epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вадзянік

Лужыцкая балада. XVI стагоддзе

 

На дыбкі ўстае рака

Ля жытла вадзяніка:

Во віруе, во бушуе —

Сам сябе, відаць, не чуе.

Жонку гоніць з хаты ён —

Жонка вінаватая.

З ёй, русалкай, лаецца,

К дзецям прыглядаецца.

І абнюхае усіх,

І абмацае усіх:

Пяць, як ёсць, вадзянікі,

Ну а гэты — не з ракі:

Пахне хлопчык горкаю,

Дымнаю махоркаю...

— Хто ж русалку цалаваў,

Хто на Мінку дым пускаў? —

Вадзянік наш прагне буры,

Вадзянік жа сам не курыць:

У вадзе набухне

Папяроска — стухне...

Спамінае грозна:

Жонка дужа позна

У раку вярталася,

Весела смяялася:

Мо тады, дарэчы,

Мінка йшла са стрэчы?

Зноў абнюхае сыноў

І усіх агледзіць зноў...

Пяць, як ёсць, вадзянікі,

Ну а шосты — не такі:

Пахне хатай новаю,

Стружкаю смаловаю...

А хай яно спрахне —

Чалавекам пахне!

Папрыціхлі ў рэчцы ўсе —

Вадзянік раку трасе,

Барадой зялёнаю,

Нібы злосць ягоная.

— Разбуру я ўсё датла!..

Дзе ж, русалка, ты была

І куды хадзіла?

Мінка, з кім блудзіла?..

Мінка ціхенька глядзіць,

Мінка плача цененька

І спалохана сядзіць,

Нібы мыш пад венікам!

Вінавата — праз карчы

Мінка бегала ўначы,

Калі слаўся морак,

Вунь на той пагорак.

Кіта дом там будаваў,

Кіта Мінку цалаваў.

Хлопец ведаў яе змалку —

І дзяўчынай, не русалкай.

Кіта — нават піва гнаў,

На вяселле ўсіх склікаў,

Ды... раптоўная замінка —

Вадзянік сасватаў Мінку...

А цяпер вось вадзянік

Аж шалее... Чуеш, крык:

— Пакараю я цябе,

Праганю я ад сябе —

Да сваіх жа — марш! — людзей,

Пажыві там у бядзе:

Я цябе караю —

Людзям зноў вяртаю.

Хай цябе абсушыць неба...

Ну а Мінцы гэта й трэба!

Мінка к Кіту з рэчкі йдзе,

За руку сынка вядзе,

Сын глядзіць адкрыта —

Выліты ўвесь Кіта...

Ад варот рыпучых —

Кіта ім насустрач.

Пахне ён махоркаю —

Дымнаю і горкаю...