epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Ты хіба яго не стрэціў?.."

Ты хіба яго не стрэціў?

Ён жа толькі што праходзіў,

Шэрай світкай, нібы вецер,

Атрасаў расу ў гародзе.

 

Запрагаў каня ў калёсы

І кляпаў касу вясёла,

Па ваду спяшаўся босы —

Журавель рыпеў, што кола.

 

Падымаў кароў, цялушак,

Выганяў іх, рупны, ў поле;

І ў шпакоўні сам да птушак,

Каб збудзіць іх, шкробся голлем.

 

Пасабраў ён зоркі ў торбу,

Дзе было з цыбуляй сала,

Стуль жа выцяг сонца горбу,

Што на хлебе спачывала.

 

Ты хіба яго не стрэціў?

Ён жа толькі што праходзіў.

Ў шэрай світцы, нібы вецер,

Летні ранак дзень прыводзіў...