epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вайдэлоткі

Выйдуць з лодкі вайдэлоткі,

Пойдуць сена варушыць,

Тыя самыя малодкі,

Што умелі мудра жыць.

 

Што ў хароміне Праўрымы

Вечны цеплілі агонь,

Каб ён вуснамі сваімі

Лашчыў кожную далонь.

 

Што ахвярніцы займалі

Чыстай памяццю сваёй

І што песнямі трымалі

Сувязь з роднаю зямлёй...

 

Як сучасна хусткі свецяць

Між абрэджаных дубоў.

Як ім хораша у леце,

Іх вянкам вакол галоў.

 

Мы глядзім, нібыта продкі,

І ўжо верым пакрысе,

Што з Багамі вайдэлоткі

Танцавалі па расе.

 

Ведаў іх у твар, напэўна,

І вярхоўны жрэц — Крывіч.

Ведаў іхні голас спеўны,

Што лагодзіцца ў крыві.

 

З імі раіліся, мусіць,

Ваяры і вадары,

Як нам жыць на Беларусі,

Як спяваць і гаварыць.

 

І ў свяцілішчах, здаецца,

Прысак даўні не ачах.

Песні, што трымцелі ў сэрцы,

На лугах усё гучаць...

 

Зноў паселі ў свае лодкі,

Адплываюць з астраўка...

Хіба ж гэта вайдэлоткі?

Бабы з граблямі ў руках!