epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"З роду я хлебасеяў..."

З роду я хлебасеяў —

Сэрца ў ніве ўрасіў.

Я і сеяў, і веяў,

І араў, і касіў.

 

Сын нязводных ратаяў,

Унук жніва і сяўбы.

Пашанота святая

Стуль да ўсходаў любых.

 

Праўнук поля, што струніць

Рупна дзеда саха,

Я дажджу прасіў руні,

Сонца ніве благаў.

 

Спадкаемец зярнятам,

Пераемнік вазоў.

Для мяне было святам

Жыць паміж каласоў.

 

Там, дзе хлеб шанавалі,

Бы зямлю, я сталеў,

Дзе раллю цалавалі,

Быццам хлеб на стале.

 

Родзіч даўні палеткам,

І сярпам, і плугам.

За сяброў былі кветкі

Маім босым лугам.

 

Як дзіця — роднай хаце,

Жыту — крэўны сваяк.

І ў зярняці, бы ў маці,

Грэшны, верую я!