epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"У няпростым гэтым свеце..."

У няпростым гэтым свеце

Лад такі нязвыклы нам:

Спіцца соладка,

як дзецям,

Усяму-ўсяму спрытна.

 

Спяць лісулі-задавайкі,

Дрэвы спяць і песні спяць.

Нават пуджаныя зайкі

Спяць, што й стрэлам не падняць.

 

Спяць вавёркі-варушынкі —

Не ўзнімаюць галавы;

Нібы ў небе аблачынкі,

Спяць пушынкі ля травы.

 

Спяць шакалы-завывалы —

Не скуголяць між сабой;

Пахавалі змеі джалы,

Спяць, скруціўшыся ў сувой.

 

Мішка выпусціў гармонік —

Спіць...

А побач — дрэмле ўдаў.

І ў даверы грыву конік

На клыкі ваўку паклаў.

 

Цягніку дарога сніцца,

Трактар неба не капціць...

Нават побач,

на масніцы,

Цёплай плямкай сонца спіць.

 

Вее гэтакім даверам,

Першабытным гэткім сном.

І не рыпнуць дзверы зверам,

Дзень не ўскрыкне пад акном.

 

І ніхто не абзавецца.

Цацкі спяць. Спіць цішыня.

Будуць спаць, пакуль прачнецца

Гаспадар іх — хлапчаня.

 

Вось тады — гайда не тая:

Ранак грымне у дуду.

Зноў машыны загукаюць,

Паравозы загудуць...

 

І ўсё будзе як у жыцці.