epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Заміра

 

Ранішні пляж быў яшчэ пустынны.

Толькі адна якаясьці незнаёмая яму жанчына ў ярка-чырвоным халаце — мусіць, нядаўна прыехала — далёка, амаль пад самым пірсам, карміла бяздомных сабак — яны вялікаю гайнёю, таўхаючыся, шчэмячыся і скавычучы, кружыліся вакол яе. З другога боку пляжа, каля другога пірса — пляж якраз і знаходзіцца паміж гэтымі пірсамі — нерухома стаяла амаль незаўважная сярод камянёў адзінокая чайка: чайкі звычайна прыляталі сюды пад вечар, чародамі, а гэтая наведалася раніцою і была адна. Цішуку дапамог заўважыць яе чорны і з выгляду рахманы малады сабачка, які невядома чаму адлучыўся ад гайні, абыякава бег па беразе каля самай вады, робячы выгляд, што яго тут нічога не цікавіць, а потым, калі чайка была ўжо зусім блізка, стрымгалоў кінуўся на яе. Тая не спалохалася яго, спакойна паднялася, праляцела над шчанюком і неўзабаве ўжо нізка кружылася пры беразе над самаю вадою, а сабака, відаць, у надзеі ўсё ж злавіць яе, кінуўся ў мора, нарабіў пырскаў і, атрасаючы мокрую пысу, мітусіўся па мелкаводдзі, спрабаваў дастаць да птушкі, не разумеючы, што яна ўсяго толькі дражніцца з ім.

Мора было зусім спакойнае.

Нават не цікавячыся, які сцяг развяваецца над пірсам — белы ці чорны, — было відавочна, што шторму няма і не прадбачыцца, што купацца сёння можна будзе не толькі ля берага.

На Каўказе ён адпачываў упершыню, і таму напачатку, як толькі прыехаў, яго здзівіла, што на флагштоку пад моцным ветрам трапечацца, ледзь не адрываючыся ад дрэўца, чорны сцяг. Тады ён яшчэ не ведаў, што сцяг папярэджвае пра шторм, і падумаў пра нейкую жалобу, здагадваючыся, прыдумваючы, што на тым месцы нехта, мусіць, утапіўся.

Зараз над пірсам вісеў, ледзь варушачыся пад леным ветрам, абвялы белы сцяг.

З-за гор ужо ўзышло сонца, а наперадзе, над бяскрайнім удалечыні морам, усё яшчэ вісела выразная, хоць ужо збляклая і палінялая, круглая, як кола, поўня.

Было яшчэ рана, паветра пакуль не нагрэлася, галька, настылая за ноч, студзіла босыя ногі, а ад мора, калі ён падышоў бліжэй, дыхнула такою парнаю цеплынёю, што яму адразу ж захацелася ў ваду.

Заходзячы ў мора, Цішук убачыў, што разам з ім заходзіць і нейкая дзіўная святлівая яскаўка — сонца было ззаду, і, як усё роўна адламаная ад яго, паперадзе чалавека па самым дне, па плыткой хвалі бегла сонечная плямка. Праламіўшыся праз тоўшчу патрывожанай вады, яна трымцела і мітусілася, а таму здавалася прывіднай.

Ён плыў і бачыў, як перад ім, нібы вабячы і спакушаючы яго, мігцела, цвелілася яскаўка. На глыбокім, калі ўжо не відаць стала дна, калі здалося, што зямля правалілася, а ўнізе, пад ім, чарнела непраніклівая прорва, плямка нібыта адклеілася, адшалушылася ада дна, паплыла хутчэй, перагнала яго і пачала падымацца на паверхню. Неўзабаве наперадзе нешта булькнула, як усё роўна там вынырнула з глыбіні рыбіна, і ён убачыў Яе.

— Дзіла швідобіса! — павіталася яна і памахала яму рукою. — Добрае раніцы!

Гэта была Заміра. Яна заўсёды з’яўлялася вось так нечакана.

Зашуміць вецер, зашамаціць, кінецца на кусты, а адтуль ужо вернецца Заміраю.

— Ме ака вар! — усміхнецца яна. — Я тут!

Заварушыцца сонечная плямка, замітусіцца, завібрыруе, а толькі адвернешся — з таго боку ўжо чуваць:

— Міквархар!

Яна прыходзіла то рыбаю, то птушкаю, то дрэвам.

Сёння Заміра ўзнікла яскаўкай.

Цішук кінуўся даганяць яе, але чым хутчэй плыў, тым далела яна — паспрабуй дагані рыбіну! На шырокіх пакатых хвалях — нават не адчуваеш, што гэта хвалі: дыхае, гайдаецца мора, ды і ўсё — была відаць толькі адна яе галава, таму здавалася, што там, далёка, плыве ўжо не рыбіна, а сядзіць на вадзе чайка.

Заміра засмяялася і зноў памахала яму рукою.

— Міквархар! — гукнула яна адтуль і з радасцю паўтарыла тое ж самае, як ён і вучыў яе, па-беларуску: — Кахаю!

Яна была ў захапленні ад гэтага беларускага слова і заўсёды вымаўляла не саромеючыся, ведаючы, што яго тут ніхто не зразумее.

Да Цішука Заміра вярнулася сама і неўзабаве плыла ўжо побач з ім.

— Глядзі, — прамовіла яна і, прыгожа склаўшы вусны, ласкава падзьмула на ваду.

І на вадзе, якая, нягледзячы на тое, што мора дыхала, была спакойнаю-спакойнаю, з’явілася мноства пацерак — яны не танулі і не лопаліся, стаялі на паверхні, як на нечым цвёрдым, і промні, пераліваючыся, зіхацелі ў іх.

Лёгенька падзьмуў на ваду і ён, і перад ім таксама наўскоквала безліч бісерынак, якія раскаціліся ў розныя бакі і застылі, супакоіліся на паверхні.

Так і плылі яны ў адкрытае мора, гонячы перад сабою, нібы які статак дзіўных незямных істот, чародку цікаўных, засцярожлівых пацерак. Адны ўсё ж лопаліся ад іхняга руху, другіх яны падміналі пад сябе, але на іх месцы з’яўляліся новыя — нараджэнне пацерак забаўляла, і закаханыя з апантанасцю ўсё дзьмулі і дзьмулі на ваду.

На беразе, недзе ў падгор’ях ці, можа, і ў саміх гарах, пачуліся глухія, як плескачы, стрэлы.

— Страляюць? — здзівіўся ён.

— Не бойся, гэта не па нас. Гэта нашы людзі рупяцца, каб тым, хто вось зараз купаецца, было чым паснедаць.

— Проста, мусіць, палююць у горных лясах, — не згадзіўся ён з дзяўчынаю, але яна чамусьці не запярэчыла яму.

Не заўважылі, як адплыліся далёка ў мора. Бераг быў ледзь відаць, і таму ён, сцепануўшыся, сказаў:

— Заміра, вяртаемся!

І сам нырнуў, перавярнуўся пад вадою і паплыў назад.

Заміра ж уся яшчэ жыла морам, рухам, насалодаю. Ён убачыў, што ёй не спадабалася яго прапанова, яна праплыла яшчэ крыху наперад, а затым нехаця, паволі, вялікім кругам, пачала разварочвацца, каб плысці ўслед за ім.

На пірсе ўжо лябёдкаю спускалі белы катамаран, ужо раздзіраў спакойнае мора новенькі чырвоны катэр, а за ім, увесь у вадзяных пырсках, імчаў на водных лыжах загарэлы спартсмен.

Да берага Заміра не даплыла. Ён і сам не ведае, як і калі яна знікла: толькі што была побач, а ўжо нікога нідзе не відаць. Адно тая ж плямка святла, тая ж яскаўка правяла яго аж да самага краю вады.

Сама ж на бераг, зразумела, не выйшла.

Заміра заўсёды не толькі з’яўлялася, але і знікала нечакана.

Той дзень блакітныя медузы — ці то яны і напраўду былі блакітныя, ці то здаваліся такімі ад марской вады,— па нейкіх сваіх прыкметах адчуўшы набліжэнне шторму, сплыліся да самага берага. Праз іх ніяк нельга было прабіцца на чыстую ваду — вялікія і лабастыя, з сінімі крыжамі на макаўцы і гэткімі ж сінімі аблямоўкамі, яны, нібы марскія міны, прыліпалі да цела і, уджаліўшы чымсьці — чым і як яму было незразумела,— паволі, не спяшаючыся, пукатымі лбамі наперад ішлі ў глыбіню, ды так спакойна і абыякава, што здавалася, зусім не варушацца махры іхніх мантый.

Калі рука трапляла нечакана па медузе спераду, уражваў халодны, непрыемна гладкі, нібы цэлулоідны, лоб, здзіўляла мускулістая і пругкая маса, якая звычайна, у меншых асобін, бывае студзяністаю. Калі ж пальцы натыкаліся на няроўныя, карабацістыя, слізкія шчупальцы, рабілася вельмі агідна, і ён таропка, як ад нечага брыдкага, хутчэй адымаў руку.

Медузы былі падобныя на званы ці на парасоны, яму ж усе яны чамусьці нагадвалі атамны выбух.

Таму Цішуку недарэчна здавалася, што яны ў нечым вельмі вінаватыя. А калі адна з іх нахабна чыркнула яму па барадзе і, апёкшы, ужо збіралася ўцякаць у глыбіню, ён, як калісьці ў дзяцінстве па носе сябрам, даў ёй пстрычку ў самы крыж. І дзіва дзіўнае — яе нібы паралізавала. Яна аслабла, расплылася, паднялася амаль на паверхню і ляжала зараз без аніводнага руху — як нежывая. А каля яго раптоўна з’явілася вельмі многа медуз — ці то яна паспела даць ім нейкі кліч, каб выручылі альбо хоць адпомсцілі за яе, ці то яны сплыліся сюды выпадкова. Медузы прыліпалі да цела і балюча джалілі — скура аж саднела ад апёкаў. Яны, здавалася, прыўзнімаюць яго з вады, нібы выштурхоўваючы на паверхню.

І тады з’явілася Яна.

— Навошта ж ты іх крыўдзіш? — яшчэ здалёку незадаволена спыталася дзяўчына.

Заміра плыла ў яго бок, і медузы быццам расступаліся перад ёю. Падплыла да пакрыўджанай — медуза, нібы мёртвая, усё яшчэ ляжала на паверхні, — дакранулася да яе рукою, і тая, як бы прачнуўшыся, паволі пачала сыходзіць на глыбіню.

Заміра і для яго расчысціла праход — на бераг ён плыў за ёю, па чыстай вадзе.

Выйшаўшы з мора, Цішук тут жа лёг на мокрае каменне. Адчуваў слабасць і дужа вялікую стому. Усё цела балела, саднела — як усё роўна нехта без шкадавання нахвастаў яго крапівою. Заміра сядзела побач і моўчкі вадзіла пальчыкамі па чырвоных плямах, якія асталіся ад апёкаў — здавалася, што на іх месцы вось-вось ускочаць пухіры. Ён таксама ляжаў ціха, задумаўшыся, а затым, як успомніўшы што, спытаўся:

— Заміра, а крапіва ў вас ёсць?

— Вядома, ёсць!

— Пойдзем пашукаем.

— Навошта табе крапіва? Хочаш, лепей лаўравішню пакажу? Алеандры, магнолію?

— Пакажы мне крапіву.

— Тады хадзем, — Заміра ўзяла яго за руку, ён лёгка падняўся на ногі і пайшоў за ёю, пругкай і вытачанай, як рыбіна, — нават дзіўна было, што яна чамусьці не ў вадзе, а крочыць поплеч з ім па пяску.

Дзяўчына павяла яго на тую алейку за бамбуковымі зараснікамі, па якой ён колькі разоў на дзень хадзіў на пляж і вяртаўся адтуль назад у санаторый.

Там, між кустоў вузкалістай пампаснай травы і дзіўных кактусаў, якія, нібы скавароднікі, ляпіліся адзін на адным, пад самшытавымі дрэвамі з маленькімі, як у чарнічніку, лісточкамі і пад шыракалістымі, нібы павыразанымі, кронамі інжыра шукалі яны крапіву і не знаходзілі.

А Заміра сцвярджала:

— Яна ёсць.

Супакойвала:

— Знойдзем.

Нарэшце знайшлі нейкую траву, падобную на крапіву, але гэта была не жыгучка — на лісці яны не ўбачылі натапыранага пуху, тых валаскоў, якія якраз і стрыкаюцца.

— Зірні лепей сюды, — гледзячы ўгору, паказала яна.

Ён таксама падняў вочы і адразу ж над несапраўднаю крапівою ўбачыў маленькае дрэўца. Гэта была магнолія. Яе ўпрыгожвала вялікая белая кветка, і ён нават сам сабе падумаў: глядзі ты, такая малеча, а ўжо цвіце, а потым зразумеў, што гэта чужая кветка — павітуха абвілася вакол магноліі і зацвіла якраз пасярод бліскучых, нібы памасленых кім, лістоў.

— А дзе крапіва? — з настойлівасцю вар’ята пытаўся ён.

— Будзем шукаць.

Каля нейкага невялічкага дрэўца з цёмна-зялёным лісцём яны натрапілі на дзялянку святаянніку, і ён узрадаваўся траве — яна ж расце і на яго лузе! Але Заміра, нібы знарок адцягваючы яго ўвагу, паказала:

— А гэта цытрус. Ты ніколі не бачыў, як растуць мандарынкі?

Ён, змусіўшы сябе, пільна ўгледзеўся на невысокае, быццам куст, дрэўца, па цёмна-зялёным лісці якога толькі што слізгануў позіркам, убачыў на ім яшчэ больш цёмныя плады, памацаў іх — цвёрдыя-цвёрдыя! — управіўся нават падумаць: «Калі толькі яны паспеюць?» і, крыху памаўчаўшы, усё ж зацята спытаўся:

— А дзе крапіва?

Заміра насцярожана зірнула на яго, сцепанулася і ці то спыталася, ці то, наадварот, адказала сама:

— Цішук, ты засумаваў па доме.

І знікла — нібы растварылася ў зарасніках калючых жавін.

А ён стаяў і доўга безуважна, няўцямна глядзеў на чыстыя, як сляза, кропелькі расы, якія сабраліся на вострых кончыках бамбуковага лісця, і быццам бы не бачыў іх.

Яе доўга не было. Ён ужо сумаваў без дзяўчыны і кожны дзень чакаў, што яна з’явіцца.

Але Заміра не вярталася — яму ўжо здавалася, што ён страціў яе назаўсёды: Цішук не ведаў ні яе прозвішча, ні дзе яна жыве, а таму шукаць дзяўчыну было тунна і безнадзейна.

Ён зноў жа сустрэў яе нечакана — калі ішоў уночы купацца.

Начныя купанні Цішук любіў, і як толькі надаралася цёплая ноч, не раздумваючы, ішоў на мора. Хадзіў адзін і нікога не баяўся. А тут выйшаў з бамбуковых зараснікаў і аслупянеў: на беразе моўчкі, не варушачыся, стаяла шмат людзей. Хто яны і чаму, сцішыўшыся, стаяць? Куды глядзяць, каго чакаюць? Нейкі час ён і сам баязліва прыглядаўся, а тады рашуча пайшоў да людзей — не заб’юць жа яны яго, не з’ядуць... Калі падышоў бліжэй, зразумеў, што гэта не людзі, і ледзь не рассмяяўся — нейкі жартаўнік наставіў стаўма абгладжаныя морам ствалы дрэў, што, выкінутыя папярэднім штормам, ляжалі на беразе...

Яму здалося — за адным з гэтых дрэў нешта мільганулася. Цішук не сумняваўся, хто там мог быць.

— Заміра! — ціха, ласкава паклікаў ён. — Дзе ты?

— Ака вар! — адказала яна і неўзабаве напраўду выйшла да яго, кінулася ў нецярпліва разведзеныя рукі...

Потым яны купаліся — адны на ўсё мора.

Вада здавалася зусім чорнаю, і таму дзіўна было бачыць, як у гэтай вадзе мітусяцца мірыяды яркіх іскрынак. Адны ўвачавідкі знікалі, другія тут жа нараджаліся, усе яны раіліся, кружыліся, мільгацелі, і яму мроілася, што гэта вялікая папуляцыя жывых светлякоў святкуе нейкае сваё свята. Мітуслівыя агеньчыкі аставаліся на руках нават тады, калі іх вымалі з вады, — глядзець, як сцякалі яны пасля разам з кроплямі, было вельмі цікава і нязвычна.

Усё яе цела было ў гэтых зваблівых іскрынках. Ён спрабаваў лавіць іх, пяшчотна здымаць з яе вуснаў, атрасаць светлякоў з плячэй. І хоць гэты занятак быў, канечне ж, смешнаваты і марны, яму было прыемна дакранацца да яе цела, і ён зацята маліў бога, каб чароўная ноч доўжылася ўвесь час.

За два тыдні адпачынку на поўдні амаль усе яго мазалі размякчыліся ў марской вадзе, злезлі, змыліся, і ён зараз адчуваў, як яму насалодна гладзіць далікатнымі далонямі яе пругкае, гарачае і ў вадзе цела. Адчуваў, што і ёй гэта прыемна — яна замаўкала, сцішана слухала яго рукі і ўздрыгвала адно тады, калі мазалі, тыя, што асталіся, усё ж чапалі, драпалі яе цела, але яму здавалася, што дрыжыць яна не толькі ад гэтага.

Ён зусім не памятае, дзе яны потым дзеліся.

Здаецца, яна поўнасцю ўвайшла ў яго, а ён — у яе.

Ачуўся Цішук на беразе. Па ім усё яшчэ мітусіліся іскаркі, і ён доўга не мог уцяміць, што гэта такое. І толькі потым разабраўся, калі ўбачыў, як шчыруе над морам поўня,— то ж яе святло іграе ў кроплях марской вады, што засталіся на целе.

Потым Заміра зноў знікла.

Ён купаўся, загараў і ўсё чакаў яе.

Нашэсце медуз пацвердзіла прыкмету — яны і сапраўды прывялі за сабою шторм. Праўда, невялікі, але ўсё ж мора тры дні бушавала.

У шторм і ён далёка не заплываў, і яна не прыходзіла.

А калі стыхія супакоілася, Цішук адчуў, як усе папярэднія дні яму не ставала волі, прасторы, сапраўднага руху, і ён адразу паплыў вітацца з маяком. Гэтую прагулянку ён любіў: заплываў далёка, кіламетры за тры, у мора, аж пакуль з-за мыса, з-за стромаў не паказваўся маяк, казаў яму «Добрай раніцы!» і, палюбаваўшыся, як той, нібы адказваючы яму, плюскае і ў раніцу светлавым вокам, вяртаўся назад. І на гэты раз, павітаўшыся з маяком, Цішук ужо збіраўся паварочваць да берага, калі неспадзявана, зусім нізка над ім праляцела чайка — хоць ты хапай яе за крыло! — і ўпала на ваду недзе ззаду.

І адразу ж адтуль, куды яна ўпала, пачулася:

— Дзіла швідобіса!

Ён азірнуўся — Заміра плыла да яго.

— Вось твая крапіва, — падплыўшы, працягнула яна руку з травою, але нейкая выпадковая хваля, што ўзнялася раптоўна на спакойным моры, пляснула яе па руцэ, выхапіла крапіву і панесла з сабою ўдалячынь.

— Пры чым тут крапіва? — засмяглымі, дрыжачымі ад хвалявання вуснамі прамовіў Цішук і ў вадзе абняў дзяўчыну. — Я засумаваў па табе. Ме шэн мікварх... Я цябе кахаю...

Ён нецярпліва абняў Заміру яшчэ мацней, прыціснуў да сябе так, што яна аж ускрыкнула, у шале цалаваў яе вочы, вейкі, валасы, шчокі, вусны і нават не заўважыў, што яны, абняўшыся, усё глыбей і глыбей апускаюцца ў мора — тонуць на самае дно...

Вынырнулі яны таксама адначасова, таксама абняўшыся. На паверхні яна вырвалася з ягоных абдымкаў і імкліва паплыла наперад.

— Даганяй! — адно толькі крыкнула яму.

— Куды ты?

— Адбіраць у мора тваю крапіву!

Яна, хуткая і пругкая, нібы рыбіна, плыла лёгка і жвава. Ён, як ні напружваўся, ніяк не мог яе дагнаць. Адлегласць паміж імі ўсё большала і большала. Нечакана падняліся шырокія хвалі — быццам нанова пачынаўся шторм. І калі адна хваля ўскідвала на свой грэбень яе, а другая — яго, было бачна, якая паміж імі ўвагнутая, шырокая і глыбокая, як прадонне, прастора — чамусьці з’явілася нават адчуванне, што яе ім ніколі не пераадолець. А яна плыла ўсё далей і далей і ўсё махала яму рукою — і яго клікала за сабой.

— Заміра, вяртайся назад! Міквархар! — крычаў ён ей, але яна, хутчэй за ўсё, ужо нічога не чула.

Неўзабаве дзяўчына ператварылася ў маленькую крапку. Над ёй кружыліся чайкі, многа чаек, і па іх узбуджаным лёце нельга было зразумець, ці то яны хочуць ёй памагчы, ці то, наадварот, цярпліва чакаюць, калі здарыцца нешта страшнае і непапраўнае...

Цішук, здаецца, наяве чуў, як яна крычала яму: «Ака вар!», з усяе сілы стараўся плысці хутчэй, але, нягледзячы на гэта, усё аддаляўся і аддаляўся ад яе.

Адчуваў, што ўжо выбіваецца з сіл, і разумеў, што Заміры ён не дагоніць.

І вось тады на зусім бязвоблачным небе ён убачыў нейкае дзіўнае і па форме і па колерах воблака, з якога звісаў, як рукаў, чорны і гнуткі хобат. Ён варушыўся, нібы шукаючы штосьці, імкліва спускаўся зверху ўніз і вельмі хутка набліжаўся да вады. І якраз у тым месцы, дзе ляталі чайкі і дзе плыла Заміра.

— За-а-мі-ра-ааа! — закрычаў ён з усяе сілы. — Смерч!

Яна, канечне ж, і зараз не пачула ягонага крыку, а ў гэты час хобат апусціўся да самай вады, і Цішук, адчуваючы, як халадзее сэрца, здаецца, увачавідкі ўбачыў, што зараз дзеецца ўсярэдзіне гэтай бязлітаснай віхуры...

Закруціўшы ў варонку ваду, смерч яшчэ пастаяў крыху на месцы, а затым шпарка пашыбаваў у адкрытае мора — нібыта забраў тое, што яму трэба было, і пайшоў.

— Міквархар! — услед яму роспачна закрычаў Цішук і яшчэ доўга потым чуў, як рэха вяртала яму ягоны крык — хар, хар, хар...

І ён страціў прытомнасць.

Калі вярнулася памяць, калі адплюшчыў вочы, ніякага смерчу ўжо не было. На тым месцы, куды віхор апускаў свой хобат, стаяла першародная цішыня — ні чаек, ні Заміры Цішук там не ўбачыў. Мора было ціхае і спакойнае, і яму нават здалося, што ўсё гэта прыснілася. Ён толькі дзівіўся, што і самлеўшы не патануў: як ён мог утрымацца на вадзе?!

Цішук азірнуўся, і страх нанова скаваў яго — берага нідзе не было відаць! Вакол толькі мора, і ён адзін пасярод гэтай бязмежнай вады.

Куды плысці?!

Каб адагнаць страх, ад якога пачыналі дранцвець рукі і ногі, ён пачаў угаворваць сябе: «Не хвалюйся, супакойся, знойдзеш ты свой бераг... Даплывеш...»

І тады нечакана ўбачыў страказу. І ўзрадаваўся — значыць, бераг недзе блізка, бо стракозы далёка ў мора не залятаюць, і паплыў у той бок, куды паляцела і яна.

Плыў доўга і цяжка. Нарэшце заўважыў удалечыні нейкі белы прадмет на вадзе, а за ім — вузенькую, невыразную, прывідную, як міраж, палоску берага.

Калі падплыў бліжэй, убачыў, што той белы прадмет — гэта катамаран, які, нічога не баючыся, заплыў так далёка ў мора. На ім сцішана, забыўшыся на педалі, сядзелі двое закаханых. Яны цалаваліся — што ім педалі, што ім смерч! Закаханыя, калі ён нават падплыў да іх зусім блізка, не звярнулі на яго ніякай увагі. Не заўважылі яны чалавека і тады, калі ён, пялёхаючыся, цяжка ўзабраўся на пустацелы бак, калі катамаран пад яго цяжарам рэзка нахіліўся на бок — закаханыя ўсё яшчэ цалаваліся. І толькі калі Цішук, зручней уладжваючыся, неасцярожна дакрануўся мокрай рукой да дзявочай нагі, паненка спалохана ўскрыкнула, рэзка падхапілася і, паслізнуўшыся, ледзьве не ўпала ў мора.

Ён падтрымаў яе і ціхім, даверлівым голасам супакоіў:

— Не бойцеся мяне. Я не гвалтоўнік і не прывід. Я звычайны чалавек...

Ля берага ён цяжка, як мяшок, ссунуўся з катамарана. Упаў на пясок і на доўгі час зусім адключыўся.

Калі адплюшчыў вочы, ужо вечарэла. На пляжы ён быў адзін. Не лічачы чаек, якія смела хадзілі непадалёку.

Чайкі заўсёды прыляталі сюды надвечар. Падымалі галовы, калі да іх гаварыў хто, слухалі ўважліва, глядзелі ў той бок, але блізка не падыходзілі — стаялі пакуль на месцы. Затым заклапочана ішлі па пяску, па каменьчыках, шукаючы што-небудь ядомае, што засталося пасля людзей. У вячэрніх прыцемках, калі яшчэ было сонца, але ўжо збіраўся пакрысе і морак, калі ўсё, і людзі, і камяні, станавілася двухмерным, двухкалёрным, — з аднаго боку асветленае, з другога — цёмнае, — шэрыя чайкі губляліся між камянёў, і ўжо доўга трэба было прыглядацца, каб заўважыць іх.

Яму мірсцілася чамусьці, што сярод гэтых чаек абавязкова павінна быць Яна, але птушкі не заўважалі яго, былі нейкія абыякавыя і няўцямныя, і ён зразумеў, што памыляецца, — усе яны чужыя.

На пляжы ўжо сцямнела, а Цішук усё сядзеў і чакаў Заміру. Яму здавалася, што яна з’явіцца, як заўсёды, неспадзявана і скажа: «Ака вар!»

Паляцелі ўжо і чайкі да сваіх гнёздаў ці туды, дзе яны начуюць, а ён усё глядзеў на мора і чакаў, чакаў, чакаў...

Але Заміра не прыходзіла.

Тады ён рашуча ўстаў і пайшоў на пірс.

Была ўжо ноч.

Па жалезных усходцах, моцна грукаючы, ён падняўся на салярый і таропка накіраваўся ў самы яго канец — туды, дзе вісеў белы сцяг. Цішук з сілаю садраў яго, зняў сваю чорную майку з бязглуздым надпісам: «Тахі» і за кароткія рукавы прывязаў да дрэўца.

Раніцою, калі людзі прыйшлі на бераг, яны вельмі былі здзіўлены — мора спакойнае-спакойнае, ласкавае-ласкавае, а над пірсам трапечацца чорны сцяг, які забараняе купацца. Яны ажыўлена абмяркоўвалі гэта, смяяліся, паказвалі пальцамі на сцяг, злаваліся:

— Відаць, сп’яна вывесілі.

Пазней на працу прыйшлі тыя, хто абслугоўвае салярый, таксама ўбачылі яго майку, садралі яе, і над пірсам, як і мае быць, залунаў белы сцяг.

Але Цішук зноў пайшоў на пірс, шчыра расказаў пра сваю таямніцу і папрасіў хлопцаў, каб зноў пачапілі на флагшток ягоную чорную майку. Яны злаваліся, абураліся, глядзелі на яго, як на звіхнутага, аднак усё ж, відаць, у нечым зразумеўшы, здаліся...

Увесь дзень над ціхім і спакойным морам трапятаў чорны сцяг. Людзі супакоіліся і, ужо не зважаючы на яго, бесклапотна купаліся, смяяліся, весяліліся. Праўда, сёй-той, як раней і ён сам, выказваў здагадку, што ўсё гэта не проста так, што тут, мусіць, нехта ўтапіўся, калі над такім морам вісіць такі сцяг.

Ён жа сядзеў на беразе, няўцямна глядзеў некуды далёка за небасхіл і не купаўся — вада яму была зараз непрыемная. Да канца свайго тэрміну ён так і праседзеў на беразе, так ні разу і не ўвайшоў у мора.

...Самалёт прызямліўся вельмі мякка. Чыркнулі па пасадачнай паласе колы, і ён ужо, нібыта і не быў у паветры, звыкла пабег па бетонцы. Адразу стала дрогка — колы грукалі на кожным стыку пліт.

Самалёт спыніўся далекавата ад аэрапорта. Цішук выйшаў і, пакуль усе чакалі аўтобуса, які пазніўся, адышоўся ў бок ад натоўпу. І міжволі, яшчэ не ўсведамляючы, што ён шукае, пачаў прыглядацца да травы на абочыне. Хадзіў, заглядаў нават за аэрадромныя збудаванні, шукаў за кустамі, за сігнальнымі агнямі.

І нарэшце знайшоў.

Стрыкаючы рукі, нарваў цэлы жмут крапівы, адхвастаў сябе ёю па вуснах, па руках. І, услухоўваючыся, як казыча абстрыканае цела, як набухаюць пухіры ад апёкаў, дзівіўся, што яму ўсё гэта дужа прыемна.

Пакуль ён шукаў крапіву, аўтобус прыйшоў і пайшоў — павёз пасажыраў туды, дзе выдаецца багаж. Яму давялося ісці аднаму, пешкі.

Жонка сустракала каля выхаду.

Яна кінулася да яго:

— А мы ўжо думалі, што ты не прыляцеў. Усе прайшлі, а цябе няма і няма.

Яго ўразіла гэтае «мы». Ён агледзеўся і побач з жонкаю ўбачыў маладога, пругкага мужчыну ў моднай куртачцы. Яна зразумела яго погляд, патлумачыла:

— Гэта Вася, наш супрацоўнік. Мы цябе на яго «таёце» сустракаем.

Жонка ўважліва прыгледзелася да яго твару, правяла пальцамі па вуснах.

— А гэта што ў цябе? — спыталася яна.

Цішук зразумеў, што пытаецца яна пра пухіры ад крапівы, і адказаў:

— Гэта сонечныя апёкі.

Пакуль чакалі багажу, ён уважліва прыглядаўся да іх абаіх. І ўсё ў адносінах жонкі і гэтага Васі яму не падабалася: і тое, як яны пераглядаліся між сабою, і тое, як і што гаварылі. Адчуваў, якімі блізкімі яны сталі за гэты месяц.

Таму, як толькі закружыўся транспарцёр, як толькі з’явіўся на ім знаёмы чамаданчык, Цішук хуценька падхапіў яго і ўпэўненым голасам сказаў, як загадаў жонцы:

— Я паеду аўтобусам.

І накіраваўся да выхаду.

Аўтобус ужо збіраўся адпраўляцца. Ён увайшоў у яго апошні і, убачыўшы недзе ззаду вольнае месца, не разглядаючыся, абыякава цупнуўся на сядзенне. Міжволі слізгануўшы позіркам па суседцы, здрыгануўся: побач з ім сядзела Заміра!

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 112-121
Крыніца: скан