epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Уваходзіны ў паэму

Эпіталама

 

Верасню прысвячаецца

 

Хвала яму, жоўтаму свату,—

Сягоння ў нас уваходзіны:

У новую, незвычайную хату

З табою нясмела ўваходзім мы.

 

Тут сцены — закрытыя вочы.

Страха ўся з лістоты сатканая.

І ложак — пінжак мой святочны

На кветкі пасланы, каханая.

 

Дык пойдзем хутчэй жа, мой голад,

Куды ты захочаш, харошая...

Рыпіць і пяро і голас:

«Са шлюбам законным! І грошы з вас...»

 

Ах, рэгістратар! Усмешкі хоць трошкі

Адпусціце без плана для радасці...

Але ён, нібы скнара грошы,

Усмешкі схаваў: ці не ўкрадуць іх?

 

І сябры з такой жа гаворкай:

«Ад імя, з даручэннямі вуснымі...»

Што ж, я сам сабе крыкну: «Горка!»,

Каб напіцца тваімі вуснамі!

 

Дык пойдзем хутчэй. Нас чакаюць

Невядомыя уваходзіны...

Я паэмай яго называю,

Гэты храм, куды ўваходзім мы.

 

У паэме будуць, няйначай,

Свае адступленні лірычныя:

Першы сын неўзабаве заплача,

Першы ўнук падасць голас зычны нам.

 

Цяпер жа глядзіць з-пад далоні

І чакае даўно нас Верасень...

Жоўты ліст,

жоўты лес,

жоўты промень

І радасць, як сонца, уперадзе.

 

Жоўта... Не любіш?.. А я дык рады,

Што промняў столькі намолата...

Кажуць: жоўтае — колер здрады.

Не вер! Гэта колер золата!

 

Па жоўтай дарозе ідзём мы

У залатое вяселле звонкае...

Смялей жа ступай у паэму

Маёю

вечнаю

жонкаю.