epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Заложнік

 

Яго вялікасць дужа не любіў сонечных дзён.

Бо варта было толькі яму выйсці на ярка асветленую вуліцу, адразу ж з’яўляўся і гэты Насмешнік.

— Здароў, Індык, — з’едліва вітаўся ён і, нахабна падміргнуўшы, пытаўся: — Ну, як жывеш-маешся?

Чамусьці ён заўсёды называў яго гэтак — Індык.

Іншыя згіналіся перад Царом у паклоне і пашане, з хваляваннем, самлелымі вуснамі шапталі: «Ваша вялікасць», «Ваша высокасць», «Ваша правялебнасць», а Насмешнік, нібы знарок здзекуючыся, цвёрда трымаўся свайго — Індык, і ўсё.

І калі б Цар і напраўду быў надзьмуты і важны, як Індык, то хай бы сабе здзекаваўся. А то ж самадзержац атрымаўся не з горшых, любіў нават, просты і звычайны, пешкі хадзіць па гарадскіх вуліцах без аховы. Цар, спакойны і задумлівы, мала гаварыў і амаль не смяяўся — настойліва хацеў зразумець і вялікі свет увогуле і асобна кожную маленькую казяўку ў ім.

Можа, гэта яго рабіла падобным на індыка?

— Ну што, усё думаеш? — назаляўся Насмешнік. — Пустое гэта дзела! Ты ж сам, пэўна, ведаеш, што пра гэта казаў адзін з вялікіх стырнавых: «Колькі ні думай, імператарам усё роўна не станеш». Хаця хто яго ведае... Ты ж во і думаў, і імператарам стаў... Ды і сам стырнавы — таксама...

Яго правялебнасць злаваўся на Насмешніка, спрабаваў пярэчыць, але той не даваў уставіць нават і слова.

— Ты думаеш, што твая мяккацеласць каму-небудзь трэба? Думаеш, яна ўратуе свет? Дзівак! Ты ж бачыш, што зараз час для нахабнікаў і прайдзісветаў. Для нягоднікаў зараз самы спрыяльны час, а ты хочаш здзівіць усіх сваёй прыстойнасцю і ціхмянасцю.

Тады Яго правялебнасць, ведаючы, што спрачацца з Насмешнікам — марная справа, нервова азіраўся па баках, шукаючы хоць якога-небудзь ценю, і паспешліва хаваўся пад казырок бліжэйшага пад’езда ці пад якое купчыстае дрэва. Насмешнік знікаў, і Цар мог крыху супакоіцца, перавесці дух.

Але ж, колькі ні стой у цені, некалі ўсё роўна давядзецца зноў выходзіць на сонца.

А выйдзеш — Насмешнік ужо тут як тут, ужо круціцца пад нагамі:

— Ну, што, абхітрыў мяне, Індык? Выкусіў дулю? Запомні, ніколі табе гэта не ўдасца. Мы з табой звязаны назаўсёды, на ўсё жыццё: куды ты, туды і я. Хоць табе часам і ўдаецца пазбавіцца ад мяне. Але запомні — гэта ўсё часова, ненадоўга. З’явіцца сонца — з’яўлюся і я. Сонца — мой сябра, а твой — вораг. І ведай: ніхто, нават Цар, не можа зрабіць так, каб сонца заходзіла часцей, чым яно ўзыходзіць.

Напачатку Цар цярпеў Насмешніка — ён быў яму за блазна, — а потым узненавідзеў яго, пачаў баяцца, а той, адчуваючы гэта, усё болей і болей лез у душу, назаляўся і даймаў Яго высокасць сваімі недарэчнымі роспытамі, кпінамі і здзекамі.

Калі толькі з’яўлялася хоць маленькая плямка святла, ён узнікаў разам з ёю і спяшаўся як мага хутчэй выгаварыцца — баяўся, што не паспее і павітацца:

— Здароў, Індык!

Нават у самы поўдзень, калі сонца стаяла, здаецца, над галавою, нельга было збавіцца ад яго: хоць Насмешніка амаль і не было відаць, недзе аж з-пад ног, з-пад чаравікаў, ён крычаў Цару:

— Ну што, выкусіў? Я тут, з табою. Ну, як ты царствуеш? Як табе служыцца? Служыш, канечне, усім? Не, не памыляюся — і Цару таксама даводзіцца служыць. Гэтага не паважаеш, а служыш яму, гэтага ненавідзіш, а запабегаеш перад ім, гэтаму не верыш, а кланяешся ў самыя ножкі. Бо яны паставілі цябе! Хіба так можна, Індык? Дзе ж твая годнасць, Ваша вялікасць?!

Тады Цар не вытрымліваў гэтых абраз, зрываўся з месца і бег куды вочы глядзяць — абы толькі ў цень.

Але разам з ім бег і Насмешнік.

— Куды ты выпрудзіўся? — пацяшаўся ён з-пад ног.— Ад мяне ж ты не ўцячэш. Я — гэта ты. Таму мне і баліць, калі ты, прыкідваючыся сумленным, думаеш адно, гаворыш другое, а робіш трэцяе.

Цар рэзка спыняўся, нібыта спатыкнуўшыся аб нейкую невідомую перашкоду, і раззлавана, раз’юшана, не помнячы сябе, пачынаў моўчкі таптаць нагамі Насмешніка. А той, быццам гэта і не яго топчуць, смяяўся:

— Што ты робіш, Індык? Ты думаеш, гэтым нешта зменіш? Ты ж добра ведаеш, што, топчучы мяне, сябе топчаш. Сябе піхаеш, сябе тыцкаеш чаравікамі. У твар тыцкаеш, у нос піхаеш... Дурань ты, Ваша вялікасць!

І рагатаў на ўсю вуліцу.

Цар нібы цверазеў і, бачачы ўсю недарэчнасць свайго шалу, свайго лютавання, спыняўся, паволі азіраўся навокал, і калі вочы натыкаліся на які цянёк, паволі, ужо не спяшаючыся, пад абразлівыя папрокі Насмешніка, валокся туды.

Таму Яго высокасць вельмі любіў гуляць па горадзе ў пахмурнае, дажджлівае надвор’е. Забываўся на свайго насмешніка, супакойваўся, расслабляўся і радаваўся, што ніхто не крычыць на яго, ніхто не сварыцца і не дакарае.

Але як толькі запальвалі ліхтары, Насмешнік, доўгі, цыбаты і нават пачварны, з’яўляўся зноў:

— А я ўжо тут. Куды ты зараз ад мяне будзеш уцякаць?

Цар на вачах адразу сумнеў, змрачнеў і ўжо без настрою кіраваўся ў бок свайго палаца, а паперадзе, ці, можа, ззаду, ці, можа, з якога боку, мяняючы месца ў залежнасці ад святла, ламаючыся на дрэвах і на шматпавярховых дамах, цягнуўся і яго кат. Той бубніў нешта сабе пад нос, але Яго вялікасць не чуў што — галава Насмешніка была далёка і высока, і таму словы даходзілі зусім невыразна.

У царскіх пакоях ён таксама не запальваў святла, сядзеў у поцемках: як толькі пстрыкнеш выключальнікам, Насмешнік, радасна страсянуўшы галавою, ужо і крычыць з падлогі:

— А вось і я. Дык што мы з табою ўвесь вечар будзем рабіць?

— Не назаляйся. Не перашкаджай мне жыць і кіраваць дзяржаваю.

— Я табе? Хіба раб можа перашкодзіць жыць цару? Тым больш — правіць краінай?

— Скажы, што ты ад мяне хочаш?!

— Разумееш, ты ўвесь няшчыры. І твая прастата, дабрата — усяго толькі гульня. А я хачу, каб ты, Ваша вялікасць, быў сумленным чалавекам. Хоць і ведаю, што цароў сумленных не бывае. Цару, перш чым стаць царом, трэба некаму абавязкова прадаць сваю душу — богу ці д’яблу. Але паколькі жаданні і памкненні богавы заўсёды высакародныя, ён не прымае такіх дарагіх падарункаў. А ўсе вашы душы, якімі цары раскідваюцца направа і налева, забірае сабе д’ябал. Уяўляеш, якая ў яго калекцыя вашых душ?!

— Замоўкні зараз жа! Чуеш, замоўкні! А то...

— Што «а то»? Што ты мне зробіш, а то? Што?

— Заўтра цябе арыштуюць... Я загадаў.

— Напалохаў. Ой напалохаў! Няўжо ты і праўду такі дурны?

— Па цябе заўтра прыйдуць каты.

— Разумееш, Ваша светласць, хоць яно і лепей было б, мусіць, памерці, чым жыць вось так, як жывём мы з табою, але ж... Але ж раскажы, як ты гэта зробіш? Як знішчыш мяне? Усіх іншых табе вельмі лёгка забіць, а мяне як закатуеш? Я ж твой цень!

Цар хуценька падхапіўся, падбег да выключальніка і выключыў святло. Ужо хацеў быў узрадавацца, што нарэшце, хоць на ноч, збавіўся ад нахабніка, але раптам убачыў, што ў пакоі нехта варушыцца. Паківаўся сам, і той, хто быў у хаце, таксама пачаў ківацца. З вуліцы праз акно свяцілі ліхтары, і на супрацьлеглай сцяне выразна цямнеў яго цень.

— Ну што, нічога не атрымліваецца? — хіхікнуў Цень.

— Атрымаецца! — у злосці сказаў Цар, кінуўся да акна і паспешліва зашморгнуў шчыльныя занавескі.

У пакоі стала зусім цёмна і зусім ціха.

— Ну, што я табе казаў? Атрымалася!

Але на яго радасныя словы ніхто не адгукнуўся.

Цар сеў на канапку, паклаў нагу на нагу, абапёрся локцем на калена, ашчаперыў галаву рукою і глыбока задумаўся.

А і праўда, як Насмешніка змогуць арыштаваць царскія каты? Як змогуць яго пакараць? І як яны будуць зжываць са свету Цень — задушаць, расстраляюць, павесяць? Пасадзяць на кол ці спаляць жывога? Але як?

Ну, скажам, злавіць Цень яшчэ можна. Ён дапаможа катам — выведзе яго на сонца, запаліць святло ў пакоі ці яшчэ што-небудзь прыдумае.

Але як катаваць цень? Ён жа сам, Цар, абавязкова павінен прысутнічаць пры гэтым катаванні, бо калі не будзе яго, не будзе і ценю. Ён абавязкова павінен глядзець сам, як Ягонаму Ценю будуць заганяць іголкі пад кіпцюры, як будуць заціскаць пальцы ў дзвярах, як будуць біць і здзекавацца. Дык а ці не будзе балець яму і самому, ці не будзе і ён разам з ценем страчваць прытомнасць ад пакут?

А калі пакладуць Цень на калодку, а над ім блісне катаў тапор? Што будзе адчуваць тады ён сам, Цар?

Раптоўна зразумеў, што для таго, каб злавіць і знішчыць цароў Цень, трэба абавязкова злавіць і знішчыць самога Цара.

Яго вялікасць хуценька падняўся з канапы і ўключыў святло. І тут жа заварушыўся побач Насмешнік:

— Ну што, Індык, усё думаеш? Што прыдумаў?

— Зрабіў адкрыццё.

— Цікава, якое?

— Што за сённяшнім днём абавязкова наступіць заўтрашні.

А раніцою, калі ў пакоі, выконваючы царскі загад, прыйшлі каты, ён не дазволіў ім адкрываць шторы:

— Шукайце так.

Каты пачалі скардзіцца, што нічога не бачаць. Ён дазволіў ім адкрыць шторы, а сам на гэты час выйшаў з пакояў.

Цар зразумеў, што, ратуючы свой Цень, ён ратуе самога сябе.

І яшчэ зразумеў, што, калі адсякуць галаву яго Ценю, у Цара пасля гэтага не будзе на чым насіць карону...

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 71-75
Крыніца: скан