epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Валы

Балгарская балада. XIX стагоддзе

 

Хутчэй на бераг! Родная зямля,

Як па табе хайлукі сумавалі!

Не дачакаўшыся прычалу карабля,

Яны скакалі у траву здаля,

І падалі, і прагна цалавалі

Зямлю сваю.

 

Бывай, захоплены знячэўку параход,

Што высадзіў атрад ля Казладуя,—

Плыві далей... А змагары — ў паход:

Іх так чакае стомлены народ,

Якім турэцкі ятаган кіруе

Даўно ўжо так.

 

Дзве сотні іх... Хутчэй, туды хутчэй,

Дзе ў бойцы захлынаецца паўстанне,

Дзе так бракуе маладых плячэй,

Дзе гасне разам гэтулькі вачэй,—

Хадземце з намі, цеслі і сяляне!

Хадземце, людзі!

 

Вось плужыць на валах шматок зямлі

Надзіва супакоены араты...

— Там рэвалюцыя! Не чуў хіба? Пайшлі!

— Што! Рэвалюцыя? А мне няма калі —

Араць мне трэба: я ж не так багаты,

Каб траціць час...

 

— Тады хоць нам валоў сваіх прадай:

На іх мы пакладзём патроны, зброю...

— Што? Вам прадаць? — пытаецца ратай.—

Ды колькі вы дасцё?! Вы ж голыя бадай,

А туркі мне рукою — менш скупою —

Заплацяць больш...

 

— Тады валоў на час хоць зможаш даць?

Пад’едзем троху — забярэш, нябога...

— Вы ж пастраляеце,— ды вас і не відаць,

А туркі вернуцца і тых пачнуць страляць,

Хто вам валоў даваў на дапамогу...

Не, я не дам.

 

— О, бедная радзіма,— бачыць Бог! —

Як здзекуюцца туркі, чарбаджыі!

Для рэвалюцыі б я ўсё аддаў, што мог,

Паўстанню б я крывёю дапамог,

А ён шкадуе і валовай шыі...

Пайшлі хутчэй!

 

І Хрыста Боцеў, задушыўшы гнеў,

Павёў юнакаў пешых у Балканы —

Там падалі сябры, там бой грымеў...

Ён рэвалюцыі аддаў усё, што меў,—

Там з куляю ён стрэўся гэтак рана

На Вол-гары...