epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вечаровая песня лесаўчыка

1

Абсыхае мой конь уночы —

Нялёгка было і каню...

А вочы, забітых вочы,

Да майго спяшаюць агню.

І, ціхія, сочаць самі

За буднем маіх клапот.

А сала тады, нібы камень,

Не лезе ў засмяглы мой рот.

Яшчэ не астыла руля,

Загады грымяць увушшу...

Маці, мая ты кукуля,

Прысніся свайму Тамашу!

 

Даўно ўжо блукае слава

Па пятах нашых пакут,

І просяць чужыя дзяржавы

Лесаўчыкоў хоць капу.

І мы распраўляем плечы,

Імчымся на злом галавы

І смела кідаемся ў сечу,

Нібы раззлаваныя львы...

Павісні над сумам, поўня,

І асвятлі мне душу...

Вазоўня, наша вазоўня,

Прысніся свайму Тамашу!

 

І вось, як паранены, гасне

Стомлены стогнамі дзень...

Хто, нібы толькі што пасвіў,

Гусака на вяроўцы вядзе;

Хто сала полаці выняў —

Наесціся толькі й ахвоч;

А хто ў падранай пярыне

Вязе паланянку на ноч.

Абіраецца тая ад пуху...

Каханая, штодзень прашу.

Рагнеда! Дзе ты? Паслухай —

Прысніся свайму Тамашу!

 

Прынясі хоць у сон мне дзетак,

Якіх яшчэ ў нас няма.

Усю ноч, хоць і стомлены гэтак,

Ім аддасць твой далёкі Тамаш.

Я ў сне б на радзіму паехаў,

Каб управіцца к самай касьбе,—

Так бы ляскалі рэхвы, што рэха

Даляцела б і ў сон да цябе.

Зноў вочы... Зноў вочы... Над імі

Рук, быццам крылаў, шум...

Валошка... Валошка з радзімы,

Прысніся хоць ты Тамашу...

1 Лесаўчыкі — беларуская вайсковая вольніца канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў. Славіліся сваёй смеласцю. Абаранялі не толькі свае землі, але іх прасілі на дапамогу і іншыя краіны тагачаснай Еўропы. Прымалі ўдзел у Трыццацігадовай вайне, у барацьбе супраць туркаў, у войнах Запарожскай Сечы.