epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

У гасцях

І стаю я на вашай высокай вяршыні,

Я адбіўся ў рацэ вашай чыстай і сіняй,

Мне ваш вецер ласкава ўзлунаць памагае—

Запрашае ляцець над нязведаным краем:

Там, дзе песня віруе між скалаў глыбока,

Там, дзе мова — арлоў непрыручаны клёкат,

Там, дзе маці для кожнага ласку спяліла...

І ад шчасця ў мяне аж выростаюць крылы.

А не верыце, можа,— памацайце самі:

За спіною трапечуць яны ветругамі...

 

Я шчаслівы ад думкі: і ў мяне гэтаксама

Ёсць радзіма свая, свой народ, свая мама.