epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

З успамінаў

— А мая ж ты матачка,

А мая ж ты дочачка,

А мая ж ты сястрычачка...

А пакінула ж ты мяне сіраціначкаю...

А яшчэ ж нядаўнечка

мы з табою грэліся

у цёпленькай хатачцы.

А яшчэ ж нядаўнечка

мы з табою варылі

нашым дзетачкам

есцейкі.

А яшчэ ж нядаўнечка

ты мяне разумела з паўсловачка

і тваё полымка

хінулася, куды мне трэба было...

А мая ж ты печачка!

Хто ж цяпер маіх дзетачак абагрэе,

Хто ж маіх сіраціначак накорміць...

 

Ноч.

Завіруха.

Вайна.

Папялішча...

Лашчыць печ,

Падсабляе дзяцей на яе, халодную, завеяную,

І, нібы па нябожчыку,

Галосіць па спаленай карнікамі хаце

Партызанская ўдава...

Яе галашэнне слухаць жудасна.

А ўявіце, як немагчыма чуць

Плач яе дзяцей...