epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Вецер блукаў па садзе..."

Вецер блукаў па садзе,

П’яны вясною роснай,

Вецер пупышку пагладзіў —

Стала пупышцы млосна.

 

Лопнула ўраз пупышка

Ад маладое сілы.

Светла ды боязна крышку —

Сонца не асляпіла б.

 

Травы пачулі шорах,

Іх узяла цікавасць:

Ціха паднялі ўгору

Покрыў старой атавы.

 

Убачыць травінкам трэба,

Чаму гэтак сёння ярка...

Дзівіцца ў чыстым небе

З дожджыкам цёплым хмарка.

 

Што там з зямлёю стала,

Што гэта там за гукі?

Хмара ў разведку паслала

Дожджык,

На ногі хуткі.

 

Дожджык паволі агледзеў

Кожны лісток, травінку,

Нават убачыў недзе

Сіняй пралескі хусцінку.

 

Бліснуў расой на голлі

Калакалушным, язмінным;

Дождж выпіў цяпла даволі,

Потым зямлю пакінуў.

 

І заспяшаўся на неба,

Каб папярэдзіць хмару:

Снегу страсаць не трэба —

Вясна на зямлі гаспадарыць!