epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Тлумачэнні камп’ютэру

1
2
3


1

 

Кажуць, камп’ютэр усё ведае. Кажуць, камп’ютэр усё разумее. Болей і лепей за чалавека. І раптам гэтая істота з адной толькі галавы, гэты мудры мозг спытаўся: «Што значыць хвалявацца? Ці не адно гэта і тое ж, што падымаць хвалі?»

 

Не, памыляешся, мой дружа,—

Няма нідзе ніякіх хваль,

А ты хвалюешся задужа,

А ты гайдаешся амаль.

 

Нахопіць дзіўнае трымценне,

Заб’ецца сэрца, нібы птах.

Злуеш на ўзнёслае імгненне,

На свой незразумелы страх.

 

З якой, не ведаеш, нагоды

Ты непакоішся тады:

Ці ў прадчуванні насалоды,

Ці ад няўхільнасці бяды.

 

Ты дакранешся да каханай,

І хваляванне — нібы ток...

Хвалюе кожны новы ранак,

Паветра пругкага глыток.

 

І лес хвалюе, луг хвалюе,

Хвалюе возера, рака.

Хвалюе ўсё:

як воўк палюе

І як палююць на ваўка.

 

Хто не хвалюецца, тым можна

Усёй душой паспагадаць.

Ты сам хвалюешся трывожна,

А хваль, як бачыш, не відаць.

 

 

2

 

І яшчэ ён спытаўся: «Ці значыць слова «нічога» лічбу «нуль»?»

 

Ну як, мой дружа, растлумачыць

Зямною моваю людзей,

Што лічба «нуль» дакладна значыць

І як між нас сябе вядзе?

 

Звычайна нуль — як дзірка ў плоце,

Але трымайцеся, калі

К адзінцы хітранька падкоцяць

Такія два ці тры нулі.

 

Не дай ты Бог — якая пыха!

Нос не дастанеш качаргой.

Ужо не коціцца — паціху

Нясе жывот, як гонар, свой.

 

І не руплівец, не работнік,

А горда высіць галаву.

Нулі бываюць, што як сотні,

А то і тысячы жывуць.

 

Ці зразумеў ты што, мой дружа?

Чаму зняможана сапеш?

Над намі тыя словы кружаць,

Што не адкрыюцца табе.

 

І ты няўцямна будзеш зіркаць,

Па схеме хуценька пятляць...

І што такое «ў плоце дзірка»

Зноў давядзецца высвятляць.

 

Не, мусіць, нельга перайначыць

Нам, людзям, розуму твайго...

Ты зноў пытаешся, што значыць

«Дастаць да носа качаргой»!

 

 

3

 

А ён, лыпнуўшы лямпачкаю, яшчэ раз пацікавіўся: «Ці не азначае слова «холадна» тэмпературу ніжэй нуля?»

 

Як зноў жа лёгка памыліцца,

Жалезнаплечы браце мой!

І вельмі шчыра памаліцца

Недакладнасці самой.

 

Не лыпай зноў здзіўлёна вокам —

Няма шматмернасці мяжы.

Бывае, летам смажыць спёка,

А ты ад холаду дрыжыш.

 

Калі прыгледзецца цвяроза,

Бывае ўсё наадварот:

Трашчаць калядныя марозы,

А з цябе ліецца пот.

 

Хоць сам ты сталы па узросту,

Душа ж —

нібыта ў немаўля.

Як табе ўсё здаецца проста:

Вышэй нуля, ніжэй нуля.

 

Вы дужа дзіўныя, машыны!

І абыякія.

Па вас

І вусны любае жанчыны

Для ежы створаны якраз.

 

Няма ад гэтага лячэння,

Хоць вам і множацца гады.

Для вас і людзі —

спалучэнне

Бялкоў, жалеза і вады.

 

Душа не паддаецца лекам,

Душу найлепш адразу мець.

Стаць, мусіць, трэба чалавекам,

Каб так, як мы,

ўсё разумець.