epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Танец соснаў

Каб сустрэць хутчэй аўтобус,

Сосны выбеглі на ўзлесак

І, як людзі з караваем,

З аблачынкамі на лапках

Запрасілі ў сваю хату

На агледзіны іх казкі.

Гэта казка — танец соснаў:

Мітусяцца яны злева,

Справа — робяць круг шырокі

І, як бы дзяўчаткі тыя,

Так і млеюць, так і хочуць

За спіну другіх схавацца.

А калі карэнне раптам

Пад аўтобус наш трапляе,—

Сосны ўпрысядкі ірвуцца,

Як вясковыя танцоры,

А пасля ў ручай спяшаюць,

Каб абдаць вадою станы,

Разамлелыя у танцы.

Гляньце, гляньце, як галінкі

Засрабрыліся ад пырскаў!..

Толькі позна... Вунь з ускрайку

Нам апошняя сасонка

Памахала сваёй лапкай.

Едзе полем наш аўтобус,

Не ўзнімае ні пылінкі:

Мусіць, хоча азірнуцца,

Каб яшчэ хоць раз убачыць

Танец казачны сасонак.