epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"У траве пажухлай і счарнелай..."

У траве пажухлай і счарнелай

Я знайшоў, нібы зялёны промень,

Летнюю травінку, што глядзела

На мае сагрэтыя далоні;

 

Як дзіця, прасілася на рукі

І аб пальцы цёрлася ў даверы.

Мне яе хацелася адхукаць

Ад дажджын цяжкіх, халодна-шэрых.

 

Бо навокал вецер шорстка шастаў,

І зямля лядзела ўвачавідкі,

А на ёй, халоднай і лабастай,

Аж святліўся промень гэты кідкі.

 

Асвятліла ярка наваколле

Полымя зялёнага успышка.

І здалося: адрастае голле,

Зноў лісты варушацца ў пупышках.

 

Нібы лета абагрэла далі,

Зноў буслоў дачуўся звонкі клёкат.

І здалося: разам заспявалі

Тыя птушкі, што ўжо так далёка.

 

Але гэта — толькі на хвіліну.

Зноў пры мне асенішча глухая.

Зноў гляджу на летнюю травіну,

Што пчалы настойліва чакае.

 

Знаў — над ёй сняжынкі будуць віцца.

Мне яе, пазяблай, было шкода...

Я — дзівак. А мо то асалода

Не ў пару вось гэтак нарадзіцца?!

 

І ў траве пажухлай, пачарнелай

Светла ззяць, нібы зялёны промень.

На зямлі халоднай і скалелай

Грэць чыесьці змёрзлыя далоні.