epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

З ранішнім ветрам

У невялікай вёсачцы, якая, пакінуўшы сабе толькі сцежкі, выраклася вялікіх дарог і схавалася ад надакучлівай цывілізацыі за яшчэ не асушанымі балотамі і не высечанымі лясамі;

У невялікай вёсачцы я выйшаў у вялікі сад, які аж пеніўся ад цвету, пахаў і ранішняй цішыні;

У невялікай вёсачцы, у вялікім садзе мне дачуўся раптам ласкавы і ціхі спеў твае жонкі, індус, якім яна будзіць цябе і сям’ю — як прыемна, мусіць, пад гэты шчаслівы напеў прачынацца: адплюшчыш вочы, а над табою, як закаханы пагляд, пяшчотная песня.

Мне дачуўся смех дзетак тваіх, нарвежскі рыбак, і плёскат халоднай хвалі аб тваю крутабокую лодку.

Мне дачуўся з ранішнім ветрам пах твае цыгарэты, амерыканскі фермер,— і я ўявіў, як ты, маўклівы і заклапочаны, збіраешся ў поле.

Мне дачуўся бясслёзны твой плач, горды індзеец,— так плачуць не па чалавеку, так па радзіме плачуць, якую адабралі гвалтоўна, нібы выцягнулі з-пад ног краявіды са скаламі, секвоямі і вадаспадамі.

Мне дачуўся смяртэльна паранены ўскрык твой, партызан-сальвадорац, мне запахла тваёю крывёю, што з раны дыміцца, і я нібы ўвачавідкі ўбачыў, як над табою зайшлася ў бязгучным рыданні жанчына — маці, жонка, а можа, сястра.

Мне дачуўся ваш рып, векавечныя дрэвы, у джунглях густых афрыканскіх,— яго, мусіць, вусцішна слухаць пігмеям, якія шуршаць па зямлі, што ніколі не бачыла сонца — такія над ёй густалістыя шаты.

Усе вятры нада мной прашумелі — і сірока з пякельным дыханнем пустыні, і містраль, што ў лядоўню ўмарожвае горад, і мусоны, і, пэўна, пасаты, галасы ўсіх краін яны неслі ў мой сад вялікі-вялікі ў маленькай-маленечкай вёсачцы.

Незаўважна выйшаў на ганак увесь сівы, нібы сад, дзядуля, з садам ён спярша павітаўся: «Дзень добры!», а затым, як дзіця, здзівіўся: «Зірні ты, як за ноч, мой садзе, расцвіў».

Беларускае гэта здзіўленне, беларускую гэтую радасць падхапілі вятры тыя самыя і панеслі ва ўсе бакі свету, і ўсюды людзі пачулі — на ўсіх кантынентах зямлі.

І шмат дзе гэтая радасць усцешыла, шмат каго навіна ўзрадавала: чулі вы, у Беларусі далёкай, у маленькай-маленечкай вёсачцы, што сцяжынкі сабе пакінула, ад грымотных шляхоў затулілася, у маленькай-маленечкай вёсачцы сад вялікі, як свет, расцвіў!