epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Ва ўсёй жывой і нежывой прыродзе..."

Ва ўсёй жывой і нежывой прыродзе

Ніхто не ладзіць ловы на людзей.

Без дай прычыны звер не нападзе

На чалавека — зводдаль абыходзіць.

 

Акулы ля ахвяры карагодзяць,

Калі з’яўляецца пагроза іх вадзе,

Ваўкі абараняюцца ў бядзе,

Калі ім выць па-воўчы перашкодзяць.

 

Усе шануюцца цара прыроды,

Яму саступяць сцежыну заўсёды,

Даруюць крыўды горкія спрадвек.

 

Ды на зямлі ўсё ж ёсць адна істота,

Ад якой усе непамыслоты:

Сам на сябе палюе чалавек...