epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Жанчына

І
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
ХІ
XII
XIII
XIV
Магістраль


 

 

Ты — женщина, и этим ты права.

 

Валеры Брусаў

 

І

Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх

Пачаўся свет — ласкавы і пакорны.

А што было, скажыце мне, да іх

У заінелай з нелюбі прасторы?

 

Як грэліся б ад позіркаў цяжкіх

Мужчыны у сваім мужчынскім горы,

Калі б цябе не выснілі вякі —

Цябе, што гэтак шчодра ўсіх адорыць.

 

Прыйшла ты — кветкі выраслі ля хат,

І гнёзды нараджалі птушанят,

цёпла стала ўсюды, нібы ў леце.

 

Мужчына усміхнуўся сам сабе,

Бо зразумеў, самотны,— за цябе

Няма нічога ласкавей на свеце!

 

 

II

Няма нічога ласкавей на свеце,

Як чуць тваё святочнае імя,

Цябе, яшчэ нядократкаю, стрэціць

І позірк сарамлівы пераняць.

 

І са спакусаю змаганне весці,

І зразумець, што свет твой — чысціня,

І лаяць вусны — іх жа не адвесці,

Іх, нібы хваляванне, не суняць.

 

Шаптаць у радасці «Кахаю» — як замову,

І цалаваць у лёце твае словы —

Мой дзень пагодзіцца ад іх, ад іх.

 

І, несучы святло тваё праз годы,

Да ісціны дайсці, што назаўсёды

З’яднала нас прырода удваіх.

 

III

З’яднала нас прырода удваіх,

Як два крылы — свайго палёту прыклад,

Як два вечназялёныя гаі,

Як хвалі дзве, што абняліся звыкла.

 

Я да цябе, сасмаглы ўвесь, прынік,

Ты да мяне, шчаслівая, прынікла,

І радасная тоеснасць, бы крык,

На ўсе вякі адна — адна! — узнікла.

 

І хто сказаў, што наш саюз — палон,

Што, нібы крыж, цяжкі і сумны ён?

Я ўсё жыццё яго гатовы несці!

 

З табою не цяжкі ніякі крыж:

На нас, сівых, ты строга паглядзіш —

І мы дабрэем пры табе, як дзеці.

 

IV

І мы дабрэем пры табе, як дзеці,

І галаву кладзём табе ў прыпол.

Мы, неслухі, даёмся нават песціць

І зла не заўважаем навакол.

 

І супакойваемся ў ціхай песні

Ад свету тлумнага, што меле нас на змол.

І нават чуем, як далёка дзесьці

Спадае ліст, бы мятлушка, на дол.

 

Калі ж ты і параніш нас, бывае,

Сама і лечыш — хутка зажывае,

Як ты душы кранешся, ран саміх.

 

І зноў ля нас засвецяць шчодра промні,

І мы тады з удзякаю успомнім:

Тваё жыццё — як бліскавіцы міг.

 

V

Тваё жыццё — як бліскавіцы міг.

Да войнаў — землятрусаў нечаканых —

Праводзіш ты мужоў, сыноў сваіх,

А сустракаеш — немасць пахаванак.

 

Свой чорны жаль на свята хоць здымі,

Ідзі на хрэсьбіны — у смех гулянак...

Хай крэматорыяў жахлівыя дымы {дымы

}Мінаюць новых дзетак і каханых!

 

Ідзі, прымай жа новых немаўлят:

Паболей свят для новых трэба хат —

Застолле кожнае цябе прывеціць.

 

Твая прысутнасць нам спакой дае.

Як вочы добрыя і светлыя твае,

Твая усмешка век нам цёпла свеціць.

 

VI

Твая усмешка век нам цёпла свеціць,

І мы ідзём на гэтае святло.

Зімою ад яе, збудзіўшы вецце,

Давер’е — наша дрэва — скрозь цвіло.

 

І дзе б мы ні ўмярзалі на планеце —

Каханне ўсюды гнёзды ў нас віло.

Праз турмы, голад, холад, ліхалецце

Тваё святло дадому ўсіх вяло.

 

Вярталіся, адвыклыя, мы з войнаў

І слухалі, як у цішы спакойнай

Твой шэпт ля вуснаў радасна прыціх.

 

Усмешка плакала твая ад шчасця,

Што мы, мінаючы усе напасці,

Спяшаем да цябе з нягод усіх.

 

VII

Спяшаем да цябе з нягод усіх,

Каб бачыць, як твае світаюць вочы,

Каб груз нялёгкі радасна насіць —

З сабой насіць і дні твае і ночы.

 

Мы не баімся рук тваіх зусім,

Калі яны абвіць нас шчыра хочуць.

Мы ведаем, ты волю нам дасі

І ласку ў сарамлівасці дзявочай.

 

Каханне — клетка? Дык такой бяды —

Хутчэй туды, хутчэй хачу туды,

Абы з табой — хай і ў няволю, ўрэшце...

 

Любіць цябе — як усё роўна жыць,

Нібы да сонца ліст, мой век к табе спяшыць,

Як на кругі свая спяшае вецер.

 

 

VIII

Як на кругі свая спяшае вецер,

Так мы спяшаем на твае кругі.

Цябе шукаем, дзе сляды ў суквеццях,

Дзе ў сонцы і ў дажджынах спяць лугі.

 

Як хораша, пужлівую, прыкмеціць

Там, дзе няма ні сварак, ні тугі,

Дзе мы з табой дваіх. Ды яшчэ трэці —

Вялікі свет — нам шырыць берагі.

 

Табою, сарамлівай, любавацца

І разумець, што каб табе прызнацца,

Не хопіць ва ўсім свеце, мусіць, слоў.

 

І ўчырванець у гэты міг шчаслівы;

Што сам — усё ж нячысты, памаўзлівы,

А ты — святая, як сама любоў.

 

IX

А ты — святая, як сама любоў,

Цішэеш ад абуджанай надзеі.

Адчула: за дваіх віруе кроў

І за дваіх душа ўжо ласкавее.

 

Цяжарная, нялоўкая ты зноў.

Пакорнасць светліць з-пад дрыготкіх веек.

Надзею носіш, ціхая, без слоў,

І сама з надзеяй маладзееш.

 

Хвалюешся і плачаш, можа, ўпотай —

Твае не за сябе, а за яго турботы,

Хто прыйдзе ў свет наступнікам бацькоў.

 

Даруй нам, што ў балеснасці вялікай —

Заўсёды з плачам і заўсёды з крыкам —

Раджала фараонаў і рабоў.

 

 

X

Раджала фараонаў і рабоў,

Герояў і нікчэмных палахліўцаў,

Сама ж ішла ты чыстай між вякоў

І толькі чысціні магла маліцца.

 

Мы ўсе, мы ўсе з тваіх надзей і сноў...

А ты трывожышся, табе не спіцца:

Хто ж б’ецца каля сэрца зноў —

Сусветны геній ці які п’яніца?

 

Малодзяць маці ўдалыя сыны,

І стараць — як няўдалыя яны,

Хоць і раслі аднолькава як быццам.

 

І ўсё ж раджай, жанчына, нас раджай,

Гадуй, спялі, наш вырай памнажай,

Каб жыццядайнасць не магла спыніцца.

 

ХІ

Каб жыццядайнасць не магла спыніцца,

Ты ў гэтым свеце хараства жывеш.

Пакуль ты ёсць — працяг наш будзе віцца

За далеч часу — без канца, без меж.

 

Ты неперасыхальная крыніца

І поўная заўжды — не перап’еш.

Табой ніколі нам не наталіцца.

А дзе ж шукаць ратунак смазе? Дзе ж?

 

Яно нярэдка гэтак вось бывае,

Што смага — смагу большую раджае,

Дабро — несупакоенасць дабра.

 

І мы, да слёз расчуленыя самі,

Вяселімся, што ты заўсёды з намі:

Ты — маці, жонка; ты — дачка, сястра.

 

XII

Ты — маці, жонка; ты — дачка, сястра.

Ты маеш столькі за жыццё абліччаў!

Хоць ты — такі ж, як мы, мужчыны, прах,

А ўсе цябе аздобай свету лічаць.

 

Дачку мы не стамляемся гушкаць,

З сястрой — супольнасць шчырая за звычай,

Мілуем жонку, носім на руках,

І маму, калі цяжка дужа, клічам.

 

Былі дзяўчаткамі усе бабулі,

І ўсіх дзяўчатак старасць папрытуліць:

Там вочы ўжо не так, не так гараць.

 

Але, жанчына, сумаваць не трэба:

На гэтым свеце і пад гэтым небам

Твая заўсёды гожая пара.

 

XIII

Твая заўсёды гожая пара —

Красуе і вясною і пад восень.

І павуцінкі — завязь серабра —

Цябе малодзяць, нібы маю просінь.

 

Ты не саромейся гадоў. Гадоў гара —

Нібы для нівы спелае калоссе.

Хто будзе за ўраджай сябе караць?

За тое, што жыццё, як сон, збылося?

 

І восенню суцішнай, і зімой

Нам хораша, журботная, з табой

З красы жыцця і ў старасці дзівіцца.

 

І маладую у табе спазнаць

Не перашкодзіць нават сівізна —

Дазволь, жанчына, ў ногі пакланіцца.

 

 

XIV

Дазволь, жанчына, ў ногі пакланіцца

За тое, што змагла мяне радзіць,

Што я трымаўся за тваю спадніцу,

Калі вучыўся, немаўля, хадзіць.

 

Што памагла каханню нарадзіцца,

Што навучыла ўсё вакол любіць,

Што свет адкрыла, ім дала здзівіцца,

Каб гэтым змог і ўнукаў я здзівіць;

 

Што, дзеўчанё, мяне пацалавала,

Што потым шчыра век мяне кахала —

І як нам хораша было ўдваіх!

 

Што засланяла ласкай ад няслаўя,

Што цеплыню заўсёды адчуваў я

Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх.

 

 

Магістраль

Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх

Няма нічога ласкавей на свеце.

З’яднала нас прырода удваіх,

І мы дабрэем пры табе, як дзеці.

 

Тваё жыццё — як бліскавіцы міг,

Твая усмешка век нам цёпла свеціць.

Спяшаем да цябе з нягод усіх,

Як на кругі свае спяшае вецер.

 

А ты — святая, як сама любоў —

Раджала фараонаў і рабоў,

Каб жыццядайнасць не магла спыніцца.

 

Ты — маці, жонка; ты — дачка, сястра,

Твая заўсёды гожая пара.

Дазволь, жанчына, ў ногі пакланіцца.




Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. - Мн.: Маст. літ., 1995. - 431 с., [1 л. партр.].