epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Туман

 

 

Кожную ноч ён дамагаўся яе.

Яшчэ звечара, як толькі пачынала цямнець, ён з’яўляўся ў хаце. Як, якім чынам з’яўляўся, яна не разумела, але праз нейкі час ведала: ён, невідомы, тут, у пакоі, каля крэсла, у якім раней ёй было так зручна і прыемна сядзець. У прыцемках жанчына не бачыла яго, але адчувала пэўна, што ён ужо нячутна ходзіць па пакоі, абмацвае падлогу, дыван, шукаючы яе.

Крэсла яна зараз не любіла і не садзілася на яго нават удзень — здавалася, што і пры сонечным святле (а сонца ў пакоі было многа, яно ламілася сюды аж праз тры шырокія акны!) нехта пільна і настойліва сочыць за ёю.

Крэсла стаяла пасярод пакоя, на дыване, перад тэлевізарам, і той, хто дамагаўся яе, аточваў крэсла і абдымаў яе самую з усіх бакоў: куды ні павернеш галаву, усюды натыкаешся на яго халаднавата-вільготную ўвагу і ласку.

Таму крэсла яна зараз абыходзіла, хоць у ім і вельмі добра было глядзець тэлевізар — натаміўшыся за дзень на працы, зручна ўсядзешся ўвечары, расслабішся, дасі волю рукам, нагам, усяму целу, супакоішся, ды так і не заўважыш, калі, сцішаная і дрымотная, заснеш.

Зараз яна, павячэраўшы, — дарэчы, ён ніколі не з’яўляўся, калі яна вячэрала, прыбірала са стала, мыла посуд ці займалася яшчэ якімі хатнімі справамі — асцярожна, нібы баючыся сустрэцца з ім у цесным калідорчыку, праходзіла ў свой пакой, уключала тэлевізар, а сама, падклаўшы пад спіну падушку, садзілася на канапу, якая апошні час была ёй і за пасцель — спала яна на канапе, штовечар разбіраючы яе, хоць побач стаяў нечапаны, з гарою падушак на ім, ложак, — і, падкурчыўшы пад сябе ногі, збоку, хоць гэта было і вельмі нязручна, глядзела які-небудзь фільм і напружана чакала яго прыходу.

І якая б цікавая ні была перадача, яна не замінала жанчыне адчуць, калі ён з’яўляўся ў пакоі. З жахам і заміраннем сэрца яна ўслухоўвалася, як ён ужо клубіцца каля крэсла, як спрабуе знайсці яе там і, не знаходзячы, здзіўляецца і нават злуецца: што здарылася, чаму яе няма? Потым неахвотна пакідае крэсла — відаць, і яму яно, утульнае і выгаднае, даспадобы — і пачынае па ўсёй хаце шукаць яе. Абмацвае, як сляпы, ножкі стала, абыходзіць трумо, слізгае па тэлевізары, а яна, уся сцяўшыся, дрыжыць, разумеючы, што ён вось-вось знойдзе яе і, халаднавата-нахабны, нарэшце, падпаўзе да ног і рук.

Куды яна толькі не хавалася ад яго, штовечар мяняючы месца перад тэлевізарам, але ён абавязкова знаходзіў: а куды, скажыце, можна надзейна схавацца ў цеснай аднапакаёўцы ад яго заляцанняў?!

Падпаўзаў ён заўсёды паволі, не спяшаючыся, і гэта было для яе яшчэ страшней і істэрычней.

Праўда, можна было б устаць і запаліць святло, але яна гэтага не рабіла — ведала, што святло не дапаможа. Раней запальвала, аднак ні спалохаць, ні адагнаць ці нават убачыць яго электрычнае святло не памагала: уключыш, — нічога не відаць, а целам адчуваеш, што ён побач, што нікуды прыхадзень і не збіраецца ўцякаць.

Спачатку яна многа чаго рабіла, каб пазбавіцца ад гэтага наслання. Грэбліва махала перад сабою рукамі, спрабавала нагамі адпіхнуць таго, хто прыхінаўся да яе, але хіба можна змагацца з тым, каго не бачыш: колькі ні махай у пустаце рукамі, ніякай карысці ад гэтага няма — не праходзіла і хвіліны, і яна зноў адчувала, што ён як лашчыўся, так і лашчыцца да яе. Спрабавала крычаць, лаяцца на яго, але і з гэтага крыку таксама ніякай карысці: а пра якую карысць можна гаварыць, калі нават не бачыш, як на таго, Невідомага, на каго сварышся, дзейнічае твой крык?

Спрабавала змагацца з Невідомым і іншым шляхам. Затыкала дзіркі ў дзвярах, шчыльна заклейвала вокны, нават замочную адтуліну забівала. Але як для звычайнага паветра, ды яшчэ, можа, пылу і пяску, няма ніякіх перашкод, так і для Невідомага ўсе яе старанні былі смешныя і дарэмныя.

Так здарылася і на гэты раз.

Яна павячэрала, памыла посуд, прыйшла ў свой пакой, уключыла тэлевізар і асцярожна, абмінаючы і крэсла і канапу, нібы баючыся чаго, села на непрыбраную яшчэ з раніцы пасцель — спала гэтую ноч у ложку, спяшаючыся на працу, не паспела яго прыбраць — і раптоўна зразумела, што ён ужо тут і чакае яе менавіта на ложку.

Ён адразу ж папоўз па нагах — яна адчула, якім пушыстым ад гэтага стала цела: кожная пушынка, кожная валасінка падымалася на гэты дотык, і ёй самой здавалася, што нейчыя далікатныя і ласкавыя далоні пяшчотна гладзяць яе. Гэта было непрыемна, і яна зноў жа грэбліва і мітусліва махала ля ног рукамі, нібыта спіхвала з іх чыесьці далоні, але яны, не зважаючы на гэта, рабіліся ўсё ласкавейшымі і ўсё больш настойлівымі.

Яго было так многа, што не хапала рук, каб абараніцца ад няпрошанай ласкі. Ён казытаў яе за вухам, гладзіў бровы, нібы пальцамі, далікатна кратаў яе вусны, хадзіў за спіною — там, дзе кацінае месца, пажадліва лашчыў грудзі, і яны, як ні дзіўна, адгукаліся на гэтую кунегу — насцярожваліся, папурышчаліся, як ад холаду вінаградзінкі, і яна спалохана адчувала, які ім прыемны гэты бессаромны дотык.

Яна ўжо ляжала на коўдры, махала рукамі і нагамі, спрабуючы адпіхнуць таго, хто быў з ёю, ёй было страшна і брыдка, гідліва і агідна ад яго непрыстойных дамаганняў.

Але на Невідомага гэта не дзейнічала: ён ласкава, прагна, нібы і не бачачы пратэсту, гладзіў, лашчыў, цалаваў яе так настойліва, што раптам, міжволі ўсе яе злосць і асалода, агіда і радасць, абурэнне і цікавасць, страх і жаданне сабраліся ў адным месцы, і яна, адно толькі ўскрыкнуўшы, — нібы ў апошні раз, нібы паміраючы — правалілася ў нейкае шчымліва-адчайнае забыццё.

Прачнулася ад спеваў — у пакоі ўсё яшчэ працаваў тэлевізар і нейкі фальклорны ансамбль весела, як усё роўна здзекуючыся з яе, іграў вясельныя песні.

У хаце нікога не было. І каб не скамечаныя, вільготныя, нібы ад поту, просціны, можна было б падумаць, што сюды і напраўду ніхто не заходзіў, а ўсё гэта ёй толькі прыснілася.

Устала, хістаючыся, як п’яная, падышла да тэлевізара, са злосцю выключыла яго і пачала слацца нанач.

Цяпер ужо кожны вечар яна чакала сустрэчы. Старалася не затрымлівацца на працы, адразу бегла дадому, спяшалася наўсхапа павячэраць, каб хутчэй узабрацца на непрыбраны яшчэ з раніцы ложак. Садзілася і чакала, калі заклубіцца ля яе Невідомы...

Але ён зараз не прыходзіў.

І чым болей яна чакала, тым нястрымней было жаданне, каб тое забыццё паўтарылася наноў.

Зараз яна ўжо любіла таго чалавека, які знарок прыкінуўся туманам, каб толькі пабыць з ёю, пабачыць яе, дакрануцца да яе.

Яна кахала таго мужчыну, які дзеля яе прымаў такія пакуты — лез у хату праз шчыліны, шчаміўся праз замочную адтуліну, адно каб нагледзецца на яе, набыцца з ёю.

Праз нейкі час ёй здалося, што яна зацяжарала. Пайшла да доктара. Той аказаўся грубым, нявыхаваным тыпам. Агледзеўшы яе ўважліва, доктар зарагатаў:

— Ты што, звар’яцела, баба? Якая цяжарнасць?! Ты ж нявінніца. У цябе ж нават дзявочая цнота не парушана. Ідзі дамоў і не тлумі мне галавы.

Але яна не паверыла доктару. Пайшла да знахаркі. Тая, і не аглядаючы яе, завойкала:

— Авой-вой-вой, ты цяжарная. Па вачах бачу. І цяжарная ад нейкага незразумелага, таемнага кахання. Авой-вой-вой, і народзіш ты ці то бога, ці то чорта — людзі ад такой сілы не нараджаюцца.

Пачуўшы гэта, жанчына горка, наўзрыд заплакала, забілася ў сутаргах, зайшлася ў адчаі: яна хацела, яна марыла, яна прагла нарадзіць усяго толькі чалавека...

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 28-30
Крыніца: скан