epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Заходзіць яблык..."

Заходзіць яблык —

Чырвоны і вялікі, быццам сонца ў садзе заходзіць.

 

Усё ніжэй і ніжэй

Згінае ён галіну, якая трымала яго ў самым зеніце.

 

Усё хутчэй і хутчэй

Коціцца ён па зялёным небасхіле дрэва.

 

Заходзіць яблык...

І трава — гарызонт ягоны — становіцца гэткаю

блізкай...

 

Падстаўце рукі!

І ў іх скоціцца, апёкшы далоні, гэтае спелае сонца.

 

Глядзіце не апячыцеся,

Калі пырскі, як промні ля сонца, навокал яблыка

ўспыхнуць.

Засмяглымі вуснамі

Прагна лавіце промні — гэты дарунак зямлі і неба.

 

А калі падужэеце,

Выпіўшы ўвесь круглабокі кубак, да краёў

напоўнены промнямі,

 

Закасвайце рукавы

І рабіце гняздо ўтульнае пад наступныя,

большыя сонцы.

 

Няхай узыходзяць новыя яблыкі!