epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вяселле

Беларуская балада. XV стагоддзе

 

Што ж ты, дзень мой, канчаешся хутка,—

Дай хоць промні твае расчасаць.

Затрымайся яшчэ на мінутку,

Пасвяці мне яшчэ хоць мінутку,—

Не хачу я цябе адпускаць...

 

Зелле-гарэліца

Коціцца ў рот,

Вяселле вяселіцца,

Як карагод.

 

І куды ж ты спяшаешся, вечар,

Бы імчышся на чорным кані?

Захіні мае белыя плечы,

Сваім чорным крылом мае плечы

Захіні, захіні, захіні...

 

Гасцюйце часцей,

Частуйце гасцей!

Топні, лапаць, топні, бот,—

Хай жывецца без клапот.

 

Што ж ты, ноч, нібы чорная знічка,

Прамільгнула ў вясёлай гульбе?

І ўжо раніца — мыш-невялічка,

Нібы шэрая мыш-невялічка

Спрытна точыць і точыць цябе.

 

Сп’янела застолле,

І хмель — нібы дым...

Дайце ж вы ўволю

Паспаць маладым

Адным!

 

Што ж ты, раніца, цэдзішся рана?

Ці ў цябе спачування няма?

Бачыш, замуж іду я за Яна —

За раба я выходжу, за Яна,

І рабою раблюся сама.

 

Песня застольная,

Гульба, як жальба:

Увечары — вольная,

Раннем — раба.

 

І ўжо сонейка ля небакраю

Зашыпела... А што я зраблю?!

Я сама сябе гэтак караю,

І каханнем, і раем караю,

Бо я ж Яна больш волі люблю!

 

Госцейкі п’яныя,

Бачыце, вунь

Па мяне ад пана,

Па рабу так рана

Бяжыць цівун,—

 

Бо ўжо сонца ўзышло-о-о...