epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Тураўская элегія

Сёння вясна красуецца, ажыўляючы зімовую прыроду. Буйныя ветры, ціха павяваючы, песцяць і гадуюць плады. І зямля, жывячы насенне, родзіць зялёную траву...

 

З малення Кірылы Тураўскага

Прыгінае і самых высокіх

Да зямлі вечны цяжар гадоў.

І цішэюць,

цішэюць крокі

І людзей і старых гарадоў.

 

Як прысеў ты, драўляны горад!

З крэктам з замкавай споўз гары.

І стагоддзі з табой не гавораць,

Як калісьці маглі гаварыць.

 

І за сценамі замка не радзяць,

Як прыняць з Егіпта гасцей.

А на колішнім княскім пасадзе

Бульба расце.

 

Покуль сала княгіня смажыць

(Пах яго заваёўвае дзень),

З камунальных харомаў княжыч

Па каня з аброццю ідзе.

 

Бы праз сон,

праз гады сваю веліч

Слухае горад стары,

Як над ім,

над стольным,

звінелі,

Нібы песня, званы ўгары.

 

А таму,

калі сонца прагляне

І ўдзяўбнецца промнямі ў снег,

Як продкі, спавядаюцца тураўляне

Вясне.

 

Хоць і вёснаў мінула багата,

Толькі ў Тураве,

як і тады,

Зямля атуляе і корміць зярняты,

Каб радзіць,

як даўней,

плады.