epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Вітаюцца кавалі

Ці бачылі вы,

сябры,

калі,

Як вітаюцца кавалі,

Як за рукі

здароўкаюцца кавалі?

Падаюць яны у руках грамы,

Ад якіх жахаемся мы:

Варочаюцца паміж далоняў яны,

Нібы

вялізныя валуны.

Імклівых маланак

сцішэлы рой

Нясуць тыя рукі з сабой.

Бярыце маланкі ў сваю далонь —

Ён ручны ўжо,

хаця і агонь!

Рукавіцы скідайце хутчэй,

Каб руку каваля ўзяць лаўчэй,

Якой прыручае каваль

І грамы,

і маланкі,

і сталь.

Кавалі вашы рукі ў свае бяруць,

Як кувалды

цяжкія

бяруць.

А калі вы малую руку падалі,—

Ушчэнт бянтэжацца кавалі...

Ці бачылі вы,

сябры,

калі,

Як вітаюцца кавалі,

Як за рукі

здароўкаюцца кавалі?