epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вечар паэзіі

Чытаюць вершы ў Крошыне паэты,

А мне здаецца, што і ён, хлапчук,

Сядзіць між імі ў клубе гэтым светлым

І галавою туліцца ў плячук.

 

Зусім дзіця, пятнаццацігадовы,

Успамінае, мусіць, з болем ён,

Як выпускаў і сам на волю словы,

Што зганьбаваў бязлітасны прыгон.

 

 

Зайграй, зайграй, хлопча малы,

І ў скрыпачкі, і ў цымбалы.

 

Ён спавядаўся вершамі пры ўладзе —

Сам Навасільцаў слухаў тут яго:

Адной рукою па галоўцы гладзіў,

Бізун шукаў паспешліва другой.

 

А як стараўся ўсёй душою Паўлік,

Як спадабацца слухачу хацеў!

Не ведаў, што сенатар і падстаўлен,

Каб дабрыню ператварыць у гнеў.

 

У Крошыне пан сярдзіты,

Бацька кіямі забіты,

Маці тужыць, сястра плача.

Дзе ж ты пойдзеш, небарача?

 

Элегіі журботныя гучалі,

Шуршалі, нібы полымя ў страсе.

Парабак не знаў: ягоны талент

Яму адно няшчасце прынясе.

 

Забралі хлопца ў рэкруты за вершы —

Так адлучылі ад зямлі і мар.

І гэта быў ягоны самы першы,

Ды, мусіць, не апошні ганарар.

 

Каб я большы не падрос

Ды ад бацькавых калёс!

 

Чытаюць вершы ў Крошыне паэты,

А мне здаецца, што і ён, хлапчук,

Сядзіць між намі ў клубе гэтым светлым,

І радасць мгліцца, як сляза, ўваччу...