epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"У самы знак задыякальны Дзевы..."

У самы знак задыякальны Дзевы

Ступіла сонца. Восень прывяло

К нам на Зямлю, дзе ўсё яшчэ гуло

Травою, жытам і птушыным спевам.

 

Але ж, але ж... Вясна, надзеі, дзе вы?

Спатканне з Оўнам подаўну было,

І Казярог — снягоў маіх жытло —

З зімой ужо віншуе неспадзеву.

 

А я люблю вясну. І мне здалося,

Ізноў вярнулася яна сама,

Напоўніла прасторы шматгалоссем...

 

Не, супакою і ў мане няма:

Дарогу жоўтым лістам сцеле восень —

Мінула ўжо вясна, наперадзе зіма.