epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Ты ласкі прагнеш, нібыта дзіця..."

Ты ласкі прагнеш, нібыта дзіця:

І радуешся шчыра і злуешся,

І плачаш адначасна і смяешся

Ад лішку чысціні і пачуцця.

 

Мы удваіх. Кудысьці у прасцяг

Імчыць Зямля нас нестрымана. Цешся,

Што мы адны на гэтых дзіўных сцежках,

Адны у непрадбачаных гасцях.

 

Ніхто нашу самоту не спагудзіць,

Уцёкі нашы зразумеюць людзі,

Разгледзеўшы і зблізку і здаля.

 

Ты чуеш космасу халоднага павевы?

Ляціць няўмольна некуды Зямля —

У самы знак задыякальны Дзевы.