Шушанскім, але і ў самім Мінусінску няма. І памыліліся.

Усе гэтыя дакументы склаў Уладзімір Ільіч. У Мінусінску адразу ж заўважылі: за амаль непісьменным селянінам Ермалаевым, які нават распісацца і то ледзь можа, стаіць вопытны юрыст. Там пайшлі на хітрасць.

— Ай, як хораша складзены ўсе паперы,— пахвалілі Ермалаева ў судзе.— Хто ж гэта табе іх складае?

Звычайна Сасіпатыч у такіх выпадках памятаў просьбу Леніна не казаць, хто вядзе справу, і гаварыў:

— Сам пісаў. Трохі з пісарам параіўся.

А тут, мусіць, яго так расчуліла і ўзрадавала пахвала, што ён, забыўшыся на ўсе перасцярогі, весела адказаў:

— А гэта пісаў наш Уладзімір Ільіч Ульянаў.

І спахапіўся. Але ўжо было позна. Ласкавы судовы чыноўнік аж пазелянеў.

— Хто? Ульянаў?! Ды ты ведаеш, маць тваю за нагу, што я цябе пад суд аддам? Пад суд! Ульянаў яму піша! А ты ведаеш, хто такі Ульянаў? Ды гэта ж палітычны ссыльны, якому законам забаронена займацца судовай практыкай!

Ермалаеў не на жарты перапалохаўся. Схапіў сваё прашэнне — і дай бог ногі! Потым ён расказваў Ільічу:

— Тутай он, поперёк ему дышлом, как закричит! Вижу — надоть убегать, пока еще не в кутузке.

Уладзімір Ільіч спачатку зазлаваў, што Ермалаеў, забыўшыся на перасцярогу, выдаў яго, а потым, успамінаючы ўсё новыя і новыя падрабязнасці паспешлівых: уцёкаў Сасіпатыча з суда, весела смяяўся разам з ім.

 

Ядры яго ў корань

Былі і дзіўнаватыя хадакі.

Гэты прыйшоў у Шушанскае аж за дваццаць вёрст. Прыйшоў да Уладзіміра Ільіча параіцца і скласці адпаведныя паперы, каб засудзіць зяця.

— А чым жа ён правінаваціўся, ваш зяць?

— Правінаваціўся, ядры яго ў корань, дужа правінаваціўся. Пакрыўдзіў мяне, старога. Разумееш, Ільіч, спраўляў вяселле сваёй дачкі, а маёй, значыць, унучкі, а мяне не паклікаў. А на вяселлі ж, кажуць, дужа здорава гулялі...

— А ў зяця ёсць яшчэ дзеці?

— Ёсць. Дзяцей у яго хапае...

— Вось і новыя вяселлі будуць.

— Будуць-то будуць. Але ж на гэтым, ядры яго ў корань, здорава гулялі! Давай усё-ткі засудзім яго.

— Ну, а вам не шкада дачкі свае будзе? Дзяцей яе? Ды і самога зяця?

— Яно-то шкада, ядры яго ў корань. Але ж на вяселлі без мяне так здорава гулялі...

— А цяпер, калі прыедзеце да яго, зяць вам чарку паднясе?

— Паднясе! Ды яшчэ якую паднясе! — разышоўся быў стары, але тут жа спахмурнеў: — Але ж гэта будзе не на вяселлі, ядры яго ў корань...

«І Уладзімір Ільіч ледзь не гадзіну патраціў, пакуль угаварыў мужыка з зяцем памірыцца»,— успамінае пра гэты выпадак Надзежда Канстанцінаўна.

 

Іду па пасёлку, кіруюся на Жураўліную горку, дзе бываў Ленін. Рашыў не чакаць чарговага аўтобуса з экскурсантамі і пехатою прайсціся дарогаю, па якой у той далёкі час хадзіў Ільіч.

Вуліца носіць імя Леніна. Так, гэта вуліца, сярод іншых, мае большае права называцца яго імем: па ёй Ленін хадзіў на паляванне, па ёй вяртаўся дадому, праблукаўшы цэлы зімовы дзень, але так нічога і не застрэліўшы. Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку, дзе вельмі ж ужо хораша думалася, марылася, успаміналася.

Хаты пасёлка, якія ў цэнтры пазбіваліся ў кучу (мусіць, каб зімою было цяплей), на ўскраіне паступова адсоўваюцца адна ад адной, разбягаючыся ўсё далей і далей — тут адна, там другая,— а вось ужо і апошняя хата, нібы з разбегу, спынілася на невялічкім пагорку і, бліскаючы шыбамі, здзіўлена глядзіць у поле.

Гарадская вуліца незаўважна перайшла ў палявую дарогу. Паўз мяне з песнямі прабег аўтобус — раннія экскурсанты вярталіся ўжо ў Шушанскае. А вось і лес... Можа гэта якраз той лес, пра які часта ўспамінаў у пісьмах Ленін і які мясцовыя жыхары ўрачыста звалі борам?

Жураўліная... Па сыпкім белым пяску, паміж соснаў, па аголеным і адтаптаным карэнні, якое вельмі ж хораша замяняе прыступкі, узнімаюся на вяршыню. Як далёка відаць адсюль! Вось гэта разлегласць! Тут і напраўду кожны можа паверыць, што ў чалавека некалі былі за спіною крылы...

Будан ля возера Пярова. Аж тут бываў Уладзімір Ільіч на паляванні. У першы год яго ссылкі восень стаяла цёплая, ласкавая. Светлыя дні, цешачыся апошняй сонечнай цеплынёй, лашчыліся, нібы кацяняты, да кожнага дрэва, да кожнай травіны. Уладзімір Ільіч прывучыў зыранаўскага сабаку хадзіць з ім на паляванне. І той аддана служыў паляўнічаму, злосна паглядаючы на маладзенькага Пегаса, якога Ленін гадаваў сабе. Часам і гырчаў, калі. яму здавалася, паляўнічы завельмі многа ласкі аддаваў гэтаму шчанюку.

Уладзімір Ільіч купіў сабе стрэльбу. Колькі было валтузні, паперак, прашэнняў, пакуль яму, адміністрацыйна-ссыльнаму, улады дазволілі купіць стрэльбу! Ды і пацешыцца ёю Ільіч не паспеў: стрэльба выпадкова выслізнула з рук, ударылася аб лёд — і руля раскрышылася: мусіць, несумленны майстар зрабіў яе з чыгуну. На паляванне Ленін хадзіў з чужою стрэльбаю — сяляне з ахвотаю давалі яму сваё паляўнічае начынне. Потым, ужо ў кастрычніку, Ільіч пісаў:

«Надвор’е прыходзіць зімовае, даўно ўжо мы закупорыліся за падвойнымі рамамі, палім у печах і г. д. Між іншым, вялікія халады яшчэ наперадзе, а да гэтага часу пераважалі асеннія дзянькі, калі можна з прыемнасцю пабадзяцца са стрэльбаю па лесе. Я і зімою, мусіць, не пакіну гэтага занятку».

І зімою ён хадзіў па лесе, грузнучы вышэй каленяў у шчодрых сібірскіх сумётах — так, што аж стрэльба за плячыма станавілася прыкладам на снег. Вось у гэткім будане ён, здарожыўшыся, засоўгаўшыся, адпачываў. Вось тут гарэла цяпельца. На гэтым таганку вісела вядро, у якім булькаў чай. А ён ляжаў на саломе, адчуваючы, як радуюцца спакою ногі.

Ля будана многа людзей. Экскурсанты, да якіх далучыўся і я з дзецьмі, выбіраюць месца бліжэй да экскурсавода, засяроджана заглядаюць у будан, мацаюць рукамі таганок і задумліва адыходзяць.

Экскурсантам, наогул, як дзецям, можна гаварыць выключна ўсё, і яны выключна ўсяму вераць.

І якая гэта добрая чалавечая рыса — даверлівасць! Як сумна было б без яе.

Лесам іду да возера Пярова. Вунь яно стомлена блішчыць у тумане. Возера памірае. У яго не стае ні сілы, ні вады, каб змагацца з асакою, якая так настойліва напірае — дайшла ўжо да самай сярэдзіны. Яшчэ ў той час, калі кукуруза раскашавалася нават на сібірскіх гонях і, нібы паня, патрабавала да сябе выключнай увагі, сяляне змушаны былі запрудзіць рэчку Ермалаеўку, каб напаіць кволыя парасткі гэтай культуры. А Ермалаеўна паіла возера Пярова, і без яе вады яно пачало задыхацца. І як добра, што ёсць ужо рашэнне зноў павярнуць Ермалаеўку на яе даўняе рэчышча і выратаваць возера.

На самым беразе цвіце, гайдаецца вельмі ж прыгожая кветка. Ды нават і не кветка — адразу цэлы букет: доўгую сцяблінку паабселі жоўтыя і карычневыя, блакітныя і белыя, чырванаватыя і зялёныя кветкі. Працягваю руку, каб сарваць яе. Кветкі адрываюцца ад сцябліны і, паспешліва замахаўшы крыльцамі, разлятаюцца ў розныя бакі.

Гэта былі мятлушкі, якія выпадкова сабраліся на адной сцябліне...

Зноў у Шушанскае я вяртаўся пехатою.

Можа якраз вось такою лясной сцяжынкаю, якраз адсюль, з-пад Пярова, вяртаўся ён з палявання і ў той халаднаваты яшчэ дзень на пачатку мая 1898 года. Здалёку Уладзімір Ільіч убачыў, што ў яго пакоі гарыць святло, і здзівіўся: што здарылася? Звычайна, калі яго не было дома, на стале кватаранта ніхто не запальваў лямпу, і шыбы заўсёды сустракалі яго халаднаватай цемнатою. А тут пакой нібы нечаму ўзрадаваўся — ярка свеціць усімі сваімі пяццю вокнамі.

Ільіч пайшоў хутчэй. Апалон Далмантавіч, сустрэўшы яго ля веснічак, хітравата ўсміхаючыся, сказаў:

— А гэта прыйшоў Аскар, п'яны-п’яны, усе вашы кнігі параскідаў па падлозе, а цяпер ляжыць на іх і песні спявае.

Уладзімір Ільіч зазлаваў — гэтага яшчэ не хапала! Няўжо Аскар Энгберг, фін, пуцілаўскі рабочы, таварыш па ссылцы, сапраўды так напіўся?

Уладзімір Ільіч хуценька ўзбег на ганак, узяўся за клямку...

«Тут я яму насустрач выйшла»,— успамінае пра той вечар Крупская. А гэта якраз яе прыезду радаваўся ўсімі вокнамі Ільічоў пакойчык.

Елізавета Васілеўна, маці Крупскай, убачыўшы Леніна, які тут крыху паправіўся, заўважыла:

- Ну і разнесла ж вас! На вуліцы б не пазнала...

 

Уладзімір Ільіч пазнаёміўся з Надзеждай Канстанцінаўнай чатыры гады таму назад на сходзе рускіх марксістаў, які праводзіўся пад выглядам святкавання масленіцы. Крупская была яго нарачонаю. І таму, калі Уладзімір Ільіч у пісьме прапанаваў стаць яго жонкаю, Надзежда Канстанцінаўна жартаўліва адказала: «Ну што ж, жонкаю дык жонкаю».

Яшчэ перад гэтым, калі Ленін сядзеў у «прадварылцы», яна па яго просьбе падоўгу прастойвала на марозе на рагу Шпалернай вуліцы: Ільіч спадзяваўся, што, калі яго будуць весці на прагулку, ён хоць мімаходзь, праз калідорнае акно зможа ўбачыць яе. Але гэтае незвычайнае спатканне так ніводнага разу і не адбылося. Аказваецца — якраз таго рога вуліцы з акна не было відаць. Ільіч тады так і не ўбачыў Надзежду Канстанцінаўну, хоць яна штодзень, у час, калі павінна быць прагулка, акуратна прыходзіла на рог Шпалернай вуліцы.

Арыштаванаму Ільічу не трэба было шукаць для рэвалюцыйнай сувязі падстаўной нарачонай, як гэта рабілі тым таварышам, у каго не было сваякоў: у Леніна была сапраўдная нарачоная — Надзежда Канстанцінаўна.

Здаралася, у некаторых рэвалюцыянераў падстаўныя нарачоныя потым рабіліся добрымі, мілымі жонкамі. Як гэта, скажам, было з Анатолем Ванеевым, сябрам Леніна па «Саюзе барацьбы», суседам па ссылцы — ён адбываў тэрмін непадалёк ад Шушанскага, у сяле Ермакоўскім.

Анатоля арыштавалі. У яго не было сваякоў, і таму Крупская ўгаварыла Дамініку Трухоўскую, дзяўчыну, якую Ванееў зусім не ведаў, назвацца нарачонай, каб хадзіць да яго на спатканні. І вось першая сустрэча.

— Толя, добры дзень. Бачыш, твая нарачоная Ніка (трэба ж было абавязкова сказаць сваё імя) нарэшце знайшла цябе. А які ж ты бледненькі стаў! Як хацелася б мне цябе смачна, як некалі раней, пакарміць...

Дзяўчына хвалявалася, што Ванееў не зразумее, не здагадаецца. Але Ванееў, вопытны канспіратар, усё зразумеў:

— Дзень добры, Ніка! (Як цудоўна, што яна здагадалася сказаць сваё імя!) Як я цябе чакаў! Як ты мне патрэбна! Добра, што, нарэшце, ты атрымала пропуск. Ну, расказвай, што ў вас новага...

Яны так проста і натуральна гаварылі, што нават стражнікі, якія да ўсяго ставяцца падазрона, не заўважылі ў размове гэтых зусім незнаёмых людзей ніякага фальшу. Потым Дамініка Трухоўская стала жонкаю Ванеева і прыехала разам з ім і ў Сібір, у ссылку.

Надзежда Канстанцінаўна з’явілася ў Шушанскім разам са сваёю маці Елізаветай Васілеўнай — стомленай, але не зломленай жыццём жанчынай, якая прывыкла ўжо да свайго незайздроснага лёсу. Муж яе, Канстанцін Крупскі, усё сваё жыццё змагаўся з самавольствам і дэспатызмам царскіх улад, не хацеў праводзіць русіфікатарскую палітыку, выступаў супраць прыгнёту палякаў. Яго, начальніка Горацкага павета Варшаўскай губерні, звольнілі са службы і аддалі пад суд. У абвінавачанні нават гаварылася, што Крупскі апалячыўся — маўляў, гаворыць з падначаленымі па-польску і нават (якая небяспека для ўлад!) танцуе мазурку. Праўда, сенат апраўдаў яго. Але апраўдаў тады, калі ўжо яго можна было не баяцца — пасля дзесяці год блуканняў без работы разам з жонкаю і малой Надзечкай ён, былы асэсар, змучаны і хворы, так і памёр ненадзейным і быў пахаваны на могілках для самых бедных... І вось цяпер дачка... Таксама ссыльная, таксама ненадзейная.

Колькі ім, маткам рэвалюцыянераў, даводзілася перажыць за сваіх неспакойных сыноў і дачок! Здавалася б, пасля столькіх арыштаў і турмаў матчына сэрца павінна было б прывыкнуць да гэтага, але яно кожны раз як бы зноў абрывалася, пачуўшы пра новую сынаву ці даччыну бяду.

А Марыя Аляксандраўна, маці Леніна! Здараліся дні, калі яна, маючы такую сям’ю, аставалася адна-адною, бо ўсе дзеці былі ў руках у паліцыі: адны былі арыштаваны, другія — сасланыя, трэція — сядзелі ў турме...

Сёння для нас Уладзімір Ільіч настолькі вялікі, што ўжо неяк не верыцца, што родным ён быў проста Валодзя, Валодзечка. А ў маці ён быў толькі Валодзечка — якую б пасаду ні займаў чалавек, які б вялікі ні быў ён для іншых — для маці і правадыр і геній заўсёды астаецца толькі сыночкам, пра якога трэба клапаціцца.

Валодзечку трэба этапам дабірацца ў Сібір, і яна ўжо бегае, дабіваецца, каб яму дазволілі ехаць у Шушанскае за свой кошт, цягніком. І засмучаецца, дазнаўшыся, што сын не хоча вылучацца сярод таварышаў і збіраецца ехаць толькі этапам, толькі з сябрамі. Яна чула, як нехта са знаёмых старых рэвалюцыянераў, які хадзіў ужо так у Сібір, казаў: «Ссылку мог бы паўтарыць, этап — ніколі...» І як яна радуецца, калі пасля яе ўгавораў сын усё ж едзе ў ссылку цягніком...

Валодзечка ў Стакгольме. Яна спецыяльна едзе туды, каб пабачыцца з ім. Пасля сустрэчы сын праводзіць маці толькі да прыстані. На палубу парахода ўзысці ён не можа: параход належыць рускай кампаніі, параход — гэта ўжо Расія, а там, у Расіі, яго могуць арыштаваць. І колькі невыказнай тугі зноў хаваецца за сумысле падвяселенаю ўсмешкаю ў глыбокіх матчыных вачах!

А даведаўшыся, што па ўсіх рэвалюцыйных справах Ленін гаварыў з маці як з роўным, шкадуеш, што яна памерла ў 1916 годзе, так і не дачакаўшыся таго часу, калі яе Валодзечка — Уладзімір Ільіч — стане на чале новай дзяржавы.

Але пакуль што яе Валодзечка другі год у ссылцы. Пасля прыезду Надзежды Канстанцінаўны дні сталі весялейшыя, хоць клопатаў напачатку пабольшала. Крупскай дазволілі адбываць ссылку ў Шушанскім, але папярэдзілі, што, калі яна зараз жа не возьме шлюб з Ульянавым, яе зноў адправяць ва Уфу, куды па прыгавору яна і павінна была ехаць.

Трэба было тэрмінова браць шлюб.

А каб шлюб лічыўся сапраўдным, трэба было абавязкова вянчацца ў царкве.

А каб вянчацца ў царкве, патрэбны былі шлюбныя заручальныя пярсцёнкі — без іх поп Іаан пра вянчанне нават і слухаць не хацеў.

А каб дакласці губернатару, што шлюб узядзены, трэба было абавязкова запісаць у царкоўнай кнізе, як усё гэта адбывалася.

А каб зрабіць гэты запіс, патрэбен быў артыкульны спіс — асабовая справа ссыльнага.

«Наконт нашага вяселля справа трохі зацягнулася,— піша Уладзімір Ільіч маці.— Прашэнне аб высылцы неабходных дакументаў я падаў амаль месяц назад і ў Мінусе сам хадзіў даведацца ў спраўніка аб прычынах валакіты. Высветлілася (сібірскія «парадкі»), што ў Мінусе няма да гэтага часу майго артыкульнага спісу,— хоць я ўжо другі год у ссылцы!! (Артыкульным спісам называецца дакумент аб ссыльным; без гэтага дакумента спраўнік не ведае пра мяне нічога і не можа выдаць мне пасведчанне)...»

Нарэшце прыйшоў артыкульны спіс. Былі гатовы і пярсцёнкі — тут маладым памог былы токар Аскар Энгберг, якому Надзежда Канстанцінаўна прывезла набор ювелірных інструментаў. Ён зрабіў тыя два просценькія медныя пярсцёнкі, якія захоўваюцца ў Маскве ў музеі Леніна і якія да стагоддзя Уладзіміра Ільіча абяцаюць перадаць Шушанскаму мемарыялу.

І вось нарэшце ў «Метрической книге, данной из Енисейской Духовной Консистории причту Шушенской Петро-Павловской церкви для записи родившихся, браком сочетавшихся и усопших в 1898 году» з'яўляецца наступны запіс:

«10 июля 1898 г. сочетались браком Владимир Н. Ульянов, первым браком, 28 лет, административно-ссыльной, с Надеждой К. Крупской, административно-ссыльной, 29 лет. Кто совершил таинство: священник Иоан Ористов и псаломщик Наркис Тыжнов. Кто был поручителями: у жениха — Томский мещанин Ионикий Иванов Завёрткин и крестьянин Шуши Симон Афанасьев Ермолаев; по невесте — крестьянин из Шуши Степан Николаев Журавлёв».

Гартаю метрычную кнігу. Якой даўнінаю павявае ад яе! Хочацца пабачыць тую шушанскую царкву, пабыць там і ўявіць, як стаялі пад вянцом двое гэтых непапраўных бязбожнікаў, а святар Іаан «совершал таинство»... Але царквы няма — даўнавата ўжо, як яе разбурылі. Хацелі з царкоўнай цэглы пабудаваць сельскагаспадарчы тэхнікум. Разбіць-то сцены разбілі, але аддзяліць цагліны не змаглі — так і вывезлі гэтыя сцэментаваныя глыбы за горад... Шкада, што царквы няма. Як бы сёння яна была дарэчы ў мемарыяльнай зоне старога Шушанскага!

— А ці варта яе шкадаваць, царквы той,— гаварылі мне ў Шушанскім.— Уладзімір жа Ільіч прымусова ў ёй вянчаўся.

І мне здалося, што сёй-той нават ці не саромеецца гэтага факта ў біяграфіі Ільіча і не ведае, што з ім рабіць: маўляў, як гэта — правадыр, атэіст, і раптам вянчанне ў царкве?

А што тут дзіўнага? Смешна было б каго-небудзь пераконваць, што прымусовае вянчанне ў царкве не зрабіла ніякага ўплыву на антырэлігійныя погляды Леніна. Таксама як і тыя абразы, якія віселі ў хатах Зыранава і Пятровай, дзе жыў Ленін у ссылцы. Як і такое дасканалае веданне закону божага, па якім заўсёды ў час вучобы ён атрымліваў адны пяцёркі...

Вось ужо маладыя і згулялі вяселле. Уладзімір Ільіч прасіў спраўніка дазволіць яму запрасіць на ўрачыстасць сваіх сяброў — ссыльных, што жылі ў Цесі і Ермакоўскім. Але той катэгарычна адмовіў:

— Ніякіх ссыльных! Ведаем мы вашага брата. Вунь Райчын у Мінусе, таксама з ссыльных, папрасіўся ў вёску на месяц, а мы яшчэ і сёння ніякіх слядоў знайсці не можам, дзе ён...

Маладыя згулялі вяселле без сяброў. Скончылася адзінота — з Надзеждай Канстанцінаўнай Ленін хадзіў у грыбы, на паляванне, разам яны адпачывалі на Жураўлінай горцы. Разам яны перакладалі з англійскай мовы кнігу Сіднея і Беатрысы Веб «Тэорыя і практыка англійскага трэд-юніянізму».

Дарэчы, Крупская напісала адсюль многа пісем, якія вельмі ж ужо хораша расказваюць пра той час.

«Мы з мамай удзвюх ваявалі з рускай печчу. Спачатку здаралася, што я абарочвала вілкамі суп з клёцкамі, якія рассыпаліся па сподзе. Потым прывыкла».

Гэта пра першыя крокі маладой гаспадыні.

«Валодзя спачатку заявіў, што не любіць і не ўмее грыбы збіраць, а цяпер яго з лесу не выцягнеш, прыходзіць у сапраўдную «грыбную раз’юшанасць».

Гэта пра захапленне Уладзіміра Ільіча. Крупская пісала, што ён аддаваўся канькам, паляванню, лыжным прагулкам з запалам юнака.

«Налета збіраемся заводзіць агарод. Валодзя падахвоціўся ўжо грады капаць».

Гэта пра планы.

«Тут усе захапляюцца гаспадаркаю, нават і мы былі завялі паўканя (адзін з тутэйшых абываталяў узяў у воласці пад распіску каня, мы хацелі купляць яму корм і за гэта маглі б карыстацца канём колькі трэба), але нашы паўканя аказаліся такім з’езджаным канём, які тры вярсты вязе паўтары гадзіны, давялося вярнуць яго назад, і гэтае наша гаспадарчае мерапрыемства пацярпела фіяска».

Гэта пра рэалізацыю некаторых «планаў». Колькі гумару ў гэтым пісьме. А вось як тонка Надзежда Канстанцінаўна расказвае пра паляванне:

«Пасля зімовых маразоў бурна абуджалася вясною прырода. Моцнай рабілася яе ўлада. Заход сонца. На вялізнай вясновай лужыне ў полі плаваюць дзікія лебедзі. Ці стаіш на ўскрайку лесу, бурліць рэчка, такуюць цецерукі. Уладзімір Ільіч ідзе ў лес, просіць патрымаць Жэньку. Трымаеш яе, Жэнька калоціцца ад хвалявання, і адчуваеш, як цябе захоплівае гэтае бурнае абуджэнне прыроды»...

Ссылка пераваліла за палавіну. Цяпер ужо ў ссыльным календары ўсё таўсцеў і таўсцеў стос адбытых тут дзён і прыкметна меншала дзён, якія трэба было яшчэ адбыць. Цяпер ужо Уладзімір Ільіч з ахвотаю разглядаў карты, на якія яшчэ нядаўна не мог глядзець: тады было балюча, што вось гэтыя чорныя кропачкі — Пецярбург, Масква, Парыж — так далёка адсюль. А цяпер раптам гэтыя кропачкі напоўніліся гарадскім шумам, цоканнем конскіх капытоў, людскімі «дзень добры!» — адным словам, напоўніліся сапраўдным жыццём, у якім хутка зможа растварыцца і ён.

Уладзімір Ільіч многа піша. Нярэдка ён чытае напісанае Крупскай — маўляў, ці даступна выкладзена. Надзежда Канстанцінаўна спрабуе быць самым някемным чытачом, але асабліва прыдзірацца няма да чаго — усё проста, зразумела.

А напісаўшыся, стаміўшыся, Ленін адпачывае. Скажам, майструе шахматы з сасновай кары. І тут кліча на дапамогу Надзежду Канстанцінаўну:

— А якую галаву зрабіць каралю?

— Ну, вядома, страшную. Ці можа такую з бародкаю, як у нашага цара?

— Не, калі рабіць нашага Мікалая, то толькі безгаловым.

Ён можа зрабіць любога караля з якой хочаш галавою. Можа адразу ж і пакараць каранаванага — зняць ножыкам з яго галавы шурпатую карону. А можа выпадкова замест каралеўскай галавы выйдзе галава стражніка, які, здараецца, падыходзіць пад яго асветленае акно.

— А якую талію зрабіць каралеве?

— Ну, каралеву трэба рабіць прыгожай. І талію — тонкую-тонкую. Жонка ж часам не вінавата, што яе муж кароль...

Ленін сустракаўся з ссыльнымі сябрамі. Дзіўна, але Уладзімір Ільіч, будучы пад строгім паліцэйскім наглядам, змог пабываць амаль ва ўсіх мясцінах, дзе і на адным, і цэлымі калоніямі жылі сасланыя рэвалюцыянеры. Для сустрэч выдумляліся самыя разнастайныя прычыны — часам нават і неверагодныя.

Для паездкі ў Ермакоўскае, куды, каб заявіць свой пратэст эканамізму, сабраліся 17 ссыльных (цэлы невялікі з’езд!), прычына знайшлася якраз добрая — дзень нараджэння дачкі Лепяшынскага.

Каб з’ездзіць у Цесь і пагаварыць з Глебам Кржыжаноўскім і Базілём Старковым, Ленін жартам напісаў спраўніку, што ў гэтым сяле ёсць цікавая ў геалагічных адносінах гара, якую ён хоча, маўляў, даследаваць — а што, калі ссыльны на карысць цару і айчыне адкрые там карысныя выкапні? Спраўнік спецыяльным пасланцом прыслаў дазвол, а заадно падказаў узяць сабе ў памочнікі яшчэ і жонку...

Дазвол наведаць Краснаярск Уладзіміру Ільічу памог атрымаць хворы зуб. Але не толькі дантыст цікавіў Леніна. Ён чакаў сустрэч з сябрамі, спрэчак, дыскусій, кніг, навін. Таму і зразумела, што ў апошнія перад ад’ездам дні ён быў увесь у клопатах. Вярнуўся адтуль радасны і вясёлы — нагаварыўся, наспрачаўся, наслухаўся на цэлы год!

Усе рады былі ягонаму вяртанню. Асабліва Мінька, шасцігадовы сын катаншчыка — латыша Кудума, батрака, які жыў у флігелі Пятровых. Ён успароўся ні свет ні зара і, пачуўшы, што прыехаў Уладзімір Ільіч, хуценька схапіў матчыны боты, бацькаву шапку і бягом кінуўся з хаты.

— Куды ты ў такую рань? — хацела стрымаць яго маці.

— Як — куды? Уладзімір жа Ільіч прыехаў!

— Дык яшчэ ж рана. Няхай адаспіцца з дарогі. Пазней сходзіш.

— Э не! Дзядзя Валодзя мяне любіць. Ён хоча са мной пагаварыць. Адаспіцца потым.

Уладзімір Ільіч прывёз яму цацачнага каня. Мінька ўзрадаваўся гэтаму падарунку, увесь час хваліўся ім перад Жэнькам (на, сабака, паглядзі), нават спрабаваў пасадзіць калматага на каня і пракаціць па хаце. А потым, расчулены і ўдзячны, нават і ўвечары не пайшоў дадому і ўлёгся спаць на палавіку — паміж канём і Жэнькам.

Маці Мінькі не пускала сына — думала, што ён перашкаджае Ільічу працаваць. Але Мінька яшчэ прыцемкамі ўмудраўся вышмыгнуць з хаты — у дзядзі Валодзі ён бываў амаль штодзень.

Шэрая зімовая раніца. Праз замураваныя вокны ледзь прабіваецца і так рэдкае яшчэ святло. Пад печчу, адчуўшы раніцу, засакаталі гаспадыніны куры. І раптам настойлівы стук у дзверы:

— Паша, адчыняй!

Паша Мезіна, чатырнаццацігадовая сялянская дзяўчынка, якая жыла ў Леніна і Крупскай, спрабуе адгаварыць ранняга госця:

— Чаго ты грыміш? Уладзімір Ільіч яшчэ спіць.

— Адчыняй, кажу! Я прыйду і дзядзю Валодзю разбуджу. Уладзімір жа Ільіч мяне любіць.

— Не затрымлівай госця, Паша, пусці яго ў хату,— са свайго пакоя гаворыць Уладзімір Ільіч.

Расчыняюцца дзверы, і на парозе з’яўляецца бледнаваты тварык і ясныя, вясёлыя вачаняты, якія пераможна глядзяць на Пашу — маўляў: «А што я табе казаў? Бачыш, як мяне Уладзімір Ільіч любіць». Ён у цёплай матчынай кофце, захутаны вялікім шалікам, на адной назе — бацькаў бот, на другой — матчын валёнак. Мінька радасна паведамляе ўсім:

— А вось і я!

Яшчэ да паездкі ў Шушанскае, чытаючы пісьмы і ўспаміны Крупскай, я настолькі палюбіў Міньку, гэтага маленькага жэўжыка, што вельмі ж хацелася даведацца, кім ён стаў, калі вырас, дзе жыве і што робіць. Але тут ужо мне расказалі, што Мінька праз паўтара года пасля ад’езду Леніна і Крупскай з Шушанскага памёр. У Кудума да гэтага памерла 13 дзяцей. Мінька быў чатырнаццаты, апошні...

 

У Шушанскім жыве яшчэ дачка Пятровай, якая добра памятае Леніна. Ганне Сямёнаўне Сяродкінай ужо 88 гадоў.

Вялікая кашміровая хуста, завязаная пад бараду, доўгая спадніца, сукаваты кіёк у маршчыністых старэчых руках. Ганна Сямёнаўна сядзіць на лаўцы пад сваімі вокнамі і расказвае:

— Гэта ўжо многа гадоў таму, як Уладзімір Ільіч і Надзежда Канстанцінаўна са сваёй маці пераехалі да нас на кватэру. Рэчаў у іх было мала, затое вельмі многа кніг. Хоць даўно гэта было, але як цяпер помню Уладзіміра Ільіча — малады ён яшчэ быў, хадзіў хутка. Надзежду Канстанцінаўну ўспамінаю таксама маладой, тоненькаю, з прыгожаю доўгаю касою, з яснымі ласкавымі вачыма. Такая ветлівая і сціплая. Заўсёды пры сустрэчы з намі ўсміхалася, і ўсмешка ў яе была добрая. Уладзімір Ільіч рэдка да нас заходзіў — усё быў заняты работаю. А калі сустрэнемся, бывала, у двары, то абавязкова павітаецца, пагаворыць пра гаспадарку, пра нашы справы распытае.

Вельмі многа яны працавалі. Заўсёды можна было бачыць Уладзіміра Ільіча і Надзежду Канстанцінаўну ля акна — увесь час яны чыталі ці пісалі, днём і ноччу. Жылі яны проста і сціпла. Мы далі ім кухонны посуд, сваю простую вясковую мэблю. Зрабілі драўляныя ложкі, сеннікі свае яны самі набілі саломаю.

Каля двух гадоў пражылі яны ў нас і паехалі, калі скончыўся тэрмін ссылкі Уладзіміра Ільіча. Шкада было расставацца з імі. Кватарантамі сваімі мы ганарыліся перад усім сялом. Ды і людзі ўсе вельмі паважалі і любілі іх...

 

Гэтыя ўспаміны Ганны Сямёнаўны Сяродкінай былі некалі запісаны і надрукаваны на машынцы. Але нядаўна студэнткі ўзялі іх ды і забыліся аддаць. Таму Ганна Сямёнаўна цяпер ужо трохі недаверліва ставіцца да экскурсантак.

Потым яшчэ я гаварыў з Рыгорам Андрэевічам Блахіным. Ён толькі на адзін год маладзейшы за Сяродкіну і таксама памятае Леніна.

— Праўда, ён нам, маладым, дужа не адкрываўся. Ну, толькі ўсё казаў: «Вучыцца нада».

І дзед Рыгор, падперазаўшы сваю шэранькую картовую кашулю шырокай папругаю, расказвае толькі тое, што ведае:

— Ульянаў першы пачаў катацца на каньках. Да яго ж у нас ніхто не катаўся. Нават ніхто і канькоў тых не бачыў. А ён расчысціў лёд на Шушы, каток там зрабіў. Сам рукі ў кішэні — і ездзіць. Ды быстра так — аж лёд шыпіць. Крупская, дык тая спачатку не ўмела, вучылася толькі. Бывала, упадзе, засмяецца ды і кажа: «Я на каньках па-курынаму хаджу». А дзеці, бывала, са ўсяе Шушы збяруцца, каб паглядзець на гэтую навіну, бегаюць вакол, галёкаюць. А з імі і сабака Уладзіміра Ільіча — здаецца, Жэнька яго звалі,— вішчыць ад радасці, то падае, паслізнуўшыся на лёдзе, то торкае пысу ў снег, нібы цецерука хоча адтуль выпараць. А нашы мужыкі ды бабы таксама пазбяруцца ля катка, глядзяць, як на дзіва нейкае, кедравыя арэхі лускаюць, шалупінне на лёд кідаюць. Доўга ўсё глядзелі. А потым і самім заманулася пакатацца. Уладзімір Ільіч паказаў, як рабіць канькі-самаробкі. І тады нашы хто старую касу-літоўку паламае напал, а кавалкі па самыя абадкі ўваб’е ў калодачкі, хто серп стары ўгоніць — і катаюцца...

 

Ссыльны Ян Прамінскі — сын Лукаша, яго жонка Тэкля, шасцёра іх дзяцей часта бывалі ў Леніна і Крупскай. З самім Янам Прамінскім Уладзімір Ільіч хадзіў на паляванне, спяваў песні, ладзіў маёўкі. Вельмі клапаціўся Ленін і пра дзяцей рэвалюцыянера: то ён турбуецца, што ў іх няма дзіцячых кніг; то, збіраючыся ў Краснаярск, плануе купіць яго дачцэ крамніны на кофтачку... Соф’я і Яніна Прамінскія, якія і сёння жывуць у Іркуцку, помняць яркую навагоднюю ёлку ў Шушанскім і радасныя гульні на катку, якія наладжваў ім вясёлы дзядзя Валодзя.

Уладзімір Ільіч не забыўся і пра свайго сябра нават у цяжкія гады грамадзянскай вайны. Ён прыслаў у Іркуцк тэлеграму: «Прашу аказаць усялякую дапамогу майму таварышу па ссылцы ў Сібіры Івану Лукічу Прамінскаму, змазчыку вагонаў пры Інакенцеўскім дэпо... Затым прашу перадаць яму па тэлеграфе маё прывітанне і, нарэшце, прашу перавесці яго на Алтайскую чыгунку на лепшае месца. Ён ужо стары. Тэлеграфуйце, што зрабілі».

У Іркуцкім губрэўкоме здзівіліся: старшыня Саўнаркома, і так клапоціцца пра нейкага змазчыка вагонаў? Паслалі свайго чалавека, які перадаў прывітанне Леніна, а потым, выдзеліўшы трохвосны службовы вагон, перавезлі сям’ю Прамінскага на Алтай.

А цяпер давайце зноў вернемся ў Шушанскае. Там у апошнія дні студзеня 1900 года панавала нейкая мітусня. «Ракою па начах разлівалася Паша, якая за два гады стала сапраўднай прыгажуняй, Мінька мітусіўся, перацягваючы да сябе дадому паперу, якая асталася, алоўкі, малюнкі і інш., прыходзіў Аскар Аляксандравіч, садзіўся на краёк крэсла, мусіць, хваляваўся... Заглядвалі ўвесь час у пакой гаспадыня ці суседка, ніяк не мог зразумець наш сабака, што ўвесь гэты перапалох павінен азначаць, штохвіліны адчыняў носам усе дзверы, каб упэўніцца, ці ўсе на месцы; кашляла мама, поркаючыся з укладкаю, дзелавіта звязваў кнігі Уладзімір Ільіч»,— піша пра той час Надзежда Канстанцінаўна.

Нарэшце ссылка скончылася. Тэрміну, чаго вельмі баяўся Ленін, не прыбавілі, дазвол атрыманы — можна ехаць.

Бывай, Шушанскае! Тут за тры гады ссылкі Ленін напісаў звыш трыццаці твораў, сярод якіх і такая класічная праца, як «Развіццё капіталізму ў Расіі». Тут у дэталях прадуманы план стварэння марксісцкай партыі, тут упершыню з’явілася думка пра стварэнне сваёй палітычнай газеты — «Искра». Тут напісаны працы «Задачы рускіх сацыял-дэмакратаў», «Наша праграма», «Надзённае пытанне» і іншыя. Тут Уладзімір Ільіч змагаўся з народнікамі, эканамістамі, легальнымі марксістамі. Менавіта тут ён упэўніўся, што без яснай рэвалюцыйнай тэорыі не можа быць і гаворкі пра рэвалюцыйную практыку. Таму даследчыкі і сцвярджаюць, што ў канцы XIX стагоддзя цэнтр кіраўніцтва рэвалюцыйнай барацьбой разам з Леніным пераехаў у Мінусінскі павет — у Шушанскае.

Складзены кнігі — іх сабралася аж 15 пудоў! Навараны ў дарогу пельмені — шушанскія жанчыны раілі браць толькі іх: усё астатняе змерзнецца.

Уперадзе доўгая дарога з Сібіры.

Ва Уладзіміра Ільіча яшчэ многа чаго наперадзе.

Яшчэ там і барацьба з гора-рэвалюцыянерамі, якія ледзь не на кожным перакрыжаванні будуць крычаць: «Хопіць ужо інтэлігенцыі намі кіраваць! Цяпер мы ёю пакіруем! А то і без яе абыдземся!» Яны забываліся, што і сам Ленін з сям’і інтэлігентаў, і залічвалі да буржуяў настаўнікаў, дактароў і нават кваліфікаваных рабочых — слесараў і сталяроў — толькі за тое, што яны насілі белыя сарочкі.

Недзе яшчэ там, пасля рэвалюцыі, з’явяцца ў яго запісках і прамовах словы: «архиинтересное», «архиспешная», «архиаккуратность», «архиважно», «архитакт» — што ж, становішча тады сапраўды будзе архіскладанае.

Там, у снежні 1917 года, Ленін, задумаўшыся, запіша: «Рэвалюцыі — лакаматывы гісторыі. Разагнаць лакаматыў і ўтрымаць яго на рэйках».

Ды і сама рэвалюцыя, сама радасць і ўрачыстасць перамогі — таксама яшчэ далёка ўперадзе...

Тры гады таму назад плыў ён у Шушанскае. Параход, кажуць, часта спыняўся. Спыніўся ён і там, дзе сёння ласкава глядзіць на навакольныя горы і ўважліва слухае Енісееву гаману новы горад Дзіўнагорск. А тады там стаяў манаскі скіт. Уладзімір Ільіч Ленін, кажуць, сустракаў тут разам з Кржыжаноўскім і Старковым дзень Першага мая.

Цеплаход «Святы Мікалай» прыткнуўся тады да енісейскага берага надвечар: ён ішоў толькі ўдзень, а ўвечары разам з пасажырамі адпачываў — баяўся, каб ноччу дзе не спатыкнуцца. Ленін сышоў з сябрамі на бераг. Расклалі агонь. Водбліскі полымя ўзрадавана замітусіліся па рацэ: мусіць, гэтае цяпельца ў цёмнай вясновай ночы было відно вельмі далёка...

Сябры ціха, каб не пачулі на «Святым Мікалаі», спявалі рэвалюцыйныя песні, а Уладзімір Ільіч марыў, калі Сібір, гэты глухі край, які спрадвеку не запальваючы святла клаўся спаць, асветліць чалавек, калі, нібы зямныя сузор’і, з’явяцца на зялёным небе тайгі новыя гарады, электрастанцыі.

А сёння толькі ў адным Краснаярскім краі колькі гэтых электрастанцый! Нядаўна пачата будаўніцтва яшчэ адной — Саяна-Шушанскай ГЭС.

Успомнілася Дзіўнагорская ГЭС, дзе я быў якраз перад гэтым. Я яшчэ і цяпер бачу, як цяжка ўздымаюцца ў неба магутныя аграмадзіны гор Шуміхінскага створу, у якія ўрублена ГЭС. Якой маленечкай, хочацца нават сказаць — мініяцюрнай, здаецца яна на фоне гэтых высозных гор! І толькі спусціўшыся ў прасторную турбінную залу, адчуваеш, якая гэта «мініяцюрнасць»: тут калі ўжо болт, дык важыць ён 340 кілаграмаў, калі падпятнік, дык у яго заліваюць аж 24 тоны масла, калі ротар, дык яго не можа падняць нават ладнай сілы кран — ён важыць 900 тон.

Калі я быў у Дзіўнагорску, там якраз здалі ў эксплуатацыю сёмы агрэгат. Каб здзівіцца сіле гэтай станцыі, варта толькі ўведаць, што адзін яе агрэгат амаль роўны па магутнасці ўсяму Днепрагэсу — самай магутнай нашай станцыі, пабудаванай у гады першых пяцігодак. А ўсяго ГЭС будзе мець дванаццаць такіх агрэгатаў. Гэта электрастанцыя намнога магутнейшая нават за Брацкую, якой дзівіліся і дзівяцца сёння замежныя спецыялісты.

Але і Дзіўнагорская ГЭС, якая вырасла сёння на месцы былога манаскага скіта, тады яшчэ была таксама наперадзе.

Перад ім цяпер — толькі дарога ў Расію...

З Шушанскага, цёпла развітаўшыся з сялянамі, Ільіч выехаў 29 студзеня 1900 года — якраз у дзень заканчэння ссылкі.

Коні весела беглі па лёдзе Енісея — даўняй зімовай дарозе. Каля дарогі чарнелі палонкі, над якімі клубіўся туман,— гэта дыхаў Енісей.

Да Ачынска — бліжэйшай чыгуначнай станцыі — 300 вёрст трэба было ехаць на конях. Чацвёра сутак язды.

На небе шчодра свеціць поўня. Ціхая марозная ноч падатліва адклікаецца на звон бомаў. Здаецца — нават рып палазоў можа разбудзіць наваколле.

Дарога павярнула налева — нарэшце яна расстаецца з енісейскім лёдам. Коні стомлена падняліся на высокую Яноўскую гару. Уладзімір Ільіч апошні раз зірнуў на Енісей: «Бывай, волат!»

Ленін вяртаўся ў Расію.

У царскіх пакоях гэтая раніца, як звычайна, была спакойная. Цар Мікалай ІІ спакойна снедаў...

Шушанскае.

Лета 1969 года.

 


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Сад людзей: Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Лірычная проза. Аповесці / [Аўт. прадм. С.Андраюк]. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1985. - 510 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан