epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Вада па муку пабегла..."

Вада па муку пабегла,

Каб стаць ад мукі гусцейшай;

Малачка шукае зацірка,

Каб стаць ад яго бялейшай;

Малачко пабегла па цукар,

Каб стаць яшчэ саладзейшым;

А цукар пабег па хлеб,

Каб стаць яшчэ болей смачнейшым.

А хлеб пайшоў спаць...

 

І як толькі хлеб прачнецца,

Як толькі яго разбудзяць —

Цукар стане смачнейшы,

Малачко — саладзейшае,

Зацірка стане бялейшая,

А вада тады стане гусцейшая,

І ўсе яны разам збяруцца

У тваёй у глінянай місе...

 

Ва ўсіх незлічоных войнах

Тлумачылі гэтак голад

Дзецям на мове дзяцей.