epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вада

Вада — бясколерная, празрыстая вадкасць без паху і смаку.

 

З даведнікаў

Хто сказаў — вада без паху?

Хто сказаў — вада без смаку?

Той, відаць, не смяг у спёку

І ад смагі ў суш не млеў.

 

Той, відаць, вадой не трызніў,

Не хапаў яе у жмені —

Калі боязна рассыпаць

Нават кропельку ў траву.

 

Той не мроіў ёй — да тлуму,

І не прагнуў — да трымцення,

Калі п’еш, і ўсё, здаецца,

Не спатолішся ніяк.

 

Той, відаць, не поўз пустыняй,

Не ўсыхаў у акіяне,

Калі пахі ўсе і смакі —

У глытку пітной вады.

 

У глытку, што як дажджынка,

У глытку, што як расіна,

На лістку, бы на далоні,

Гэтак зманліва дрыжыць.

 

І ўжо ў гэтай нават кроплі —

Усе колеры вясёлкі.

Хто ж яе знаў бескалёрнай?

Божа мой, які дзівак?!

 

Хто ваду наспех пакрыўдзіў,

Хто ваду спрытна абразіў?

Хто сказаць мог так будзённа

Пра таемнасць — пра ваду?..

 

Веру я: і ён, сасмаглы,

Толькі ўбачыўшы расіну,

Закрычыць, бы звар’яцелы,

З дзікай радасці:

— Ва-да-а!