epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вязень

Неспакойны за кратамі сон,

Бо і тут сніцца вязню няволя.

А трывожны,

трывожны звон

Не сціхае і ў клетцы ніколі —

Неспакойны за кратамі сон.

 

Гэты звон аддзяліў яго

Ад далёкага,

лёгкага неба,

Ад паветра, ад ветру таго,

Які яму вельмі трэба.

Гэты звон аддзяліў яго.

 

Адмыкае наглядчык турму:

Навакола стаіць такі скрогат.

Спрабаваў перапець.

Але ўбачыў:

яму

Не асіліць шуму такога.

Адмыкае наглядчык турму.

 

Прыадчынены дзверы крыху —

Абы толькі пралезла міска.

Вязень бачыць чужую руку —

Валасатую, пульхную —

зблізку:

Прыадчынены дзверы крыху.

 

Зненавідная гэта рука

Потым ставіць з вадою шклянку...

О, ён лепей напіўся б з лістка

На сваёй

абжытай палянцы.

Зненавідная ты, рука!

 

І вязень,

нібы сапраўдны герой,

На руку кідаецца ў клетцы,

Сабраўшы ўвесь смутак па волі свой,

Не сцярпеўшы абразы даўняй такой...

— Гляньце, гляньце,—

наш дроздзік дзяўбецца!

 

Зноў зачынена моцна турма —

Хіба краты дзюбай зламаеш!

А ў яго,

апроч песні, нічога няма,

Апроч крыл,

ён нічога не мае,

І зачынена моцна турма.