epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Успомненая дарога

Дарогу забівае чыхаўка

Ад пылу,

Што ўзнімаюць босыя ногі бежанцаў:

Старэчыя — у пухлінах,

Жаночыя — у ранах,

Дзіцячыя — у крыві...

Яна з першых дзён аглухла

Ад гэткага ляскату колаў

І адчайнага ляманту

І чуе цяпер толькі адзін дзіцячы крык,

Адзін крык:

— Хачу есці!

— Хачу піць!

— Хачу пасядзець!

 

Дарозе цяжка.

Яна выгінаецца, выкручваецца, уецца:

То так дапаўзе да рэчкі,

Што з берага можна ўхапіць кроплю вады

жаданай,

То ўбачыць на небасхіле маленькую

дажджавую хмарку —

і да яе

да яе,

да яе...

То зверне ў лес,

У цянёк,

Пад вялікі зялёны парасон,

То здалёк убачыць крамяны баравічок —

і да яго,

да яго,

да яго...

То ўпрэцца раптам у чырвоны куст малінніку...

 

Ешце, дзеці... Ешце...

Дарога гэтак стараецца.

Для вашых шчаслівых сноў,

Перарваных вайною

На самым цікавым месцы...