epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вечны пацалунак

Яны і самі, пэўна, ўжо не помняць,

Як усё гэта адбылося.

Неяк

Выпадкам вусны вуснаў дакрануліся

Ў напружанай напятай цішыні.

 

Калі гэта было?

Ў якім стагоддзі?

Які мастак у мамантавай шкуры

Злучыў на камні

Ў вечным пацалунку

Іх пажадлівасць, прагнасць пачуцця?

 

А мы знайшлі той камень.

І застылі —

Уразіла нас чысціня кахання,

Якую збераглі праз годы

Двое

Далёкіх, невядомых нам людзей.

 

Яны ж, ахопленыя вечнай страсцю,

На нас ніякай не звярталі ўвагі,—

Бо не маглі

Ад вуснаў адарвацца,

Што і вякі ніяк не разнялі...