epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

З мінулага

Здаецца, бачу сам балючыя стагоддзі,

Задымлены і цьмяны небасхіл.

Здаецца, чую: ногі мне халодзіць

Астылы прысак селішчаў-магіл.

 

Стаю над продкамі, што чужакі стапталі,

Вачыма лашчу мёртвых ваяроў

І адчуваю, як ва мне праз далі

Пульсуе іхняя святая кроў.

 

Вакол — вясна. Пара араць і сеяць,

А цішыня такая, што аж мне

Здалося: разам з ёй і сам нямею —

Няма нідзе ні сейбітаў, ні жней.

 

І раптам на ўтравелым беларускім полі

Я згледзеў постаць дзіўную, як зман.

Яна ішла, няспешная, паволі,

Ступала на здзічэлы ўжо дзірван.

 

Быў гэта Час. Як земляроб, рупліва

Ён пазіраў на поле і на луг.

Ён у адной руцэ трымаў вязьмо для жніва,

Другою нецярпліва гладзіў плуг.

 

І ўбачыўшы, як уставалі людзі з мёртвых,

Як ураблялі за вярстой вярсту,

Я зразумеў: зноў на маёй зямлі гаротнай

І людзі, і зярняты прарастуць.