epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Выгнанне дэманаў

 

— Чалавек грэшны, нават калі яго ніхто і не вучыць граху. Вы асляпілі вочы свае, а сэрцы ператварылі ў каменне — не бачыце вачыма, не разумееце сэрцам. Хіба можна рабіць нешта добрае, калі самі злыя? Хіба можна быць святым, калі думкі нашы далёкія ад святасці? Дык выкіньце ж толькі па адной парушынцы са сваіх вачэй, і вы ўбачыце горы гнілога смецця, якое будзе куродыміць за вамі.

Яны ціха стаялі перад ім — яшчэ спакойныя і, здавалася, ні ў чым не вінаватыя. Стаялі моўчкі — ніхто ні з кім не перагаворваўся, ніхто ні на кога не глядзеў.

Бездакорны накінуў на галовы ім нейкую шырокую, невыразнашэрую посцілку — усе галовы аказаліся пад ёю — і казаў далей:

— Хіба можа благое дрэва выспеліць добры плод? А добрае — дрэнны? І вы, хто ў граху і спакусе, плачце і галасіце над злыбедамі вашымі, што ідуць на вас... Багацце ваша згніло, вопраткі вашы з’едзены моллю... Золата ваша паржавела, іржа іх сведчыць супраць вас і з’есць цела вашае, як агонь...

Пад посцілкаю было ціха — ніхто не варушыўся і ніхто, здавалася, нават не дыхаў — так уважліва, пільна і насцярожліва ўсе слухалі Бездакорнага.

— Цяжка нехта з вас мучыцца? Няхай моліцца. Весела каму? Няхай псальмы спявае. Прызнавайцеся адзін перад адным у сваіх правіннасцях і маліцеся адзін за аднаго, каб паздаравець. Многае зможа настойлівая праўдзівая малітва.

Пад посцілкаю, там, дзе былі галовы, выпукляліся, як купіны, грудкі. Яны ўжо заварушыліся, сёй-той нават пачаў шморгаць носам.

— Хрыстос мучыўся за нас сваім целам, то і вы спавядайцеся гэтай жа думцы, бо той, хто мучыцца целам, перастае мучыцца душою, перастае грашыць. Каб рэшту часу пажыць ужо не паводле чалавечых слабасцей, а паводле божае волі. Бо хопіць і таго, што ў мінулым жыцці вы паступалі па падказцы паганаў, ходзячы ў нячыстасці, пажадлівасці, п’янстве, банкетаванні, піцці і легкадумным служэнні нячысціку.

Прасцірадла паступова спаўзала з галоў — пад ім ужо некаторыя вернікі пачалі сутаргава торгацца, курчыцца ў канвульсіях.

Голас Бездакорнага быў усё яшчэ спакойны і абыякавы.

— Усе людзі грэшныя. У кожнага чалавека ўсяліўся нячысцік. Яны жывуць з ім да пары да часу і не адчуваюць гэтага. Паколькі для дэманаў не існуюць прастора і час, яны пранікаюць у душу і сэрца чалавека і ўнушаюць яму свае д’ябальскія думкі. Эпідэмія душэўных хвароб запаланіла зямлю. Асабліва страшны загадкавы від вар’яцтва — апантанасць. Хворыя адчуваюць, што яны — гэта не яны, што ў іх усяліўся нехта чужы і варожы. Яны крычаць і гавораць ад імя дэманаў, а па начах здаровыя ў жаху чуюць іх скавытанне і рогат.

Бездакорны на хвіліну змоўк — нібыта задумаўся. Паправіў накідку, усцягнуў яе зноў на галовы, з якіх яна з’ехала. Казаў далей:

— Сутнасць кожнага нячысціка — мана. У нежыцяў няма свайго твару, свайго аблічча, яны заўсёды пазычаюць іншыя. Бывае, што нават воблік анёла прымаюць. Дык яны ж, нячысцікі, і напраўду некалі былі анёламі, але не змаглі захаваць сваёй годнасці і сталі анёламі бездані. Усе свае анёльскія якасці — звышчалавечыя веды і магутнасць — яны паставілі на службу злу. Памятаеце, нават да святога Францыска Асізскага нячысцік з’явіўся ў выглядзе Хрыста. І толькі калі той, насуперак сваёй высакароднасці, пачаў папросту лаяцца, мацюкаць паганага, Ілжэ-Хрыстос у жаху кінуўся наўцёкі, пакінуўшы пасля сябе чужы, нікчэмны дух і брыдкі пах серы. Дык выганяйце ж з сябе нячысцікаў, выганяйце д’яблаў, выганайце спакуснікаў і ліхаў! Выганяйце, выганяйце, выганяйце!

Людзі перад Бездакорным, скідаючы з сябе посцілку, заторгаліся яшчэ мацней, і гэтыя іх рухі былі самі па сабе падобны на нейкі д’ябальскі танец — усе рабілі нешта рознае, але рабілі гэта аднолькава, быццам на сеансе экстрасенса.

— Ой, ой, — завойкаў пад самаю рукою Бездакорнага малады яшчэ чалавек з худым і цёмным тварам. — Мне блага.

— Вінаваты? — як не ў самае яго вуха крыкнуў Бездакорны.

— Здаецца, не... Здаецца, не...

— А д’ябальскае зелле курыў?

— Ну, курыў, ну, курыў!

— А д’ябальскае малако піў?

— Ну, піў, ну, піў!

— Нячысцік табе віно падносіў, таму і рукі твае трасуцца.

Апантаны здзіўлена глядзеў на свае рукі і крыўляўся яшчэ болей.

— Прызнавайся, у чыім выглядзе д’ябал прыходзіў да цябе?

— Ну з сябрам я піў. Ну з сябра-а-ам!

— Нячысцік у абліччы сябра спойваў цябе... Чуеш, нячысцік! — яшчэ прарэзлівей закрычаў Бездакорны. — Ачышчайся! Ачышчайся хутчэй!

Малады чалавек раптам упаў на калені, пачаў поўзаць вакол Бездакорнага, пачаў рохкаць па-свінячы і брахаць па-сабачы.

— Бачыш, колькі ты, грэшны, д’яблаў у сабе насіў? Свіннямі і сабакамі выходзяць яны з цябе!

У гэты час ужо амаль усе торгаліся ў сутаргах.

Чалавек сярэдняга веку — сівы, тактоўны, прыстойна апрануты — хацеў быў непрыкметна падацца да дзвярэй, але ўладны голас Бездакорнага вярнуў яго зноў да апантаных людзей, якія яшчэ ў большым шале нідзе не маглі знайсці сабе месца.

— Д’ябальскае рабро ў табе іграе. Кажуць жа і людзі і багі — на сівізну чорт ласы... Як венікамі, трасуць вамі, людзі, нячысцікі. Страсайце ж іх з сябе, страсайце! — ужо як не лямантаваў Бездакорны.

І раптам гэты сівы, прыстойны чалавек пачаў страсаць з сябе нешта нябачнае, што нібыта замінала яму, а затым упаў на брудную падлогу і ўзяўся качацца па ёй, робячы дужа непрыгожыя рухі, выкрыкваючы нецэнзурныя словы. Але ніхто не звяртаў на яго ніякай увагі — усе былі заняты сваімі нячысцікамі.

І тут Бездакорны заўважыў маладую, прыгожую жанчыну, якая стаяла крыху збоку, пасміхалася з усяго, што бачыла, і неяк не зусім упэўнена паўтарала:

— А я ні ў чым не вінаватая. А я чыстая.

Ён рукою паклікаў яе бліжэй і загаварыў спакойным голасам:

— Чалавек грэшны, калі нават яму і здаецца, што ён бязгрэшны. І ты грашыла. І ты зналася з нячысцікам. Прызнавайся!

— Не, я чыстая, не, я не вінаватая.

— Усе крычаць, што яны не вінаватыя. Усе енчаць: не я, не я... А хто ж тады так засмеціў зямлю?!

— Не я, не я...

— Бачыш, не ты. А нячысціка хто цешыў?

— Нікога я не цешыла.

— А ў кампаніях многа смяялася?

— Ну, смяялася, — ужо няўпэўнена, нібы раздумваючы над нейкаю незразумелаю віною, адказвала жанчына.

— А на вечарынках з асалодаю танцавала?

— Ну, танцавала...

— Дык гэта ж нячысцік рагатаў у табе, гэта ж д’ябал змушаў цябе скакаць і весяліцца, — вініў жанчыну Бездакорны.

Тая зараз ужо маўчала. Дзе і падзелася яе ўпэўненасць — яна толькі плюскала вачыма і нервова азіралася па баках.

— А смутак безвыходны ў цябе бывае? Весялосць нестрыманая? Скажы — бывае?

— Ну, бывае... Ну, бывае...

— З нячысцікам ты спазналася, і ён змушае цябе і сумаваць, і цешыцца...

— Ой, я не вінаватая...

— Прызнайся, ён прыходзіў да цябе? — ужо ў самае яе вуха крычаў Бездакорны. — Прыходзіў, я пытаюся? Пад выглядам мужчыны прыходзіў? Ці, можа, у абліччы сатыра? Рагаты такі, хвастаты, з капытцамі... Прыходзіў ці не?

— Ну, прыходзіў... Ну, прыходзіў... Ой, пры-хо-дзіў...— загаласіла жанчына.

— І ён лашчыў цябе? Прызнавайся! — Бездакорны ўжо крычаў так голасна, нібыта ён гаварыў гэта не толькі да яе аднае, але і да ўсіх тых, хто прыйшоў на гэтую споведзь. — Адказвай, лашчыў ці не?

— Ну, лашчыў... Ой, ла-шчыў...

Твар жанчыны раптам скрывіўся, яна пачала грымаснічаць і закалацілася ў потарзе — яшчэ мацней і раз’юшаней, чым тыя, што ўжо тузаліся даўно.

— Ой, гару... Ой, га-ру... — толькі і паўтарала яна.

А Бездакорны ўзмахнуў рукамі, і накідка зноў затрымцела над галовамі.

— Ачышчайцеся! — крычаў ён да ўсіх. — Выганяйце з сябе нячысцікаў! Выганяйце спакушальнікаў і ліхаў, вераломнікаў і ненашаў, хітруноў і злоснікаў, перакрутаў і спрытнюг! Вызваляйцеся ад д’ябальскіх выкрутасаў! Вызваляйцеся!

На людзей, якія ў шале, цяжка было глядзець. Яны крыўляліся, сутаргава, нібы эпілептыкі, калаціліся і перасмыкаліся, качаліся па падлозе, хадзілі на чацвярэньках, поўзалі, стагналі, крычалі, плакалі, лаяліся, брахалі па-сабачы, вішчэлі па-свінячы, бляялі па-авечы — так цяжка выходзілі з іх нячысцікі.

А над усім гэтым чуўся цяпер ужо спакойны голас Бездакорнага — ён церушыўся, спадаў на тых, хто пакутаваў, здымаючы, паслабляючы іхні боль:

— Ачышчайцеся! І паможа вам бог! Памятаеце ў Евангеллі? Калі Ісус выйшаў з чоўна, зараз жа пераняў яго чалавек з могільніку, апанаваны нячыстым. Ён меў жыллё ў магілах; і ніхто не мог яго звязаць нават ланцугамі, бо многа разоў скоўвалі яго путамі ды ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў путы, і ніхто не меў сілы супакоіць яго; заўсёды ўначы і ўдзень ён быў у горах ды ў магілах, крычучы і б’ючы сябе каменнем. Угледзеўшы ж Ісуса здалёку, прыбег ды пакланіўся яму і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Заклінаю Цябе богам, не муч мяне! Бо Ісус казаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека. І спытаўся ў яго: як імя тваё? І ён сказаў у адказ: легіён імя маё, бо нас многа. І дужа прасіў яго, каб не высылаў іх вон з стараны тае. Пасвіўся ж там ля гары вялікі гурт свіней. І прасілі яго ўсе дэманы: пашлі нас у свіней, каб нам увайсці ў іх. Ісус ураз жа дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў свіней, і кінуўся статак з кручы ў мора; было ж іх каля дзвюх тысяч; і патанулі ў моры. Хай і з вас выходзіць нячыстая сіла. Хай і яна ўсяляецца ў сабак і кошак, у коз і свіней...

Праходзіў час, і людзі паступова супакойваліся. Ужо не так яны біліся і курчыліся, не так вылі і крычалі. Сёй-той цяжка ўздыхаў, пацепваўся, сёй-той, стомлены, ледзь стаяў на нагах і, заплюшчыўшы вочы, хістаўся, як п’яны.

— Вы сталі здаровымі. Ідзіце туды, хто адкуль прыйшоў, і не грашыце болей. Вам няма чаго баяцца цяпер, трэба толькі верыць. Бо, памятаеце, Бог казаў: «Той, хто верыць у мяне, будзе рабіць справы, якія і я раблю». Толькі вера ўратуе вас ад новых заган і грахоў. Бо дэманы якраз і паразітуюць на вашых грахах. Беражыце ж душы ад нечыстаты! Запаўняйце іх, прыбраныя і падмеценыя, чысцінёю і добрымі намерамі, каб не вярнуліся ў іх д’яблы. Бо калі яны вернуцца, іх будзе болей, чым было да гэтага. Бо калі д’яблы зноў апануюць вашы душы, адкуль іх выгналі, яны будуць яшчэ болей злыя і асатанелыя. Не пакідайце ж ні на хвіліну вашы душы пустымі!

І раптам Бездакорны заўважыў маладога чалавека — спакойнага, прыстойнага, уважлівага, які стаяў крыху зводдаль і насмешліва назіраў за ўсім, што адбывалася перад ім. Бездакорны падышоў да яго і ціхім, але ўпэўненым голасам запытаўся:

— Сын мой, а што адчуваеш ты?

— Нічога, — шчыра адказаў малады чалавек.

— Чаму ж тады ты смяешся, калі іншыя плачуць?

— Таму што смешна. І яшчэ таму, што плачуць не ўсе, каму варта плакаць.

— Сын мой, тваё нявер’е палохае. Яно ад таго, што ў цябе ўсяліўся самы хітры і самы каварны нячысцік, самы вераломны д’ябал. Ты, мусіць, самы грэшны між усіх! — закрычаў Бездакорны і яму, як нядаўна жанчыне, у самае вуха. — Прызнавайся!

Але чалавек быў надзіва спакойны.

— Мне няма ў чым прызнавацца, — адказаў ён. — А ведаеце, хто самы грэшны між намі? — І, не чакаючы адказу, выдыхнуў: — Вы!

Бездакорны збялеў, у яго пачалі нервова перасмыкацца правая шчака і вока.

— А самы галоўны нячысцік мучыць вас саміх! Дык скажыце, хіба ж можа дэман выганяць дэмана?!

Бездакорны неспадзявана сам забіўся ў канвульсіях, пачаў раптам непрыстойна рагатаць.

— Прызнавайся, — малады чалавек перайшоў на «ты» і ўжо крычаў з усяе сілы на таго, хто толькі што ўшчуваў іншых. — Прызнавайся, што менавіта ты знаешся з нячыстаю сілаю!

— Ой, знаюся! Ой, зна-ю-ся... — па-воўчы завыў Бездакорны.

— Выганяй жа з сябе нячысціка, — яшчэ галасней закрычаў малады чалавек. — Ачышчайся!

І Бездакорны нечакана як пераламаўся пасярод, упаў на падлогу, курчыўся і крычаў нешта, качаўся, стагнаў, як і ўсе іншыя, цёрся жыватом аб дошкі, нібы рыба, што ідзе на нераст, — быццам хацеў разадраць яго, каб хутчэй выпусціць з сябе нячыстую сілу. Енчыў і ўсё прамаўляў:

— Ой, вінаваты... Ой, вінаваты... Ой, гару...

Жыццё тваё, Божа, шырэйшае за звычайнае жыццё, калі ў ім і грэшнікі, і святыя могуць вось так лёгка паядноўвацца і ўжывацца ў адным чалавеку.

І калі самымі святымі часам аказваюцца не тыя, хто пра гэта гаворыць, а тыя, хто ў гэта верыць.

Вернікі часцей за ўсё бываюць святымі.

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 81-85
Крыніца: скан