epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Варта ў крылы паверыць свае..."

Варта ў крылы паверыць свае,

Трэба ў крылы свае паверыць,

А нам смеласці ўсё не стае,

Каб свой край на свой лёт перамераць.

 

Крылы нашы — для радасці, мар,

Крылы нашы — для працы і свята.

Крылы — лішнія, крылы — цяжар,

Калі ў іх не верыш зацята.

 

Крылы ціснуцца пудка к спіне —

І адкуль сарамлівасць такая?

Хто, як ветразі, іх развіне?

А Радзіма чакае, чакае...

 

Каб пад намі зямля паплыла,

Каб вятры захадзілі над намі,—

Трэба верыць у сілу крыла

І абняць Беларусь крыламі!