epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вяртанне з хваробы

Спаталенне шорсткай смагі,

Вадаспадаў мройны гул...

І калючыя, як шпагі,

Вочы прывідных акул.

 

Адплываюць, падплываюць,

Б’юць хвастамі па вадзе...

Хто іх шчэлепы стрымае,

Хто іх вочы адвядзе?

 

Адплываюць. Там, дзе востраў,

Крута робяць віражы...

І нібы ў касілках,— востра

Зубы ходзяць, як нажы.

 

Засланяешся рукамі

Ад іх позіркаў тугіх...

Кожны ўсплёск — нібыта камень,

Нібы хвалі — берагі.

 

Зніклі ўсе. Не стала гушкаць.

Дзень па кроплі ў ноч цячэ...

Цішыня... Спявае птушка...

Сонца... Промень на шчацэ...