epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Урок

Сербская балада. ХХ стагоддзе

 

 

«Пуцайце, я і сада држым час»1,— словы Мілае Паўловіча, настаўніка з Крагуеваца, сказаныя фашыстам, калі яны расстрэльвалі 300 школьнікаў...

 

 

Дзеці, супакойцеся,

Мы правядзём сягоння з вамі

Апошні свой урок...

Па-першае, давайце мы паўторым

Мінулае.

Хто ведае, скажыце мне,

Што значыць радасць, воля, смех, Радзіма?

О, столькі рук —

Засвоілі вы добра урок мінулы.

А цяпер давайце запішам тэму новага урока..

Прабачце, не запішам, а запомнім.

Увага, Глішыч! Не глядзі спалохана

На аўтаматы...

Не круціся...

Значыць, тэма:

«Звяры дваццатага стагоддзя».

Мэта:

Вас навучыць хачу я ненавідзець

Такіх звяроў...

 

Страляйце ж, крывасмокі!

 

Чакаеце...

Ну што ж, тады прадоўжым

Урок наш, дзеці... Перад вамі экспанаты,

Не выкапнёвыя — жывыя экспанаты

І жорсткасці, і трусасці звярынай:

Яны ж баяцца нават вас, малечы,—

Безабаронных,

Вяснушчатых,

Кволых,

Хоць кулачкі адны — ўся ваша зброя...

Цішэй, не шморгай носам, Йовановіч!

Баяцца...

А таму, зірніце, абчапляўшыся

Гранатамі,

Нажамі,

Кулямётамі,

З дзяцьмі ваююць смела, неданоскі...

Не чысці, Крсціч, у фашыста боты —

На іх дыміцца кроў тваіх бацькоў...

 

Страляйце ж, ваўкаўё!

 

Марудзяць кулі...

Пойдзем тады далей,

Каб лепей разабрацца ў нашай тэме.

Звярніце ўвагу, дзеці:

У фашыстаў

Тупыя, абыякавыя твары,

А ў галаве пустой

(Хоць і такой вялікай!)

Не хопіць месца і маленькай думцы...

Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!..

Зірніце:

Вось — вышэйшай расы людзі,

Ніжэйшыя па думках за жывёлу,

Бо нават і ў сабачаняці вашага,

Вы помніце,

Якая мордачка разумная была...

Урок вы зразумелі, дзеці?

Можа,

Пытанні ў каго будуць? Задавайце.

Бо зараз зазвініць званок...

 

Званок той быў чаргою кулямётнай,—

Яго ўжо дзеці не змаглі пачуць...

1 «Страляйце, я і зараз вяду ўрок».