epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Трывогі свету нам не заглушыць..."

Трывогі свету нам не заглушыць:

Забойцы-хвалі кружаць ля Бермудаў,

І голас шторму неадольным жудам

Халодна разрастаецца ў душы.

 

І варта толькі пустку ўзварушыць —

Пяскі Сахары, зыбкія прыблуды,

Засмоктваюць, нібы дрыгва, вярблюдаў —

І тут віхрам, як груганам, кружыць.

 

Пасля любві — рэальнасць зноў чакае:

Сланы і зебры на зямлі знікаюць

І з мора выкідаюцца кіты.

 

Мы жыць чужымі бедамі павінны.

Ці чуеш, недзе ўскрыкнула жанчына,

Шчаслівая такая ж, як і ты?