epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Ваўчыца ў звярынцы

Нялёгка з пушчай вольнай разлучыцца

І апынуцца ў цеснакутай клетцы...

Кідаецца ва ўсе бакі ваўчыца

І на свабоду вырвацца імкнецца.

 

Ды сталь крышыць — замала ў яе сілы.

Яна прылегла ціхенька ў знямозе.

Прылегла... І, тужлівая, завыла

Па ваўчанятах родных, па бярлозе.

 

Кранаў за сэрца голас яе слабы,

Хоць ён і з пашчы воўчае выходзіў.

Яна ж праз краты высунула лапы —

Хай хоць яны пабудуць на свабодзе.