epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Ты ўсё сцябаеш пугаю каня..."

Ты ўсё сцябаеш пугаю каня,

Настойліва драцянаю сцябаеш.

Сядзіш у скасабочаных санях,

А пад табой гудзе трава густая.

 

Прайшла зіма, сквітнелася вясна,

І лета ператравілася недзе.

Ты ж паганяеш коніка без сна —

Табе здаецца, што усё ты едзеш.

 

Рытмічна так сцябаеш па зямлі,

І нокаеш, і тузаеш за лейцы.

Не бачыш, што яны зусім згнілі

І сані ўжо даўно стаяць на месцы.

 

Здох конь даўно. Ад воўчага выцця.

Ваўкі аб’елі косці ўсе як маеш.

А ты сцябаеш па яго касцях,

А ты па духу конскаму сцябаеш.

 

Табе праграма пэўнаю была:

Сцябаеш — значыць, у пункт А прыбудзеш...

Мой мілы робат! Быццам бы са зла

З цябе знарок пажартавалі людзі.

 

І ты сцябаеш не каня, сябе —

Каня свайго ніколі ўжо не згледзіш...

Як звыш праграмы мне шапнуць табе,

Што ты ў пункт А ніколі не прыедзеш.