epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вецер на даху вагона

Дзіўна, але нават сёння, калі раптам, нечакана, з двух бакоў у вагон зойдуць не такія ўжо цяпер і грозныя кантралёры, сама сабою, відаць затрымціць душа, затрапечацца сэрца, і ты, такі сур'ёзны чалавек у акулярах і пры гальштуку, міжволі, хоць у цябе і ёсць сапраўдны білет на ўсю дарогу, пачынаеш нервавацца, нецярпліва азірацца, шукаючы, куды б гэта табе схавацца - пад лаўку, за чамаданы на трэцюю паліцу ці ўвогуле паспрабаваць прарвацца праз заслоны і выскачыць у тамбур.

Сам ты ўжо, канечне ж, забыўся пра ўсё тое далёкае, а душа, бачыце, памятае.

У юнацтве я шмат ездзіў «зайцам» у цягніках. Асабліва мне падабалася падарожнічаць на дахах вагонаў - што ж, душа прагла падарожжаў, а грошай на гэта ў мяне не было.

Якія там грошы! Цётка Аляксандра Іванаўна, бацькава сястра, якая ў вайну пасля арышту паліцаямі маіх бацькоў узяла на сябе ўвесь клопат пра нас, сірот - дзвюх сясцёр і мяне, - ніколі не выбіралася з нядоімак, заўсёды была нешта вінавата дзяржаве: ці то воўну, ці то яйкі, ці то мяса. Мне нават самому давялося ссякаць свой сад - слівы, вішні і яблыні, - бо на той час кожнае дрэва было абкладзена такім падаткам, выплаціць які мы, канечне ж, не маглі.

Я не памятаю, які выгляд мелі пасляваенныя грошы, бо мне амаль не даводзілася іх бачыць, трымаць у руках. Распытваў у старэйшых - яны таксама не помняць: кажуць, каб запомніць, разгледзець, іх трэба хоць бы троху панасіць у кішэні, палічыць...

А лічыць у нас, апроч цётчыных працадзён, не было чаго... І ўсё ж цётка, хоць было і цяжка, не адпускала нас, трымала ўсіх пры сабе.

Адразу пасля вайны мяне хацелі забраць у Нахімаўскае вучылішча - прыйшла на раён разнарадка, і яе думалі «выканаць» дзецьмі-сіротамі. Але ж цёця мяне не аддала: «Ай, няхай будзе са мною».

Нязведаная гэта штука - чалавечы лёс! А каб не пашкадавала, каб аддала? Можа, з мяне атрымаўся б нядрэнны марскі афіцэр, і ў свой час я меў бы ўжо асабісты караблік і, як жартую сёння, кіраваў бы ім: «Лева руля! Права руля! Так трымаць!» Пра гэта думалася ва Ўладзівастоку, на Ціхаакіянскім флоце, дзе я, лейтэнант запасу, праходзіў перападрыхтоўку і дзе мне было вельмі цікава пазнаёміцца амаль з усімі ваеннымі караблямі. Ды і марская форма, кажуць, мне была да твару...

І пасля сямігодкі лёс мог павярнуцца да мяне таксама іншым бокам. Я хацеў паступіць у якое-небудзь вучылішча ці ў які тэхнікум і ўпарта чытаў аб'явы ў газетах. Але калі некаторыя мае равеснікі ўжо марылі пра «ВГИКи» ды «МГИМО», я выбіраў сабе навучальную ўстанову толькі з адною ўмоваю - каб там кармілі і адзявалі. Ужо і выбраў нейкую школу міліцыі ў Віцебску і тэхнікум хлебапячэння ў Менску, ужо хутчэй за ўсё і паехаў бы куды-небудзь, спыніўшыся на чымсьці адным, каб зноў жа не мая цёця.

- Нікуды не едзь, - сказала яна. - Заканчвай дзесяць класаў тут.

Мудрая, шаноўная мая цёця Алеся! Яна як усё роўна бачыла і разумела маю мару: толькі ўніверсітэт, толькі журналістыка!

Дарэчы, пасля, калі я не паступіў першы раз у БДУ, мая стрыечная сястра Марыя Антонаўна павезла мяне да свайго родзіча па бацьку, які быў на той час адным з кіраўнікоў Магілеўскага педінстытута. Ён, таксама мудры, распытаўшы, як я здаў экзамены ў Менску, пагаварыўшы са мною сказаў:

- Я цябе хоць сёння магу залічыць у інстытут. Але ж я табе не раю рабіць гэтага: ты ж усё роўна будзеш сумаваць па ўніверсітэце і па сваёй журналістыцы. І ў нас будзеш пакутаваць.

Мы гаварылі ў яго дома на кватэры, за вячэраю. Ён, не зважаючы на пратэсты стрыечнай сястры, быў перакананы ў сваім:

- Так што, хлопча, дамагайся свайго - едзь налета зноў ва ўніверсітэт.

А дакументы ў БДУ я вазіў на даху вагона.

Да гэтага ў мяне ўжо быў сякі-такі вопыт гэткіх падарожжаў. Папярэднім летам я менавіта так ездзіў у госці да цёткі Мальвіны, мамінай сястры, на Полаччыну, у Асвею, дзе, шукаючы рознага дадатковага матэрыялу, выпрасіў у дзядзькі кнігу «Наша Родина», каб лепей падрыхтавацца да экзамена па гісторыі. Назад, ужо з кнігаю, я таксама вяртаўся на даху вагона: не прызнаўся цётцы, што ў мяне няма грошай, і таму яна купіла мне білет толькі на аўтобус Асвея-Полацак.

Тым жа летам, як кажуць, у сугляды, я таксама ездзіў у Менск - заманулася пазнаёміцца і з Менскам, і з універсітэтам, дзе, чамусьці ведаў, буду жыць і вучыцца. Напачатку ніяк не мог знайсці ўніверсітэт, хоць ён знаходзіцца, лічы, на самым вакзале: разы са тры абышоў абгароджаны ўніверсітэцкі гарадок, пакуль нарэшце знайшоў брамку з боку медінстытута, у якую трэба было ўваходзіць - прыехаў я вельмі рана, і таму нават гэтая брамка, здаецца, была яшчэ зачынена.

Дах вагона для мяне ўжо быў крыху абжыты, і я ведаў, што мне трэба рабіць і як сябе паводзіць.

Як і раней, спакойна, не спяшаючыся, каб не прыцягнуць да сябе ўвагу міліцыі, якой тады на вакзалах было вельмі многа - тым больш у Воршы: яна ж вузлавая станцыя, - я па пуцях абышоў ззаду цягнік, што вось-вось павінен адправіцца на Менск - наперадзе ўжо чмыхаў паравоз, пускаючы па абодва бакі калматыя вусы белай пары, - і паволі, нібы задумаўшыся, нібыта які абходчык ці аглядчык вагонаў, ішоў па шпалах наперад.

А як толькі цягнік крануўся, як толькі, парыпваючы і пастукваючы на стыках, пачаў набіраць хуткасць, я, быццам прачнуўшыся, ухапіўся за поручні вагона, які на той час аказаўся перада мною, і ўскочыў на прыступкі, прыхінуўшыся да зачыненых дзвярэй.

Мне заміналі скручаныя ў трубачку дакументы - атэстат сталасці, розныя даведкі, - і я, каб зусім вызваліць рукі, засунуў іх пад футболку. Моцна трымаючыся за поручні, адразу ж пачаў шукаць нагою за вагонам, там, дзе ў гумовым гармоніку схаваны пераход, які-небудзь выступ на сцяне, каб зачапіцца, - ведаў, што недзе там павінна быць дужка, але яна, мусіць, далей, і да яе пакуль што не дацягнуцца нагою. І ўсё ж паставіў на штосьці нагу і, пераносячы на яе ўвесь свой цяжар, асцярожна абдымаючы абшыўку і прыціскаючыся да яе, сам пакрысе пасунуўся за вагон. Уніз, пад ногі, знарок не глядзеў - цягнік ужо набраў хуткасць, колы паспешліва стукалі на стыках рэек, а шпалы пада мною, ведаў, проста мільгаюць. Калі рука нарэшце намацала клямар, адразу стала весялей і надзейней - цяпер ужо ўзабрацца на вагон было не так і цяжка.

Усеўся на даху каля першага ж вентыляцыйнага камінка - каб было за што ўчапіцца, калі раптам вельмі пачне хістаць вагон. Агледзеўся.

Вечарэла. Цягнік выйшаў ужо з прыгарадаў Воршы і імчаў зараз між палёў і лугоў. Бярозавыя ці асінавыя прысады, што набліжаліся да чыгункі, часам перарываліся, знікалі, адкрываючы голыя, ужо скошаныя лугі і даспяваючыя, спалявелыя нівы. Адсюль, зверху, аблітыя закатным сонцам, яны здаваліся незнаёмымі, таямнічымі і яшчэ прыгажэйшымі.

Праехалі Хорабрава, Веравойшу, Пагост - на такіх станцыях хуткія цягнікі не спыняюцца. А для мяне гэта самыя блізкія станцыі. Вось тут, за імі, злева, - мае Зубрэвічы. У Веравойшы нарадзілася баба Васюта. А цяпер, калі еду дадому, у Зубрэвічы, электрычкаю даязджаю толькі да Хорабрава - там мяне ўжо сустракаюць родзічы. За Пагостам - Тумінічы: тут нарадзілася мама. Галошаўка. Сюды я з бацькам ездзіў у млын...

Сядзець было мулка і нязручна: млелі выцягнутыя ногі, балела паясніца. Абапершыся за спінаю рукамі, адхіляўся назад, садзіўся не ўздоўж, а ўпоперак вагона - усё ж дах не зусім прамы, да краёў ён крыху пакаты, - але гэта не вельмі памагала. Тады я папоўз да краю вагона, сеў на саменькім рубежыку і звесіў ногі ў праём. Так было зручней, і я неўзабаве сам сабою зусім адключыўся, забыўся, што еду на даху, задумаўся, што ж мяне чакае ў жыцці наперадзе.

Цягнік спыніўся ў Слаўным. Я не заўважыў гэтага і схамянуўся толькі тады, калі пачуў:

- Ану-тку злязай, галубок!

Зірнуў уніз і абамлеў: перада мною стаяў міліцыянер і, задраўшы галаву, прытрымліваючы фуражку рукою, каб не звалілася, строга глядзеў на мяне. Раздумваць не было часу, і я, усхапіўшыся, пабег па вагоне наперад. Скасіўшы позірк, убачыў, што па зямлі паралельна са мною бяжыць і міліцыянер.

Дабегшы да краю вагона, я крыху затрымаўся, у разгубленасці думаючы, што рабіць: скакаць на другі ці не - баяўся, што не пераскочу, - але, як правільна гавораць, што страх доўжыць ногі, усё ж скочыў, скочыў удала і пабег далей.

Унізе, спатыкаючыся на шпалах, бег і міліцыянер.

Так мы дабеглі з ім як не да самага паравоза, а той усё стаяў на месцы - не даваў гудка і не пускаў пары, якіх я так чакаў.

Тады я пабег назад, ужо смялей пераскокваючы з вагона на вагон. Краем вока заўважыў, што міліцыянер ужо не гоніцца за мною, а азірнуўшыся, убачыў: ён сам лезе на дах!

А цягнік стаіць такі спакойны, як мёртвы, і нішто не нагадвае пра тое, што ён будзе калі-небудзь адыходзіць...

Міліцыянер між тым ужо ўзлез на вагон і, як кажуць, праследаваў мяне. На пероне стаяла, хоць і нешматлікая, але ўсё ж ладная купка пасажыраў. Яны, пазадзіраўшы галовы, з цікавасцю назіралі за гэтаю пагоняю. Мне было няёмка, і я баяўся, што сярод разявак можа аказацца нехта са знаёмых - Слаўнае ж недалёка ад маёй вёскі і зубраўцы ездзяць сюды на рынак купляць парасят.

Міліцыянер бег шпарка і гулка - я ўяўляў, як грохаюць над галовамі тых, хто ў вагоне, міліцыянеравы боты і нават мае чаравікі. Ён бег лепей за мяне, пераскокваў з вагона на вагон таксама лаўчэй, і я разумеў, што не ўцяку ад яго, што праследавацель мяне ўсё роўна дагоніць.

Калі адлегласць між намі ўжо зусім скарацілася, калі міліцыянер вось-вось мог ухапіць мяне за футболку, я, дабегшы да краю, паспешліва пачаў ссоўвацца па сценцы на зямлю. Спяшаючыся, нязручна ўхапіўся за нейкі выступ, рукі не вытрымалі, расслабіліся, і я ўпаў на самыя шпалы, пад самыя колы. І ў гэты час далёка наперадзе свіснуў паравоз. І ледзь я паспеў падхапіцца і выскачыць за рэйкі, як рэзка таргануліся вагоны і, парыпваючы, скрануліся з месца.

Я пабег побач з імі наперад, але не чапляючыся за поручні, не ўскокваючы на падножку: пакуль цягнік не набраў хуткасць, гэта небяспечна - міліцыянер дагоніць вагон і сцягне з падножкі за калашынне.

Бегучы, азірнуўся назад - ці бяжыць міліцыянер? Той, крыху заюшыўшыся, затрымаўшыся на даху - я ж зваліўся, а яму давялося паспешліва злазіць, - саскочыў толькі цяпер, але ўсё ж кінуўся ўслед за мною.

Цягнік набраў ужо добрую хуткасць, і я, убачыўшы, што міліцыянер адстае - не ад мяне, а ад вагонаў, - ухапіўся за поручні і скочыў на падножку. Міліцыянер прабег яшчэ крыху, а потым спыніўся і толькі пагразіў мне кулаком.

Я ж, разгарачаны пагоняю і ўцёкамі, хуценька ўзлез на вагон, зноў усеўся на крайку, звесіў ногі долу і з нейкаю ўзбуджанаю радасцю глядзеў, як усё далее і далее невялічкая станцыя Слаўнае, з вадакачкаю і адзіным цагляным будынкам, і як усё меншае і меншае міліцыянер, які стаіць на пуцях...

Ад хвалявання і бегатні ў роце перасохла, было горка, як ад асінавай кары. Дыхалася таксама цяжка, захакана, адно толькі ротам - не хапала паветра на глыбокі ўдых.

Я сядзеў і ніяк не мог адсапціся.

- Здрасце вам! - нечакана пачулася як не над самым вухам.

Я здрыгануўся. Здалося, міліцыянер, які гнаўся за мною, перахітрыў мяне і нейкім чынам таксама апынуўся на даху. Не паспеў я павярнуць галаву на вітанне, як побач са мною на краёк вагона, толькі з іншага боку гэпнуўся, здаецца, не дужа старэйшы за мяне хлопец.

- Я бачыў, як за табою міліцыянер ганяўся, - паляпаў ён мяне па плячы і зморшчыўся: - Ух, як я ненавіджу гэтых лягавых!

Я моўчкі зірнуў на хлопца - не хацелася гаварыць, не хацелася ні пярэчыць, ні падтрымліваць яго, згаджацца з ягонай думкаю.

Нават з першага позірку было відаць, што хлопец дужа шустры. На ягоных руках сінелі нейкія вычварныя наколкі - я асабліва не прыглядаўся, што там намалявана, - а з-пад расшпіленага каўняра выглядалі, вытыркаліся, ішлі як не да самай шыі густыя промні - відаць, ад вялікага сонца, што, наколатае, было схавана на грудзях пад сарочкаю.

- Ух, гэтыя лягавыя! - зноў, як успомніўшы што, паўтарыў ён і, нібы пагражаючы каму, страсянуў галавою. - Гэта ж яны мяне на цэлых два гады ад народа ў турму схавалі, на нары падсобілі ўзлезці.

Мы сядзелі спінамі да ветру, да руху цягніка, глядзелі, як на паваротах матляюцца апошнія вагоны, і думалі кожны пра сваё.

- Я - Вова, злодзей, - раптам прызнаўся хлопец. - І па сумяшчальніцтве - спекулянт. Дражджамі забаўляюся. У Барысаве купляю, дома перапрадаю. Канечне, даражэй! А ты хто? Куды і чаго едзеш?

Хоць у мяне і не было чаго красці, я ўсё роўна насцярожана глядзеў на суседа па даху - хто яго ведае, што можа выкінуць чалавек, які столькі гадоў праседзеў у турме. Ударыць яму нешта ў галаву, піхне з даху - ты і паляцеў.

- Чаго маўчыш? - павярнуў ён да мяне галаву. - Куды едзеш, пытаюся?

Вецер зносіў яго словы, яго голас, і ён думаў, што я не чую. Наважыўся зноў паўтараць пытанні.

- У Менск еду, - стараючыся быць спакойным, адказаў я. - Хачу ва ўніверсітэт паступіць.

- А, нірсіцет, - грэбліва зморшчыўся хлопец - дарэчы, якраз гэтак, жартуючы між сабою, называлі пазней і мы, ужо студэнты, сваю альмаматэр. - І выдумае ж...

Сказаў ён нешта яшчэ, але вецер сарваў з вуснаў і знёс яго апошнія словы.

- Нірсіцет... - зноў паўтарыў ён і падміргнуў мне. - А хочаш, я цябе лепей, чым нірсіцет вывучу? Сапраўдную работу пакажу. Я там адну кралю нагледзеў. У апошнім вагоне. Хадзем!

Пакуль я думаў пра зухаватасць блатняка, пра тое, што не паспеў ён сесці на цягнік, а ўжо ўсё ведае, дзе хто едзе і што вязе, як ён усхапіўся, стаў на ногі і ўжо толькі чакаў, калі падымуся і я.

А калі і я ўстаў, крыху адпіхнуў мяне ўбок, трохі разагнаўся сам і лёгка пераскочыў на другі вагон. Усё гэта ён рабіў так спрытна і натуральна, нібыта мы з ім стаялі не на даху вагона, а, як звычайна, на зямлі.

- Скачы! - крычаў мне Вова з другога вагона.

Я ж, хоць і бегаў ужо, уцякаючы ад міліцыянера, па дахах, скакаць не адважваўся: тады цягнік стаяў, а зараз ідзе на поўнай хуткасці, і самая маленькая памылка - нага пакаўзнецца ці што - можа стаць непапраўнаю. Таму я зноў сеў, а потым асцярожна перапоўз, перасунуўся на другі вагон.

Блатняк чакаў мяне. Убачыўшы, што я хоць і няўпэўнена, нясмела, але ўсё ж іду за ім, крыкнуў: «Даганяй!», а сам пабег у канец цягніка.

Па вагоне мне таксама было боязна бегчы - ён пакалыхваўся, нагінаўся, нават хістаўся, і таму ўвесь час існавала небяспека зваліцца: аступішся ці проста закружыцца галава.

Але ішоў я больш-менш упэўнена, а блатняк, які дабег ужо да апошняга вагона, з паблажліваю ўсмешкаю чакаў мяне.

Вагон, які яшчэ ў Слаўным прыцягнуў ягоную ўвагу, быў як чужы гэтаму хуткаму цягніку - палінялы, карычневы, з адкрытым тамбурам цялятнік - ён выглядаў дужа недарэчна паміж зялёных, камфартабельных вагонаў. Але гэта ўжо здаецца сёння, а тады такое нікога не здзіўляла, і ніхто не звяртаў увагі на неадпаведнасць, бо на той час і пасажырскія вагоны і цялятнікі нярэдка стыкоўваліся ў адзін цягнік.

Блатняк, як толькі дачакаўся мяне, адразу ж, падміргнуўшы, нібы падбадзёрваючы, сказаў: «Глядзі! Ты на шухеры!» і паспешліва юркнуў у тамбур цялятніка. Там хтосьці спалохана войкнуў, а пасля заплакаў.

Калі я, нясмела падышоўшы бліжэй, на самы край вагона, зазірнуў у тамбур, то ўбачыў, што там, уціснуўшыся, уплішчыўшыся ў самы куточак, стаіць дзяўчына, а ля яе мой новы знаёмы - Вова. Адною рукою ён трымае вялікую фінку (і дзе ён толькі хаваў яе да гэтага!) каля шыі, пад падбародкам дзяўчыны, а другою, расціскаючы дзявочыя пальцы, вырывае ў яе нейкі светлы вузельчык, заціснуты ў жмені.

Колькі гадоў прайшло, а я і сёння помню спалатнелы твар, напоўненыя жахам і адчаем дзявочыя вочы і пальцы, якія разнімаюцца моцнай, касцістай хлапечай рукою і выпускаюць, аддаюць нешта загорнутае ў чысценькую беленькую насовачку...

Як толькі блатняк завалодаў жаданым, спакуслівым вузельчыкам, ён гэтак жа спрытна ўскараскаўся на вагон, пстрыкнуў кнопкай на нажы - лязо схавалася - і, падганяючы мяне, быццам за намі хто гоніцца, пабег па цягніку наперад.

Калі мы селі непадалёк ад паравоза - уцякалі як надалей ад цялятніка, - каб спакойна падзяліць нарабаванае (так настойваў Вова: «Ты ж дапамагаў мне, стаяў на шухеры»), ужо добра сцямнела.

- Ну паглядзім, што мы з табою налавілі, - не спяшаючыся, нібыта знарок стрымліваючы сябе, паволі развязваў вузельчык блатняк.

Але ўлоў быў мізэрны - у насовачцы мы разгледзелі ўсяго некалькі паперак дробнага наміналу. Былі там капейкі ды яшчэ ключы ад нейкага чамадана. Вова падзяліў наш набытак вельмі справядліва - паколькі сам ён узваліў на сябе ўвесь клопат па падрыхтоўцы і правядзенні гэтай аперацыі, сабе пакінуў усе грошы з насоўкаю, а мне, як амаль пасіўнаму ўдзельніку, аддаў ключы...

Ужо зусім стала цёмна. Зверху ледзь угадваліся абрысы недалёкіх вёсак сярод палёў, а часам цемру разрывала невялікая купка агнёў на якой-небудзь маленечкай станцыі, якую прынцыпова не заўважаў цягнік і каля якой пралятаў на вялікай, поўнай хуткасці.

Хоць мы і сядзелі спінамі да ветру, было ўжо па-сапраўднаму холадна: днём, пры сонцы, гэта не адчувалася, а зараз вецер зрабіўся зябкі і пранізваў, здавалася, наскрозь.

- Давай пагрэемся, - прапанаваў раптам Вова. - Не бойся, я цябе навучу.

Ён тут жа ўчапіўся рукамі за край даху, звесіўся ўсім целам у пустату і пачаў падцягвацца ўгору, апускацца ўніз.

- Рабі, як я, - загадаў ён. - Вучыся.

Вучыцца мне не трэба было - гэта я ўжо ведаў і рабіў без яго. Дзіўна, але, мусіць, калі чалавеку спатрэбіцца нешта прыдумаць, кожны хоць і па-свойму, але прыходзіць да агульнага, адзіна правільнага рашэння - я грэўся раней гэтак жа, як і «спецыяліст» Вова, менавіта так! У сваіх ранейшых падарожжах на даху, калі было дужа холадна, я сам прыдумаў такі спосаб! Іншага не было, а гэты, як кажуць, ляжаў пад рукою.

Таму, адсунуўшы скрутак з дакументамі пад футболкаю за спіну, я звыкла павярнуўся тварам да вагона, павіс на руках і пачаў смела падымацца і апускацца - нібы займаўся зарадкаю.

- Ого, - здзівіўся блатняк. - Дык ты ж ужо вучаны... Часта ездзіш на цягніках?

- Не часта, але езджу, - адказаў я.

Па абодва бакі ад тамбура мы з Вовам апускаліся і падцягваліся да таго часу, пакуль зусім не аслабелі рукі і пакуль не адчулі, што добра нагрэліся.

Цягнік ішоў на ўсёй хуткасці, пад намі на стыках ляскалі колы, мусіць, мільгалі шпалы, але ў цемры мы не бачылі гэтага і таму не баяліся.

У Барысаве Вова, каб не трапляць лішні раз на вочы міліцыі, развітаўся са мною, яшчэ не даехаўшы да станцыі - як толькі цягнік запаволіў ход настолькі, што яго можна было пакінуць без усялякай рызыкі, ён саскочыў з прыступкі на шпалы і растварыўся ў цемры.

Мяне ж цягнік, як назло, вывалак на самую станцыю, на самае святло, падвёз да самага вакзала - каб не папасціся, я знарок адышоўся ў хвост цягніка, а ён гэты хвост чамусьці выцягнуў да перона.

Уяўляеце малюнак: людны, нягледзячы на ноч, ярка асветлены перон, і я перад усімі на даху вагона - нібыта на якой выстаўцы... А перада мною аж тры міліцыянеры... Глядзяць строга, злосна і рукамі паказваюць: маўляў, злазь...

Я быў таргануўся, пабег па вагонах наперад, але, зразумеўшы марнасць гэтага, адразу ж спыніўся і паслухмяна пачаў злазіць з даху: цягнік стаіць тут вельмі доўга, хвілін мо дваццаць, і таму ці ты бегай, ці не бегай па даху, усё роўна за гэты час зловяць.

Ды і міліцыянеры асабліва не нерваваліся - цярпліва чакалі, калі я злезу, калі падыду да іх.

- Ну што, даездзіўся? - спытаўся старэйшы па гадах і, здаецца, галоўны міліцыянер - нібы ён штосьці ведаў пра мае ранейшыя вандроўкі на дахах вагонаў.

Я прамаўчаў - не буду ж я казаць, што і праўда «даездзіўся».

- Завядзі яго ў каталажку, - загадаў ён маладому міліцыянеру. - Няхай пасядзіць. Потым разбяромся, як цягнік пойдзе.

Хлопец падышоў да мяне, моцнаю, прафесійнаю хваткаю ўзяў мяне за руку.

Я зразумеў, што гэта вельмі сур'ёзна, што тут ужо так лёгка не адкруцішся. І чамусьці само сабою вырвалася:

- Я дакументы ў Менск вязу... Хачу ва ўніверсітэт паступіць.

- Дакументы, кажаш? - здзівіўся старшы: відаць, у міліцэйскай практыцы яго гэта быў першы выпадак, каб дакументы вазілі на дахах вагонаў. - А дзе ж твае дакументы?

Скрутак з атэстатам і іншымі даведкамі ўсё яшчэ ляжаў за спінаю. Я пачаў пад футболкаю перацягваць яго на грудзі.

Як заўсёды гэта бывае, калі спяшаешся і хвалюешся, тады нічога не атрымліваецца. Не атрымлівалася і ў мяне - трубачка круцілася за спінаю, але адною рукою я не мог яе перасунуць наперад.

Міліцыянеры цярпліва чакалі, але потым старшы паказаў вачыма малодшаму, таму, што трымаў мяне за руку, і той другою рукою, залезшы да мяне за пазуху, дастаў дакументы.

Скрутак разгарнулі яны самі. Старшы паглядзеў атэстат і здзівіўся:

- Ого, дык ты ж амаль выдатнік.

Голас яго палагаднеў. Ён замаўчаў і над чымсьці глыбока задумаўся.

- Ладна, - праз нейкі час рашуча прамовіў ён. - Едзь, паступай, але калі цябе які блатняк скіне з вагона, скардзіцца да нас не прыходзь.

Недзе варухнулася няпэўная думка: дык я ж і сам нібыта блатняк - стаяў побач, калі Вова рабаваў дзяўчыну...

- Адпусці яго, - загадаў старшы міліцыянер малодшаму, таму, што трымаў мяне за руку. - І памажы хлопцу на вагон узлезці.

Міліцыянер нехаця, усё яшчэ не верачы, што так лёгка трэба выпускаць злоўленага, прыняў руку, адпусціў яе.

Старшы аддаў мне дакументы, я чорнымі, выпацканымі рукамі - усе яны былі ў сажы - пачаў згортваць іх зноў у трубачку, пакідаючы і на атэстаце, і на даведках брудныя плямы. Так што калі каму-небудзь трапіцца мой атэстат і ён убачыць на ім плямы, хай ведае, што гэта напамінак пра тое маё начное падарожжа ў Менск.

Цягнік усё яшчэ стаяў.

Калі я скруціў трубачку, схаваў пад футболку і запіхнуў яе зноў за спіну, маладыя міліцыянеры, стаўшы з двух бакоў, як канваіры, адвялі мяне да вагона, памаглі дацягнуцца да першай скабы - загад ёсць загад.

Я, асветлены, як на сцэне, ішоў па вагоне наперад, да паравоза, людзі глядзелі на мяне, як на якое дзіва, а я не ведаў, што мне рабіць: ці то ісці гэтак жа далей, ці то сесці дзе ля камінка і сцішыцца, адвярнуцца, ці то спыніцца і ўдзячна махаць рукою сваім зычліўцам, аж пакуль не пойдзе цягнік.

Пачуцці мае змяшаліся, душа ўзбурылася. Прызнаюся, што я не адчуваў радасці ад таго, што так лёгка вырваўся з міліцэйскіх рук. Наадварот, гэта мне было непрыемна, іхняя паблажлівасць нібыта зневажала, абражала мяне. Няхай бы лепей яны лаяліся, заломвалі рукі, кідалі ў каталажку, але каб толькі не гэтае іхняе спакойнае, нават спачувальнае: «Ладна, едзь».

Таму, калі крануўся цягнік, я дэманстратыўна адвярнуўся ад перона і паціху пайшоў па вагоне наперад. Пакуль цягнік ішоў ціха, я нават паспрабаваў пераскочыць - і пераскочыў! - з вагона на вагон - нібы знарок паказваючы міліцыянерам, што яны выпусцілі з рук не такога ўжо і звычайнага падарожніка.

Між тым цягнік выйшаў ужо з Барысава і імчаў, гулка і шумна, па палях. Я, усё яшчэ ўзбуджаны, стаяў на вагоне, адчуваў, як пругкі вецер натужна б'е ў грудзі, амаль што валіць, але не спяшаўся садзіцца.

Я стаяў і нічога не баяўся. Гэта потым ужо, крыху паездзіўшы па Сібіры і па Далёкім Усходзе, зразумеў, што ўсялякае можа здарыцца з такімі падарожнікамі - то які-небудзь нябачны ў цемры провад скіне з вагона, то нечаканы тунель адрэжа смеляку галаву.

Тады ж я нічога не баяўся, бо нічога не ведаў. А самыя смелыя бываюць якраз тыя, якія нічога не ведаюць.

Стаяў, падстаўляючы ўсяго сябе ветру і руху - аж напіналася і хлопала за спінаю футболка, а пад ёю качаўся скрутак з дакументамі: каб не вываліўся, я перасунуў яго наперад, - пакуль не адчуў, што мне стала холадна.

Была глыбокая, цёмная ноч. Спалі навокал вёскі, спалі хаты і дрэвы, а цягнік імчаў, распорваючы цемру, расхінаючы яе, як замок-«маланка», на дзве палавінкі. Праходзіў цягнік, працягваў за сабою вагоны, і адразу ж за імі зноў сыходзілася цемра - нібы зашморгвалася апошнім вагонам.

Я сеў зноў спінаю да ветру, але мне ўсё роўна было холадна. Паспрабаваў грэцца сваім звыклым спосабам, зноў падцягваўся, учапіўшыся за край вагона, аж да стомы ў руках, аднак і гэта не памагала - ноч была дужа халодная, а вецер, які пры сонцы прыемны і ласкавы, зараз, настоены на золкіх росах, здаваўся завельмі зябкім.

Нада мною нізка віселі буйныя, як ягады, зоркі - толькі цяпер разгледзеўся, што ад іх святлей робіцца на зямлі, ужо не кажучы пра неба, - іх, здавалася, устаўшы, можна было браць проста з даху, здымаць рукамі: вунь Вялікая і Малая Мядзведзіцы, вунь выгінаецца Дракон, ляціць Лебедзь, імчаць кудысьці ў цемру Гончыя Псы... Вунь Пляяды, ці, як у нас у Зубрэвічах кажуць, Сем Мальцаў. Ці яшчэ - Сітца. І праўда ж Сітца - зорак каля пяцісот, а відно толькі сем...

А пада мною ў цёплых пасцелях, пасланых у два, а то і ў тры ярусы, соладка спалі здарожаныя людзі, якія нават і не здагадваліся, што над імі, над іхнімі галовамі сядзіць і ходзіць нейкі хлапец. І мне раптам ні з таго ні з сяго зрабілася вельмі тужліва і самотна, здалося, што я адзін застаўся ў цэлым свеце, - аж захацелася завыць па-воўчы і потым слухаць, як гэты крык, гэтае выццё вяртаецца назад рэхам, як у блізкіх і далёкіх вёсках пачынаюць грукаць дзверы, як людзі выходзяць з хат і пытаюцца адзін у аднаго: «Хто гэта вые?»

І тады я міжволі ўспомніў пра карычневы цялятнік у канцы цягніка. Не ведаю, што мяне пацягнула туды: ці то і праўда вось гэтае нечаканае, беспрычыннае адчуванне адзіноты і тугі, ці то холад, ад якога можна было там схавацца - у тамбуры, хоць і адкрытым, усё ж зацішней будзе, чым на даху вагона. Але хутчэй за ўсё мяне пацягнула туды якраз тое, што не дае спакою ўсім злачынцам, - іх міжволі цягне на месца злачынства, да ахвяры. Вось напісаў: «злачынца» і ўсміхнуўся - які там злачынца?! А потым запярэчыў самому сабе: злачынца, саўдзельнік злачынства - ты ж стаяў, бачыў, як пры табе рабавалі - хай прымітыўна, нібы не ўсур'ёз - чалавека, але не ўмяшаўся, не абараніў яго.

Да апошняга вагона дабег вельмі хутка - гэта наперад, па ходзе цягніка ісці заўсёды цяжка, а назад бяжыцца куды лягчэй: памагае інерцыя руху - скочыш, а вагон пад тваімі нагамі намнога праедзе наперад.

Перад цялятнікам спыніўся. Нагнуўся, прыгледзеўся. У тамбуры ціха, спакойна і нічога не відаць. Значыць, падумаў я, дзяўчына ўжо недзе выйшла.

Упоцемку пачаў злазіць у тамбур. Нагою шукаў якой-небудзь шчыліны ў дошках, але не знайшоў. Нага слізганула па сценцы, рукі не ўтрымалі, і я зваліўся ўніз. І той жа час як усё роўна з-пад мяне вырваўся немы крык:

- А-а-ааа!

Я, аказваецца, зваліўся як не на галаву дзяўчыне. Нікуды яна на самой справе не выходзіла, а, сцішыўшыся, сагрэўшыся, сядзела ў куточку тамбура і драмала.

- Чаго ты крычыш? - пачаў супакойваць яе я. - Не лямантуй.

Дзяўчына перастала крычаць, але і размаўляць не збіралася - ціха сядзела і маўчала.

У тамбуры і праўда было цяплей, і я, сагрэўшыся, пачаў драмаць. Вочы закрываліся самі, сон, нягледзячы на стукат колаў, якія таўхалі пад дно тамбура, атуляў нейкім мяккім лёгкім туманам - была якраз тая часіна перад світаннем, калі ўсіх хіліць на сон.

Крыху скінуўшы дрымоту, расплюшчыў вочы. Цемра ўжо добра пасвятлела. У перадранішняй шэрані я ўбачыў, што дзяўчына не спіць і са свайго кутка насцярожана сочыць за мною.

- Дык ты, аказваецца, з тых, што мяне рабавалі? - са злосцю спыталася яна.

- Я не рабаваў, - паспрабаваў апраўдвацца я.

- Але ж стаяў на вагоне і глядзеў, як у мяне забірае апошнія капейкі твой хаўруснік.

- Ён не мой хаўруснік...

Яна памаўчала. Маўчаў і я.

- А чаму ты тады не заступіўся, калі не ягоны хаўруснік?

- Ён блатняк і не адзін год сядзеў у турме. І ў яго ж, сама бачыла, быў нож. А нож у блатняка на даху вагона не адбярэш...

Нейкі час яна сядзела моўчкі - нібы зноў заснула. Потым страсянула галавою, як усё роўна адганяючы сон, і ціха, нібы сама ў сябе, спыталася:

- А што вы зрабілі з нарабаваным?

- Падзялілі.

- Ну і што табе дасталося?

- Ключы ад нейкага чамадана, - я пакорпаўся ў кішэнях, знайшоў маленькі ключык на тонкай тасёмачцы - другі, мусіць, знізаўся ў кішэнь - і падаў ёй: - Вазьмі іх.

- А дзе другі? - спыталася яна.

- Зваліўся, калі дзялілі, - чамусьці зманіў я.

Божа мой, як яна ўзрадавалася! Можа, нават меней было б у яе радасці, калі б я аддаў тыя пакамечаныя рублі ў чысценькай белай насовачцы, якія пакінуў сабе Вова.

- А я ўжо думала, без ключа давядзецца чамадан ламаць.

- А дзе твой чамадан?

- У вагоне.

- А з кім ён там?

- З сынам.

- А што, у цябе такі вялікі сын? Чамадан сцеражэ?

- Не, сын маленькі. Але і ён, і чамадан з добрымі людзьмі. Упрасіла іх узяць на ноч, прыгледзець...

- Даверлівая. А што, як яны падмануць?

- Не падмануць - яны чэсныя людзі. Не такія, як вы з тваім хаўруснікам.

- А куды ты едзеш?

- Я развялася з мужам і еду з сыночкам да сястры ў Менск. Неяк абжывуся, працу знайду... - задумліва, нібы бачачы сябе ўжо там, у новым жыцці, сказала яна.

У Менску я саскочыў з цягніка, яшчэ не даязджаючы да станцыі, - стаў, каб не перакуліцца дагары, тварам да паравоза і саскочыў.

Як і вучыў мяне блатняк Вова.

Дзяўчына ж, даруйце - жанчына, паехала да самай станцыі - яна не магла саскочыць раней, разлучыцца з вагонам, у якім добрыя людзі апекавалі яе сына і чамадан.

Пасля гэтага падарожжа мне часцей за ўсё ўяўлялася тое, чаго я не бачыў: як соладка спіць малое выпадковай спадарожніцы недзе на верхняй паліцы, пад столлю, па якой з грукатам хаджу і бегаю я.

А той пругкі вецер, які нібы нейкія моцныя крылы, аж падымае мяне над дахам вагона, я помню і адчуваю яшчэ і сёння.

І той ключык ад чамадана, які збярогся тады ў кішэні, я не выкідаю, берагу яго як напамінак пра маладосць і пра тое, як мне даводзілася прысутнічаць пры такім непрыстойным і прымітыўным рабаванні, якое нярэдка міжволі абуджае ўва мне пачуццё нейкай вялікай, ледзь не сусветнай віны.

Зноў успамінаюцца ноч, дах вагона, зоркае неба, ранішні, заліты сонцам Менск і члены прыёмнай камісіі, якія вельмі сварыліся на мяне, што прывёз такія брудныя, пакамечаныя дакументы...

 

1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая